Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Паўла Севярынца ў ЦІП на Акрэсьціна не пусьцілі адваката


Павел Севярынец на несанкцыянаванай вулічнай акцыі 1 траўня на Кастрычніцкай плошчы

Да сустаршыні аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца, які адбывае 15 сутак адміністрацыйнага арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсьціна ў Менску, не пусьцілі адваката. Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміла яго маці Тацяна Севярынец.

Паводле яе, на працягу шасьці гадзін адвакат чакаў сустрэчы зь Севярынцам, каб даведацца пра яго стан і пра ўмовы ўтрыманьня. Аднак яго так і не пусьцілі да палітыка, абумовіўшы адмову нібыта адсутнасьцю вольнага памяшканьня для сустрэчы, паведаміла маці Севярынца.

Учора таксама не прынялі перадачу для Севярынца ад яго жонкі, таму што яе вага была большая за дазволеную, паведаміла маці арыштаванага. Сёньня пасьля ўрэгуляваньня вагі перадача была прынятая.

Паводле Тацяны Севярынец, прысуд яе сыну будзе абскарджаны.

2 траўня судзьдзя суду Цэнтральнага раёну Менска Вікторыя Шабуня вынесла Севярынцу прысуд за ўдзел у двух несанкцыянаваных вулічных акцыях — 1 траўня на Кастрычніцкай плошчы і 3 сакавіка ў Курапатах.

Севярынец віны не прызнаў. Паводле яго, сведкі — супрацоўнікі АМАП ГУУС Менгарвыканкаму — давалі ілжывыя паказаньні. У прыватнасьці два супрацоўнікі АМАП сьцьвярджалі, што асабіста затрымлівалі Севярынца 1 траўня ў 14.30 на ўваходзе на станцыю мэтро «Кастрычніцкая». Аднак, як заявіў палітык, ён быў затрыманы пасля 15.00 на выхадзе з станцыі мэтро «Пушкінская».

Падчас пасяджэньня Севярынец прапанаваў Шабуні зрабіць «самы годны і маральны ўчынак у сваім жыцьці — звольніцца з пасады судзьдзі, каб ня ўдзельнічаць у незаконных працэсах». Пасля таго, як прысуд быў вынесены, асуджаны палітык са шкадаваньнем канстатаваў, што судзьдзя Шабуня не скарысталася гэтай нагодай.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG