Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ заклікае КДБ агучыць інфармацыю пра расьсьледаваньне «справы патрыётаў»


КДБ Беларусі, ілюстрацыйнае фота
КДБ Беларусі, ілюстрацыйнае фота

Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвярнулася ў КДБ, Сьледчы камітэт, Генэральную пракуратуру з патрабаваньнем арганізаваць прэс-канфэрэнцыю для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі і даць афіцыйную інфармацыю аб ходзе расьсьледаваньня крымінальных спраў, якія атрымалі шырокі грамадзкі рэзананс. Маецца на ўвазе перадусім лёс затрыманых у справе «Белага легіёну».

У звароце да кіраўнікоў сілавых структураў старшыня БАЖ Андрэй Бастунец падкрэсьлівае:

«Гэтым рэзанансным справам былі прысьвечаныя матэрыялы дзяржаўных СМІ (тэлеканалы „Беларусь 1“, СТВ, АНТ, газета „СБ Беларусь сегодня“ і г.д.), заснаваныя, як сьцьвярджалася ў іх, на інфармацыі сьледзтва. Пры гэтым, як правіла, не называліся ні аўтары тых матэрыялаў, ні службовыя асобы, якія далі зьвесткі ў крымінальных справах, а самі матэрыялы выглядалі часьцяком суб’ектыўнымі і аднабокімі.

Між тым агучваньне зьвестак у рэзанансных крымінальных справах павінна быць накіравана на атрыманьне грамадзянамі поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi, а не яе суб’ектыўнай інтэрпрэтацыі ананімнымі аўтарамі (п. 1 „Палажэньня аб парадку прадастаўленьня зьвестак у крымінальных справах, зьвязаных са злачынствамі, якія атрымалі шырокі грамадзкі рэзананс, і злачынствамі, якія падрываюць аўтарытэт дзяржаўнай улады, для асьвятленьня ў СМІ“, зацьверджанага пастановай Генэральнай пракуратуры, Камітэту дзяржаўнага кантролю, Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэту дзяржаўнай бясьпекі і Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь 01.10.2008 № 59/4/283/49/52).

Зьвесткі выдаюцца ў тым аб’ёме, у якім не закранаюць правоў і законных інтарэсаў удзельнікаў крымінальнага працэсу, трэціх асобаў, якія не парушаюць таямніцы сьледзтва, правоў і інтарэсаў іншых асобаў, дзяржавы (п. 27 Палажэньня). Недапушчальна агучваць у СМІ на стадыі дасудовага вядзеньня крымінальнай справы матэрыялаў, якія маюць доказнае значэньне і падлягаюць ацэнцы ў судзе (п. 29 Палажэньня)».

На погляд Андрэя Бастунца, інфармацыя, якая распаўсюджваецца шэрагам дзяржаўных СМІ пра гэтыя справы са спасылкамі на крыніцы ў органах сьледзтва, не адпавядае патрабаваньням Палажэньня і парушае роўнасьць сродкаў масавай інфармацыі, а таксама права грамадзянаў на атрыманьне дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасьцi дзяржаўных органаў.

Падобным жа чынам даецца ў СМІ і інфармацыя ў справе Ю. Паўлаўца, Д. Алімкіна і С. Шыпценкі, якія ўжо больш за чатыры месяцы ўтрымліваюцца пад вартай па абвінавачаньні ў распальваньні нацыянальнай варожасьці ў матэрыялах, разьмешчаных на сайтах расейскага інфармацыйнага агенцтва «Рэгнум» і шэрагу іншых СМІ. Гэтая крымінальная справа таксама выклікае грамадзкі рэзананс пры мінімальнай афіцыйнай інфармацыі пра ход расьсьледаваньня.

У сувязі з выкладзеным кіраўніцтва БАЖ просіць:

• Найхутчэй арганізаваць прэс-канфэрэнцыю (брыфінг, сустрэчу з журналістамі) з удзелам прадстаўнікоў усяго спэктру беларускіх СМІ, на якой даць афіцыйную інфармацыю аб ходзе расьсьледаваньня гэтых крымінальных спраў.

• Пры расьсьледаваньні рэзанансных спраў забясьпечваць роўны доступ да значнай інфармацыі сродкам масавай інфармацыі ўсіх формаў уласнасьці, забясьпечваючы тым самым прынцып роўнасьці СМІ і празрыстасьць дзейнасьці дзяржаўных органаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG