Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па цэнтры Менску прайшоў несанкцыянаваны «першамай». Фота і відэа


1 траўня — Дзень працы — ў Менску

Афіцыйныя ўлады не дазволілі лідэру «Беларускага нацыянальнага кангрэсу» Міколу Статкевічу правядзеньне 1 траўня акцыі а 14-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы. Заяўнікам іншай акцыі дазволілі толькі мітынг бяз шэсьця ў Парку дружбы народаў, ад чаго заяўнікі адмовіліся. Напярэдадні арганізатар акцыі на Кастрычніцкай Статкевіч быў затрыманы і атрымаў 5 сутак арышту.

Нягледзячы на забарону, людзі пачалі зьбірацца на Кастрычніцкай, спачатку іх тудыне пускала міліцыя. На суседніх вуліцах было заўважана шмат аўтазакаў, іншай спэцтэхнікі.

На плошчу прыйшлі палітыкі Ўладзімер Някляеў, Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, жонка затрыманага Статкевіча Марына Адамовіч, актывістка Ніна Багінская зь бел-чырвона-белым сьцягам, 84-гадовы прафэсар Мікола Савіцкі, актывісты Максім Вінярскі, Яўген Афнагель ды іншыя. Удзельнікі акцыі разгарнулі некалькі бел-чырвона-белых сьцягоў. Былі людзі і з афіцыйнымі чырвона-зялёнымі сьцягамі, а таксама з чырвоным савецкім. Міліцыянты заклікалі людзей разысьціся і пагражалі ўжываньнемм фізычнай сілы і спэцсродкаў.

Калі колькасьць удзельнікаў дасягнула сотні чалавек, на Кастрычніцкай плошчы прайшоў кароткі мітынг. На ім выступілі Някляеў, Севярынец, Сіўчык, Адамовіч. Гучалі лёзунгі «Незалежнасьць!», «Жыве Беларусь!», «Свабоду палітвязьням!», мітынгоўцы патрабавалі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і ўраду.

Праз 35 хвілінаў мітынгу калёна пачала рухацца па ходніку ўздоўж праспэкту на плошчу Незалежнасьці. Вінярскі запаліў фаер. Уздоўж праспэкту калёну суправаджала шэсьць аўтазакаў і «сінія бусы», якія ехалі вельмі павольна, сярод мітынгоўцаў ішлі «людзі ў цывільным». Насупраць будынку КДБ гучалі лёзунгі «Свабоду патрыётам!» і «Далоў КДБ!».

На плошчы Незалежнасьці каля Чырвонага касьцёлу прайшоў яшчэ адзін мітынг, на якім выступілі тыя ж самыя прамоўцы, што і на Кастрычніцкай плошчы. Някляеў распавёў пра рэзалюцыю сходу, прысутныя прагаласавалі за яе.

Паводле назіральнікаў, у акцыі ўзялі ўдзел ад 500 да 600 чалавек. Падчас акцыі затрыманьняў не было.

У Гомелі тым часам адбылася дазволеная акцыя, заяўнікам якой была партыя «Зялёныя». Але ў шэрагу гарадоў — у Гомлі, Магілёве і Слоніме, Баранавічах і Пінску, Берасьці — адбыліся прэвэнтыўныя затрыманьні актывістаў. У Баранавічах і Берасьці прынамсі 5 чалавек былі затрыманыя за тое, што трымалі ў руках чыстыя лісты паперы.

Ніна Багінская
Ніна Багінская
Марына Адамовіч
Марына Адамовіч
Павал Севярынец
Павал Севярынец
Максім Вінярскі
Максім Вінярскі

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG