Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія вынікі сьвяткаваньня 1 траўня ў сталіцы на заклік Беларускага нацыянальнага кангрэсу і яго лідэра Статкевіча?

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.

Дракахруст: 1 траўня шэраг прафсаюзных і палітычных арганізацыяў меркавалі правесьці шэсьце ад Акадэміі навук да парку Бангалор і мітынг у парку. Сярод арганізатараў былі Беларускіх кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, АГП, партыя «Справядлівы сьвет», Рух «За Свабоду». Гарвыканкам не дазволіў шэсьце, даўшы згоду толькі на мітынг на Бангалоры. У адказ арганізатары адклікалі сваю заяўку, адмовіўшыся і ад мітынгу.

Беларускі нацыянальны кангрэс і яго лідэр Мікола Статкевіч заклікалі людзей прыйсьці на маёўку на Кастрычніцкую плошчу. Статкевіч, як і раней, прынцыпова не падаваў заяўку на правядзеньне акцыі, спасылаючыся наўпрост на права, замацаванае ў Канстытуцыі. Напрыканцы мінулага тыдня, напярэдадні акцыі Статкевіч раптоўна зьнік, але потым «знайшоўся» ў турме на Акрэсьціна. Высьветлілася, што ён таемна быў асуджаны на 5 сутак адміністрацыйнага арышту.

Магчыма, сёньняшняя акцыя, рэакцыя на яе ўладаў — элемэнт гандлю з Захадам

Сытуацыя ў нечым нагадвае тую, якая склалася напярэдадні Дня волі. Арганізатары акцыі, якія падавалі заяўку, нарэшце адмовіліся ад яе з прычыны дзеяньняў гарвыканкаму. Статкевіч зьнік напярэдадні акцыі, якую ладзіў ён і яго паплечнікі. Гэтым разам ён знайшоўся раней, чым тады. 1 траўня ў 14 гадзінаў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску сабраліся некалькі соцень чалавек. Сярод удзельнікаў акцыі быў адзін з лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Ўладзімер Някляеў, сустаршыня БХД Павал Севярынец, кіраўнік Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч, актывістка Ніна Багінская.

Варта сказаць, што сёньняшняя акцыя не была прадухіленая ад пачатку, месца правядзеньня сходу не было заблякаванае, як тое было 25 сакавіка, сход фактычна ўдалося правесьці, дзесьці праз паўгадзіны ад пачатку мітынгу яго ўдзельнікі рушылі шэсьцем на плошчу Незалежнасьці. Шэсьце таксама не было прыпыненае. Каля паўтысячы чалавек дайшлі да Чырвонага касьцёлу, дзе Павал Севярынец абвясьціў завяршэньне мірнай акцыі пратэсту. Уладзімер Някляеў распавёў пра рэзалюцыю сходу, прысутныя прагаласавалі за яе.

Хада менскай акцыі — кантраст з дзеяньнямі паліцыі ў Расеі ў мінулую суботу

Сытуацыя аказалася падобнай на тую, якая была ў пэрыяд лібэралізацыі са жніўня 2015 году па люты 2017 году, калі недазволеныя акцыі былі адносна нешматлікія, пры гэтым яны не разганяліся і не суправаджаліся хапуном. Але тады, пасьля некалькіх акцыяў людзі ўсьвядомілі, што хапуну ня будзе, што ўлада дзейнічае па-новаму. Цяпер, пасьля падзеяў 25 сакавіка, былі падставы меркаваць, што рэакцыя ўладаў будзе зусім іншая. І тым ня менш некалькі соцень чалавек не пабаяліся выйсьці на плошчу. Але менавіта столькі.

Магчыма, сёньняшняя акцыя, рэакцыя на яе ўладаў — элемэнт гандлю з Захадам, дэманстрацыя гнуткасьці, частковае вяртаньне да парадкаў пэрыяду лібэралізацыі. Хада менскай акцыі — кантраст з дзеяньнямі паліцыі ў Расеі ў мінулую суботу, дзе акцыі «Надоел» разганяліся і дзесяткі людзей падчас іх былі арыштаваныя.

Таксама сёньня ў сталіцы прайшлі дазволеныя сьвяткаваньні, зладжаныя ФПБ і праўладнай камуністычнай партыяй.

Карбалевіч: Афіцыйна ў Менску 1 траўня было адзначана наступным чынам. Міністар працы і сацыяльнай абароны Касьцевіч, кіраўніцтва ФПБ усклалі кветкі ля стэлы «Менск — горад-герой», а затым сьвяточныя мерапрыемствы працягваліся ў парку Перамогі. Як зьвязана 1 траўня з сымбалямі перамогі ў вайне, незразумела.

Маўляў, калі ўсім паведаміць, што галоўны арганізатар сядзіць за кратамі, то людзі ня прыйдуць на плошчу

Чальцы камуністычнай партыі Беларусі ўсклалі кветкі і правялі мітынг каля помніка Леніну на плошчы Незалежнасьці. Зьвярну ўвагу, што мерапрыемства правялі не гарадзкія ўлады, а чальцы палітычнай партыі. Улады нават не хаваюць, а дэманструюць рознае стаўленьне да розных палітычных і грамадзкіх арганізацый. Цэлай групе апазыцыйных партыяў і арганізацыяў не дазволілі сабрацца каля Акадэміі навук, а вось адной КПБ дазволілі правесьці мітынг на цэнтральнай плошчы сталіцы. Варта адзначыць, што ўлады памянялі тактыку адносна спосабу нэўтралізацыі Міколы Статкевіча. На Дзень Волі праваахоўныя органы не прызнавалі, што затрымлівалі яго, такім чынам яны імкнуліся дыскрэдытаваць Статкевіча. Маўляў, глядзіце, заклікаў да акцыі, а сам недзе схаваўся. Цяпер прызналі, што Статкевіч затрыманы, атрымаў 5 сутак. Такім чынам улады імкнуліся спыніць акцыю на Кастрычніцкай плошчы. Маўляў, калі ўсім паведаміць, што галоўны арганізатар сядзіць за кратамі, то людзі ня прыйдуць на плошчу.

Але можна сказаць, што акцыя атрымалася. Калі казаць пра колькасьць удзельнікаў, то яна вярнулася да сытуацыі, якая была паўтары гады да пачатку «маршаў недармаедаў». Калі казаць пра дзеяньні ўладаў, то можна адзначыць, што сёньня быў «разгул дэмакратыі».

У адрозьненьні ад 25 сакавіка ўлады дазволілі, хоць і з перашкодамі, сабрацца на Кастрычніцкай плошчы і прайсьці шэсьцем аж на Плошчы Незалежнасьці. Напярэдадні акцыі ў гэта было цяжка паверыць. Адным з вынікаў акцыі стане яшчэ большы раскол апазыцыі. Я сам чуў ад Статкевіча, што цяпер, пасьля забароны Менгарвыканкамам шэсьця ад Акадэміі навук, у яе арганізатараў няма іншага выйсьця, як заклікаць сабрацца на Кастрычніцкай плошчы. Але гэтага не адбылося. І Някляеў папракнуў тую частку апазыцыі ў слабасьці.

Улада паказала, што пакуль можа спыніць нарастаньне акцыяў сваім брутальным адказам

Цыганкоў: Улады прымаюць рашэньне пра сваю рэакцыю ў тым ліку і падчас самой акцыі, і шмат у чым гэта залежыць ад таго, колькі людзей зьбярэцца. Відавочна, пасьля жорсткага хапуну 25 сакавіка адбыўся пэўны пералом. Можна дакладна казаць, што на дадзены момант ужо атрыманы адказ на пытаньне, ці створаць недармаедзкія акцыі эфэкт сьнежнага камяка. На дадзены момант — не. І пераломам была жорсткая рэакцыя ўладаў 25 сакавіка. Далейшыя акцыі пасьля гэтага — і 26 красавіка, і 1 траўня — ужо адбыліся пры мінімальнай колькасьці ўдзельнікаў.

Улада паказала, што пакуль можа спыніць нарастаньне акцыяў сваім брутальным адказам. Сёньня на акцыі на Кастрычніцкай былі ўжо пераважана палітычныя загартаваныя актывісты. А тыя людзі, якія выходзілі на сацыяльныя маршы ў сакавіку, ужо не выходзяць. Магчыма, тут і страх, і нявер’е, што гэта нешта зьменіць, а таксама — негатоўнасьць да доўгай палітычнай барацьбы.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG