Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ двум затрыманым у справе «Белага легіёну» выставілі абвінавачаньне ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў


Віктар Данілаў

Да 16 чалавек павялічыўся сьпіс затрыманых у справе «Белага легіёну», пра якіх сваякам, адвакатам і праваабаронцам вядома, што ім выстаўлена абвінавачаньне па 3 частцы 293 артыкула КК — гэта навучаньне і падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках. Цяпер да сьпісу дадаліся Віктар Данілаў і Андрэй Дундукоў.

Пра тое, што Віктару Данілаву выставілі абвінавачаньне, карэспандэнту Свабоды паведаміла ягоная нявеста Юля Букштыновіч.

«Учора маці Віктара размаўляла з адвакатам, які прыйшоў з КДБ, і той паведаміў, што абвінавачаньне выстаўленае. Сказаў яшчэ, што псыхічны стан Віктара нармальны, ніякіх гістэрык, трымаецца добра. Больш інфармацыі няма. Раней я атрымала ад яго ліст. Ён паведаміў, што зь ім усё нармальна, шмат чытае, у прыватнасьці Бальзака, ні на што ня скардзіўся», — кажа Юля Бурштыновіч.

Андрэй Дундукоў
Андрэй Дундукоў

Пра абвінавачаньне, выстаўленае Андрэю Дундукову, паведаміла Ніна Шыдлоўская.

«Размаўляла з жонкай Андрэя, і тая сказала, што прыйшоў ад яго ліст, у якім Андрэй паведаміў, што і яму выставілі абвінавачаньне. Усё астатняе як ва ўсіх».

Такім чынам, сьпіс тых, каму выстаўлена абвінавачаньне паводле 3 часткі 293 артыкула, выглядае цяпер гэтак:

  1. Аляксей Абрамаў
  2. Андрэй Бяляўскі
  3. Юры Гурын
  4. Віктар Данілаў
  5. Зьміцер Дашкевіч
  6. Андрэй Дундукоў
  7. Іван Кавальчук
  8. Андрэй Комлік-Ямацін
  9. Міраслаў Лазоўскі
  10. Мікалай Міхалькоў
  11. Дзьмітры Новік
  12. Яўген Палтаржыцкі
  13. Сяргей Пальчэўскі
  14. Уладзімер Румянцаў
  15. Сяргей Стрыбульскі
  16. Аляксандар Яўдаха

На сайце КДБ дагэтуль афіцыйна не пацьверджана выстаўленьне абвінавачаньняў затрыманым у справе «Белага легіёну».

Апошні ў сьпісе затрыманых па справе «Белага легіёну» — Віктар Мароз, якога супрацоўнікі КДБ затрымалі 3 красавіка. Зьвестак пра ягонае далейшае працэсуальнае становішча пакуль няма.

9 з раней затрыманых грамадзян цягам апошніх дзён былі вызваленыя. Апошнім адпусьцілі Сяргея Кулініча з партыі «Народная грамада».

Паводле 3 часткі 293 артыкула КК пагражае да 3 гадоў пазбаўленьня волі.

Фігуранты справы «Белага легіёну»

Што такое «Белы легіён»

XS
SM
MD
LG