Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі дэпутат прапануе напалохаць ЭЗ другім Чарнобылем, каб спыніць будаўніцтва Беларускай АЭС


Эгідыюс Варэйкіс, архіўнае фота

Падчас дыскусіі ў Эўрапейскім інфармацыйным бюро Сэйма Літвы ў пытаньні будаўніцтва ў Беларусі Астравецкай АЭС, кіраўнік парлямэнцкага камітэту замежных справаў Эгідыюс Варэйкіс заявіў, што галоўнае ў гэтым пытаньні ня толькі адпаведнасьць патрабаваньням і рэкамэндацыям.

Дэпутат Варэйкіс перакананы, што пытаньне будаўніцтва АЭС — палітычнае, таму трэба ня толькі патрабаваць адпаведнасьці стандартам, трэба дзейнічаць інакш, каб Эўропа зразумела, што Астравецкая АЭС — гэта другі Чарнобыль.

«Назіраючы за тым, што адбываецца, я бачу адну мэтадычную памылку. Мы ведаем, што Беларусь — варожая ў адносінах да нас дзяржава, таму АЭС нельга будаваць. Але мы гэтага публічна не гаворым, мы кажам, што нешта ня так у паперах, дрэнны цэмэнт, не хапае нейкага дакумэнта, сьцяна занадта нізкая... Варожая дзяржава раней ці пазьней прадставіць вам усе дакумэнты, падробленыя альбо сапраўдныя, але прадставіць. У рэшце рэшт мы разьвядзём рукамі і скажам: «Што ж мы можам зрабіць, яны ўсё прадаставілі», — разважае дэпутат.

«Гэта пытаньне больш палітычнае, і асноўны інструмэнт, якім можна спыніць Астравец — гэта напалохаць Эўропу другім Чарнобылем. Эўропа павінна ў гэтым сэнсе баяцца», цытуе парлямэнтара, сябра фракцыі Саюзу сялян і зялёных Літвы delfi.lt.

20 красавіка Сэйм Літвы прыняў рашэньне абмежаваць імпарт электраэнэргіі зь Беларускай атамнай электрастанцыі, што будуецца ў Астраўцы, і іншых небясьпечных АЭС трэціх краін. Міністар энэргетыкі Літвы Жыгімонт Вайчунас раней заяўляў, што Астравецкая АЭС разам з спыненым праектам АЭС у Калінінградзкай вобласьці РФ уяўляюць пагрозу для Літвы, парушаюць Канвэнцыю аб ядзернай бясьпецы, якая патрабуе ўзгадняць выбар пляцовак з суседнімі дзяржавамі і ацэньваць іх узьдзеяньне і магчымыя пагрозы. Летась у чэрвені ўрад Літвы ўхваліў плян эмбарга электраэнэргіі, вырабленай на Астравецкай АЭС і ў іншых трэціх краінах, паводле якога яе імпарт у Літву і іншыя краіны Эўразьвязу будзе абмяжоўвацца на таргах у літоўскай зоне Nord Pool. Нядаўна Польшча заявіла, што далучыцца да гэтай ініцыятывы Літвы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG