Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХД: міжнародныя перамовы з Лукашэнкам маюць быць толькі пасьля вызваленьня ўсіх палітвязьняў, у тым ліку з «сутак»


Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі

«Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» выдала заяву з патрабаваньнем неадкладнага спыненьня палітычных рэпрэсіяў у Беларусі і вызваленьня ўсіх палітвязьняў, у тым ліку і тых, хто знаходзіцца пад арыштам па адміністратыўных прысудах. БХД настойвае, што гэта ёсьць перадумовай для ўсякіх міжнародных перамоваў зь беларускімі ўладамі.

«Гаворка не ідзе пра спыненьне кантактаў, пра спыненьне перамоваў з рэжымам Лукашэнкі, — кажа Свабодзе сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. — Гаворка пра тое, што немагчыма паглыбляць стасункі ў такіх умовах. А сёньня беларускія ўлады хочуць новых крэдытаў, новага ўзроўню дыпляматычных стасункаў, адначасова катуючы ў вязьніцах палітзьняволеных.

Катуючы, бо ўмовы ўтрыманьня і Паўла Севярынца, і іншых палітвязьняў нават на „сутках“ можна назваць катаваньнямі, бо гэта зьдзек. Мы катэгарычна выступаем за тое, каб, пакуль ня будзе спыненая практыка масавых рэпрэсіяў, пазбаўленьня палітвязьняў усялякіх правоў, да таго часу ніякіх паляпшэньняў стасункаў з Эўразьвязам мы ня бачым магчымым».

Сустаршыня БХД Павал Севярынец быў пакараны арыштам на 15 сутак 2 траўня за акцыю 1 траўня ў Менску, а таксама за мітынг у Курапатах 3 сакавіка. Да Севярынца ў ЦІП на Акрэсьціна не пусьцілі адваката, не прынялі перадачу ад жонкі.

БХД, паводле Рымашэўскага, не называе палітвязьнямі фігурантаў справы «Белага легіёну», прытрымліваючыся пазыцыі бальшыні праваабарончых арганізацыяў («Вясна», БХК ды іншыя заяўляюць, што ў справе пакуль недастаткова зьвестак, і патрабуюць адкрытага суду). Але сам Рымашэўскі перакананы, што справа мае палітычны характар:

«Мне відавочна, што доказы КДБ будуць беспадстаўнымі, як тое было ў 2010 годзе супраць тых людзей, якія былі кінутыя за краты. Да нас прыходзіць інфармацыя з рэгіёнаў, што да людзей, сваякі якіх знаходзяцца ў вязьніцах, прыходзяць і прымушаюць даваць паказаньні супраць мяне асабіста, супраць Вольгі Кавальковай, нібыта мы рыхтавалі нейкае ўзброенае паўстаньне, каб вызваліць людзей. Такія дурацкія, абсурдныя рэчы ператвараюцца ў вэрсіі сьледчых. І гэта паказвае, што справа цалкам сфабрыкаваная.

Адназначна, што ўсіх гэтых людзей трэба вызваляць. І тых, хто арыштаваны ў „справе патрыётаў“, бо мы ня ведаем, за што затрыманыя людзі, ня ведаем, якія падставы да абвінавачаньня. Ніякіх падстаў для знаходжаньня гэтых людзей за кратамі, я лічу, няма: хай гэта будзе хоць падпіска аб нявыезьдзе, пакуль улады не прадаставяць доказаў таго, што гэтыя людзі вінаватыя. Мяркую, калі цяперашняя сытуацыя будзе працягвацца, нават у гэтым стане іх трэба прызнаваць палітвязьнямі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG