Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька арыштаванага па справе «Белага легіёну» напісаў ліст у КДБ: «Ганаруся сваім сынам»


Віктар Данілаў, арыштаваны па справе «Белага легіёну»

«За дзесяцігодзьдзе мой сын Віктар падрыхтаваў фізычна моцных і стойкіх хлопцаў, неабходных нашай Радзіме. За гэта ў нас саджаюць у турму? Мой сын не парушаў закон», — гэтак піша ў сваім лісьце да старшыні КДБ, а таксама ў Сьледчы камітэт і Пракуратуру Беларусі жыхар Менску Канстанцін Баўтрук.

Ягоны сын Віктар Данілаў — фігурант справы «Белага легіёну», паводле якой у вязьніцах трымаюць ня менш як 18 чалавек. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў незаконным узброеным фармаваньні і падрыхтоўцы да беспарадкаў. Віктара Данілава арыштавалі яшчэ перад Днём Волі. Зь ягонай хаты забралі і паказалі па БТ прадметы, частку якіх сьледчыя лічаць баявой зброяй. Бацька маладога чалавека з гэтым нязгодны і кажа, што доказы сынавай віны маглі сфальшаваць:

«Мой сын Віктар з 16 гадоў займаецца спортам і зьяўляецца трэнэрам па фізпадрыхтоўцы. Рэчы, якія знайшлі ў нашай кватэры па вуліцы Маякоўскага, — гэта макеты і муляжы зброі, бо мой сын захапляецца ваеннай гісторыяй, зьбірае тэматычную літаратуру і вайсковую атрыбутыку. Мне незразумелыя дзеяньні Вашых супрацоўнікаў, зьвязаныя з затрыманьнем, ператрусам, арыштам, выстаўленьнем абвінавачаньня. Усе рэчавыя доказы, сабраныя ў нашай кватэры, ляжалі там гадамі і выкарыстоўваліся ў навучальных мэтах. Іх шмат разоў бачыў участковы інспэктар, які аглядаў раз на паўгода дазволеную зброю (2 паляўнічыя стрэльбы) і сэйф для іх захоўваньня. Камуфляжнае адзеньне выкарыстоўвалася маім сынам для спартовых заняткаў (раней для гэтых мэтаў выкарыстоўваліся спартовыя штаны і спартовыя майкі)», — піша старшыні КДБ Валеру Вакульчыку бацька фігуранта справы Канстанцін Баўтрук.

Аўтар ліста мяркуе, што патрэбная экспэртыза адабранай у ягонага сына зброі, і просіць правесьці гэтую экспэртызу як мага хутчэй. Таксама Канстанцін Баўтрук дамагаецца спатканьня з сынам, як найхутчэйшага разбору справы і зьмены меры стрыманьня для сына на час сьледзтва.

«Ганаруся сваім сынам», — дадаў Канстанцін Баўтрук да тэксту ліста, які ён пераслаў карэспандэнту Свабоды.

Віктара Данілава трымаюць у СІЗА КДБ. Паводле бацькі, на ўмовы і харчаваньне ён ня скардзіцца, але паведаміў, што некалькі лістоў, пра напісаньне якіх ён ведае, да яго ня трапілі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG