Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец у турме на Акрэсьціна, 2 траўня — суд


Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, які зьнік пасьля першамайскай акцыі ў Менску, знайшоўся ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.

Пра гэта паведамляе прэсавая служба БХД. 2 траўня яго будуць судзіць у судзе Цэнтральнага раёну Менску. Час пачатку паседжаньня пакуль невядомы.

«Павал Севярынец на Акрэсьціна. Суд заўтра ў Цэнтральным», — паведаміла жонка палітыка Вольга Севярынец.

Вось што раней Свабодзе паведаміў сустаршыня БХД Дзяніс Садоўскі:

«Перад тым, як пайсьці на акцыю, Павал пакінуў тэлефон дома, таму сувязь зь ім фізычна немагчымая. Усе мы бачылі, што ён гэтую акцыю годна правёў. Апошні раз яго бачылі, калі ён разьвітаўся з усімі і пайшоў у бок станцыі мэтро Кастрычніцкая. Ён плянаваў ехаць дадому. Таму ёсьць вялікая верагоднасьць, што ён затрыманы».

***

Афіцыйныя ўлады не дазволілі лідэру «Беларускага нацыянальнага кангрэсу» Міколу Статкевічу правядзеньне 1 траўня акцыі а 14-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы. Напярэдадні арганізатар акцыі на Кастрычніцкай Статкевіч быў затрыманы і атрымаў 5 сутак арышту.

Нягледзячы на забарону, акцыя на Кастрычніцкай адбылася. Калі колькасьць удзельнікаў дасягнула сотні чалавек, на плошчы прайшоў кароткі мітынг, на якім выступілі Някляеў, Севярынец, Сіўчык, Адамовіч. Гучалі лёзунгі «Незалежнасьць!», «Жыве Беларусь!», «Свабоду палітвязьням!», мітынгоўцы патрабавалі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і ўраду. Пасьля мітынгу калёна пачала рухацца па ходніку ўздоўж праспэкту на плошчу Незалежнасьці. Насупраць будынку КДБ гучалі лёзунгі «Свабоду патрыётам!» і «Далоў КДБ!».

На плошчы Незалежнасьці каля Чырвонага касьцёлу прайшоў яшчэ адзін мітынг, на якім выступілі тыя ж самыя прамоўцы, што і на Кастрычніцкай плошчы. Паводле назіральнікаў, у акцыі ўзялі ўдзел ад 500 да 600 чалавек. Падчас акцыі затрыманьняў не было.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG