Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міраслава і Сьвятланы былі пляны: вясельле, рамонт, адпачынак. Іх замянілі на СІЗА, сьледзтва, перадачы


Міраслаў Лазоўскі

Партрэт вязьня СІЗА КДБ Міраслава Лазоўскага, арыштаванага ў справе «Белага легіёну», вачамі ягоных найлепшых адвакатаў — нявесты Сьвятланы і сябра дзяцінства Сяргея Нікалайчука.

«Працуе на будучыню краіны», «Мае вялікую падтрымку людзей», «Надуманая інтэрпрэтацыя фактаў пра «Белы легіён», — так кажуць блізкія пра арыштаванага КДБ былога намесьніка старшыні «Белага легіёну» Міраслава Лазоўскага.

Коратка пра Міраслава і ягоную справу

Міраслаў Лазоўскі, кнігавыдавец.

Нарадзіўся 10 ліпеня 1973 году ў Менску. Мае вышэйшую адукацыю інжынэра. Працаваў экспэдытарам.

Ад 1995-га да пачатку 2000-х гадоў быў у спартова-патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён». У сакавіку 2000 году за ўлётку «Белага легіёну» стаў першым асуджаным за «дзейнасьць ад імя незарэгістраваных ці неперарэгістраваных палітычных партыяў, прафэсійных саюзаў ці іншых грамадзкіх аб’яднаньняў».

Працуе памочнікам дырэктара выдавецтва «Кнігазбор». Адзін з заснавальнікаў ваенна-гістарычнай сэрыі кніг «Беларусь у войнах». Першая кніга з гэтай сэрыі аўтарства Зьмітра Матвейчыка была прысьвечаная паўстаньню 1863 году.

Міраслаў Лазоўскі (зьлева)
Міраслаў Лазоўскі (зьлева)

За некалькі дзён да Дня Волі 25 сакавіка 2017 Міраслаў Лазоўскі паведаміў, што ягоны профіль у «Фэйсбуку» быў узламаны. Невядомая асоба ад ягонага імя распаўсюджвала інфармацыю пра падрыхтоўку да вулічнай акцыі 25 сакавіка.

Увечары 21 сакавіка ў менскай кватэры Міраслава Лазоўскага адбыўся ператрус. Сам Міраслаў пры ператрусе прысутнічаў. Яго прывезьлі людзі ў масках, ён быў моцна зьбіты.

У Камітэце дзяржаўнай бясьпекі пачалі крымінальную справу па факце навучаньня і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК). КДБ назваў Міраслава Лазоўскага кіраўніком «Белага легіёну».

Свабода сустрэлася зь нявестай Міраслава Лазоўскага Сьвятланай і сябрам дзяцінства «легіянэра» Сяргеем Нікалайчуком. А таксама ўзяла камэнтар у колішняга ачольніка «Белага легіёну» Сяргея Чыслава (Бульбы), які цяпер жыве ва Ўкраіне.

Сьвятлана просіць пакуль яе не фатаграфаваць і не раскрываць прозьвішча, каб ня мець праблемаў на месцы працы.

Сьвятлана дэманструе падлеткавыя забаўкі Міраслава — усё зрабіў сам
Сьвятлана дэманструе падлеткавыя забаўкі Міраслава — усё зрабіў сам

Сябар дзяцінства

Сяргей Нікалайчук: «Ведаю пра Міраслава практычна ўсё. Першы чалавек, зь якім пазнаёміўся ў школе; увесь час былі за адной партай. Дагэтуль найлепшыя сябры».

Сяргей Нікалайчук і Міраслаў Лазоўскі ў школе ў 1980-я
Сяргей Нікалайчук і Міраслаў Лазоўскі ў школе ў 1980-я

Сяргей Нікалайчук: «Узялі рэальныя факты пра „Белы легіён“ (аб прапагандысцкім фільме на БТ. — РС). Хлопцы займаліся вайскова-спартовай падрыхтоўкай.

Езьдзілі ў суседнюю краіну, дзе легальна працуюць ціры для страляньня з сапраўднай зброі. Дык гэта і для грамадзян Беларусі легальна. Можна ва Ўкраіну паехаць, можна ў Літву. Вунь абвесткі ў Менску пра заняткі па тактычнай стральбе, дзе залік здаецца ў Вільні з агнястрэльнай зброі.

Вывучалі гісторыю Беларусі, выхоўвалі сябе і моладзь патрыётамі.

Усё гэта сапраўдныя факты, якія „Белы легіён“ ніколі не ўтойваў. А вось у інтэрпрэтацыі ўся сутнасьць. Матывы дзейнасьці „Белага легіёну“ абсалютна надуманыя».

Сьвятлана: «Сьмешна, што падчас ператрусу ўсё тыкалі камуфляжам, які знайшлі. Дык так шмат хто ходзіць».

Сяргей Нікалайчук: «У камуфляжы рыбакі, паляўнічыя, ды проста працуюць на зямлі ці на будоўлі. Я сам часьцяком бываю на прыродзе ў камуфляжы зь сякерай і нажом — вогнішча пад шашлыкі раблю. Дык што ў гэтым такога?»

Што цяпер адбываецца

Сяргей Нікалайчук: «Ляжаў у КДБ матэрыял. Чаму яго цяпер прымянілі? Адкуль каманда „фас“? Як варыянт — гэта нізавыя дзеяньні сілавікоў, каб апраўдаць сваё існаваньне. Маўляў, „мы работаем“. Такі матэрыял лёгка скарміць.

Справа шытая белымі ніткамі. Некампэтэнтнасьць? Наўрад ці.

Як варыянт, адчуваньне абсалютнай беспакаранасьці. Тады гэта замова зьверху».

Сяргей Нікалайчук
Сяргей Нікалайчук

Асоба

Сьвятлана: «Калі пачала знаёміць зь сябрамі, казалі, што ў Міраслава вельмі добрыя вочы».

«Перад тым, як мы сталі парай, я ведала Міраслава гадоў сем-восем. Мы працавалі ў адной фірме. Я на „нізавым“ узроўні, на вытворчасьці, а Міраслаў „зьверху“, з офісу. Заўжды са мной вітаўся, што не тыпова для „белай косткі“ з мэнэджараў.

Сяргей Нікалайчук:

„Міраслаў ахвяраваў кар’ерай, асабістымі жаданьнямі, каб зь яго гледжаньня дапамагаць дзяржаве“.

Вырасьлі ў Менскім раёне Захад. Вучыліся ў Палітэхнічным інстытуце (цяпер БНТУ). Міраслаў — на факультэце робататэхнікі».

Міраслаў-студэнт
Міраслаў-студэнт

Захапленьне

Сяргей Нікалайчук: «Міраслаў ніколі нікога не пакрыўдзіў, ня ўдарыў. Усім дапамагаў. Неагрэсіўны. Можа ўскіпець толькі ў зацяжной спрэчцы на тэму, якую любіць — гісторыя Беларусі. Асабліва пра напалеонаўскую вайну, якой прысьвяціў увесь вольны час, пачынаючы са старэйшых клясаў школы.

У школе прагульваў урокі, каб... больш часу пасядзець у бібліятэцы.

Міраслаў у дзяцінстве
Міраслаў у дзяцінстве

У інстытуце таксама палову вольнага часу праводзіў у Нацыянальнай бібліятэцы».

Сьвятлана: «У нас дома ўся літаратура толькі пра Напалеона (у 1812-м на тэрыторыі Беларусі. — РС). Калі прыяжджаў з кніжных кірмашоў з-за мяжы, прывозіў горы кніг на тэму. Яркія вочы, гарачыя. Са школы захапленьне гісторыяй».

Сяргей Нікалайчук: «Нядаўна за свае грошы Міраслаў набыў артэфакты, якія адносяцца да частак ВКЛ у напалеонаўскай арміі 1812 году.

Прапанаваў падараваць аднаму зь менскіх музэяў пры ўмове, што будзе створаная пастаянная экспазыцыя пра тую вайну. Музэй зацікавіўся прапановай.

Таксама за свае грошы замовіў вядомаму мастаку, які займаецца рэканструкцыяй уніформаў, дзьве карціны на тэму войскаў ВКЛ».

Ідэя Міраслава

Сяргей Нікалайчук: «Для Міраслава дзяржава заўжды на першым месцы. Галоўнае — будаваньне дзяржавы, а не барацьба з Лукашэнкам. Міраслаў ніколі не ішоў у палітыку і не зьбіраўся.

Галоўнае для Міраслава — працаваць на будучае пакаленьне.

Прапагандаваць культуру, гісторыю. Гэта самае галоўнае. Паспрабаваць ня страціць краіну.

Апошнія гады распаўсюджвае кніжкі беларускіх пісьменьнікаў. Ня хочуць браць (на рэалізацыю. — РС). Асабліва на пэрыфэрыі баяцца. Як чуюць, што беларускія аўтары — «Цішэй, цішэй!». Ня могуць сфармуляваць, што тут кепскага, але «лепш ня трэба».

«Белы легіён»

Міраслаў Лазоўскі, архіўнае фота
Міраслаў Лазоўскі, архіўнае фота

Сяргей Чыслаў: «Арганізацыя самараспусьцілася пасьля прыняцьця паправак у Крымінальны кодэкс пра „дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі“. Мы перад тым карысталіся юрыдычным казусам — для аргкамітэту ня быў абмежаваны час дзеяньня. Таму былі ў статусе аргкамітэту па стварэньні арганізацыі.

Як самастойная структура на той час мы ня бачылі патрэбы сябе разглядаць, бо тады дастаткова моцнымі былі дэмакратычныя арганізацыі (асабліва калі разглядаць іхні агульны патэнцыял). Бачылі сябе як частку агульнадэмакратычнага руху.

Мы ніколі на ўзроўні арганізацыі ня скочваліся да падтрымкі пэўных пэрсанажаў.

Хоць як прыватныя асобы сябры „Легіёну“ маглі падтрымліваць каго хацелі — гэта не забаранялася».

Падтрымка

Сяргей Нікалайчук: «Калі здарылася бяда (арышт Міраслава Лазоўскага. — РС), такая вялікая колькасьць людзей тэлефануе! Ніхто не пытае „А гэта праўда?“ (зьмест прапагандысцкіх матэрыялаў афіцыйных СМІ. — РС). Усе — „Чым можам дапамагчы?“ А ў сваёй дзейнасьці Міраслаў перасякаецца зь вялікай колькасьцю людзей».

Сваякі

Сяргей Нікалайчук: Бацька Міраслава памёр неўзабаве, як сына забралі ў «справе выбуху каля стэлы» ў 2008 годзе. Тады КДБ першы раз падняў «справу „Белага легіёну“.

Міраслаў Лазоўскі, Сяргей Чыслаў і яшчэ два чалавекі на некаторы час трапілі ў сьледчы ізалятар КДБ.

Праз чатыры гады пайшла з жыцьця маці.

З блізкіх у Міраслава засталася цётка Марыя, вельмі хворая, амаль сьляпая. Для яе Міраслаў як сын.

Міраслаў у дзяцінстве
Міраслаў у дзяцінстве

Цяпер мы зь сябрамі прыдумляем, чаму Міраслаў не тэлефануе. Але разумеем, што трэба будзе неяк сказаць».

Каханьне

Сьвятлана: «Міраслаў адразу захацеў пазнаёміцца з маімі бацькамі, каб прадэманстраваць сур’ёзнасьць намераў.

Зрабіў прапанову на другім спатканьні. Гэта мяне зьдзівіла. Крыху расьсьмяшыла, бо сьпяшаўся.

Вельмі мяне ўразіў такі эпізод.

У мяне пляменьніца ў дзясятай клясе была. Калі мы прыехалі да маіх бацькоў, яна выходзіла з дому. Убачыла нас, я прадставіла Міраслава, мы пайшлі, а пляменьніца дагнала нас і на вуха мне кажа: „Гэта твой жаніх? Выходзь замуж!“

Я чакала ад дзяўчыны-падлетка шпількі, а яна ўхваліла так адразу. Бацькам Міраслаў таксама спадабаўся.

Зьбіраліся пабрацца шлюбам сёлета.

Я чакала, калі зацьвітуць кветкі. І тады вясельле зрабіць. Было шмат плянаў на гэты год».

Пляны

Сяргей Нікалайчук: «Чалавек жаніцца зьбіраецца, пляны мае. А тут — абвінавачваньні ў экстрэмізьме».

Сьвятлана: «Пра дзіця пастаянна гаворыць. Ён расказваў, чым раней займаўся, у тым ліку пра „Белы легіён“. Але мы ў асноўным пра пляны на будучыню размаўлялі — вясельле, рамонт, адпачынак».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG