Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самалётам, які парушыў паветраную прастору Беларусі, кіраваў грамадзянін Даніі


За штурвалам лёгкаматорнага самалёту P46T, які на мінулым тыдні ўзьляцеў з аэрапорту Вільні і парушыў паветраную прастору Беларусі, быў грамадзянін Даніі. Пра гэта інфармагенцтву BNS паведамілі ў прадпрыемстве Oro navigacija і ў Адміністрацыі грамадзянскай авіяцыі Літвы.

Як перадае delfi.lt, выканаўца абавязкаў гендырэктара Oro navigacija Міндаўгас Густыс сказаў, што самалёт, які ўзьняўся зь лётнішча, парушыў указаны ў палётным пляне маршрут — даляцець да мяжы зь Беларусьсю і вярнуцца.

«Самалёт P46T (пазыўны N600EU) згодна з палётным плянам ляцеў з трэніровачнай мэтай па маршруце Вільня - Лаварас - Котавас - Вільня. Аб палёце быў праінфармаваны кіраўнік Менскага сэктару палётаў „Паўночны“. Аднак пілёт ня вытрымаў маршрут і, пралятаючы над кропкай Лаварас, заляцеў на тэрыторыю Беларусі. Яму неадкладна было загадана разьвярнуцца і ляцець на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі, што і было зроблена», — адзначыў Густыс.

У Беларусі парушэньне было зафіксавана ў сярэдзіне дня 19 красавіка. Самалёт заляцеў углыб тэрыторыі на 8 кілямэтраў, але праз тры хвіліны разьвярнуўся і пакінуў паветраную прастору краіны.

Як удакладніў намесьнік дырэктара Адміністрацыі грамадзянскай авіяцыі Альвідас Шумскас, разам з датчанінам у кабіне ляцеў грамадзянін Літвы, які плянаваў набыць гэты самалёт.

«Пілёт быў адзін — грамадзянін Даніі. Гэта быў дэманстрацыйны палёт для патэнцыйнага пакупніка зь Літвы. Як яны патлумачылі, загаварыліся, адзначаючы перавагі самалёта, і нечакана пераляцелі беларускую мяжу», — сказаў Шумскас.

Беларускія дыпляматы ўручылі ноту пратэсту амбасадару Літвы ў Менску Андрусу Пулокасу, а кіраўнік літоўскага МЗС Лінас Лінкявічус запэўніў, што Вільня пасьля ўсебаковага расьсьледаваньня інцыдэнту падрыхтуе адказ.

Напярэдадні зьнешнепалітычнае ведамства Літвы заявіла, што лёгкаматорны самалёт не стварыў пагрозы нацыянальнай бясьпецы Беларусі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG