Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьнішчальнікі F-22 перахапілі ля берагоў Аляскі расейскія бамбавікі


Зьнішчальнікі F-22 ВПС ЗША, ілюстрацыйнае фота
Зьнішчальнікі F-22 ВПС ЗША, ілюстрацыйнае фота

Два расейскія стратэгічныя бамбавікі Ту-95 былі перахопленыя зьнішчальнікамі F-22 ВПС ЗША ў панядзелак 17 красавіка ля ўзьбярэжжа Аляскі, паведамляе «Голас Амэрыкі». Пра гэта ў аўторак са спасылкай на Паўночнаамэрыканскае камандаваньне ВС ЗША паведаміў тэлеканал ABC.

Перахоп адбыўся ўвечары ў панядзелак за 180 км ад вострава Кад’як. Нягледзячы на тое, што расейскія самалёты знаходзіліся ў міжнароднай паветранай прасторы, яны заляцелі ў так званую «апазнавальную зону супрацьпаветранай абароны» ЗША, якая распаўсюджваецца на 200 міляў ад узьбярэжжа Злучаных Штатаў, адзначаюць крыніцы ў паўночнаамэрыканскім камандаваньні.

Апазнавальная зона супрацьпаветранай абароны ЗША — паветраная прастора, за якім пастаянна вядзецца назіраньне ў мэтах нацыянальнай бясьпекі. Паветраныя судны, якія ўваходзяць у гэтую зону, павінны абавязкова дакладваць авіядыспэтчарам ЗША пра сваё месцазнаходжаньне.

Між тым да вечара аўторка перахоп расейскіх бамбавікоў каля Аляскі пацьвердзілі і ў Мінабароны Расеі.

У паведамленьні расейскага абароннага ведамства гаворыцца, што 17 красавіка два стратэгічныя бамбавікі Ту-95МС авіябазы «Ўкраінка» (Амурская вобласьць) пасьпяхова выканалі задачы паводле пляну паветранага патруляваньня. Маршрут палёту праходзіў праз нэўтральныя вады над акваторыяй Ціхага акіяну, уздоўж Алеуцкіх астравоў, адзначылі ў ведамстве, пацьвердзіўшы, што некаторы час расейскія самалёты суправаджалі амэрыканскія калегі.

Паводле некаторых паведамленьняў амэрыканскіх СМІ, у перахопе расейскіх бамбавікоў, акрамя зьнішчальнікаў F-22, таксама браў удзел самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня ВПС ЗША Boeing E-3 «Сэнтры».

Усе самалёты ЗША вылецелі з авіябазы Элмэндорф, разьмешчанай на Алясцы. Як паведамляецца, расейскія і амэрыканскія самалёты ляцелі паралельнымі курсамі каля 12 хвілін. Пасьля гэтага абодва Ту-95 разьвярнуліся і накіраваліся назад, у бок Расеі.

Як адзначаюць крыніцы, што цытуюцца амэрыканскімі СМІ, расейскія самалёты ўжо даволі даўно не правакавалі амэрыканскіх вайскоўцаў сваім набліжэньнем да межаў ЗША. Апошні інцыдэнт такога роду адбыўся 4 ліпеня 2015 году, падчас сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці ЗША. Тады былі зафіксаваныя зносіны паміж расейскімі пілётамі, якія наблізіліся да берага штату Каліфорніі, і іхнымі амэрыканскімі візаві. Расейскія пілёты, не заходзячы ў амэрыканскую паветраную прастору, павіншавалі амэрыканскіх калегаў са сьвятам.

Вайскоўцы ЗША, а таксама экспэрты, лічаць такія паводзіны Расеі правакацыйнымі і інтэрпрэтуюць іх як імкненьне Крамля прадэманстраваць Захаду сваю сілу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG