Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маё вызваленьне — гэта палітычнае рашэньне». Першае інтэрвію Бандарэнкі на волі


Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка

Пасьля трох гадоў зьняволеньня выйшаў на свабоду праваабаронца Андрэй Бандарэнка. Ён не зьбіраецца згортваць сваю праваабарончую дзейнасьць. Свае высілкі ён прыкладзе для вызваленьня свайго калегі Міхаіла Жамчужнага і адраджэньня арганізацыі «Платформ інавэйшн». Сваё зьняволеньне зьвязвае з абаронай правоў людзей за кратамі. Першае, што ён зробіць на волі, — папарыцца ў бацькавай лазьні.

Першае інтэрвію палітвязьня Андрэя Бандарэнкі на волі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:33 0:00

Бандарэнка зьявіўся на пляцоўцы перад турмой, шчыльна застаўленай спэцмашынамі, нечакана — на пачатку дзясятай раніцы. З усьмешкай на твары, крыху разгублены, Андрэй нёс у абедзьвюх руках торбы. Пабачыўшы бацьку, кінуў іх і абняў яго. Так Бандарэнкі, якія бачыліся апошнія два гады толькі ў судах, прастаялі доўга. Валер Рыгоравіч плакаў. Андрэй таксама ня ўтойваў радасьці ад сустрэчы з бацькамі і задаволенасьці выракам учорашняга суду, які апраўдаў яго і дзякуючы якому ён пакінуў турму № 4.

«Я не чакаў такога прысуду. Гэта сьведчыць пра тое, што хоць нейкія перамены ў нашым правасудзьдзі ёсьць. Наколькі гэта характэрна для ўсіх судоў, казаць складана, асабліва ўлічваючы тыя адміністрацыйныя арышты і адвольныя затрыманьні, якія цяпер адбываюцца. Але ўсё адно прыемна», — сказаў Свабодзе ў першым сваім інтэрвію на волі Андрэй Бандарэнка.

На думку праваабаронцы ягонае вызваленьне — гэта палітычнае рашэньне.

«Мне здаецца, што яно палітычнае. Дужа я сумняваюся, што без той сытуацыі, якая цяпер складваецца ў Беларусі, палітычнай сытуацыі, дужа складана было б дамагчыся станоўчага, апраўдальнага прысуду, — казаў Бандарэнка. — Менавіта паварот палітыкі краіны тварам на Захад і стаў асноўнай яго прычынай».

Cустрэча з бацькам
Cустрэча з бацькам

«Што далей? Будзеце працягваць сваю праваабарончую дзейнасьць ці забудзеце гэтую старонку вашай біяграфіі?»

«Нічога забываць я ня буду», — адрэагаваў суразмоўца.

«Найперш у „Плятформе“ існаваў прынцып „Мы сваіх не кідаем“, таму пытаньнем № 1 будзе змаганьне за вызваленьне Міхаіла Жамчужнага. Надалей „Плятформа“ будзе працягваць займацца сваёй прафэсійнай дзейнасьцю. А таксама паставіць кропку на тых псэўдаправаабаронцах, якія садзейнічалі майму арышту, арышту Міхаіла Жамчужнага і развалу „Плятформы“; зьнішчэньню найбуйнейшай у Беларусі праваабарончай арганізацыі, якая займалася абаронай правоў асуджаных і спробай выдаць сваю псэўдаарганізацыю, якая нібыта займаецца абаронай правоў чалавека».

Апошнія амаль паўтара года Бандарэнку ўтрымлівалі ў магілёўскай турме № 4. З ініцыятывы адміністрацыі папраўчай установы Сьледчы камітэт распачаў быў крымінальную справу супраць асуджанага як злоснага парушальніка рэжыму адбыцьця пакараньня.

Яму інкрымінавалі другую частку артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу. Вязьню пагражалі дадатковыя два гады калёніяў.

За дзень да тэрміну вызваленьня Ленінскі раённы суд Магілёва апраўдаў падсуднага. Судзьдзя Сяргей Мазураў ня ўгледзеў у дзеяньнях Бандарэнкі складу злачынства. Дзяржаўны абвінаваўца ж прасіў для Бандарэнкі год пазбаўленьня волі.

«Што найбольш цяжкое для вас было ў зьняволеньні?»

«Псыхалягічны і маральны ціск. Пастаянныя пагрозы і неабходнасьць быць у бясьпечным месцы (два з паловай гады я правёў у адзіночнай камэры). І гэта было самым цяжкім», — адказаў Андрэй Бандарэнка.

Турма за гадзіну да вызваленьня Бандарэнкі
Турма за гадзіну да вызваленьня Бандарэнкі

У Бабруйскай калёніі іншыя вязьні надалі яму статус асуджанага, паводле турэмнай субкультуры, з абмежаваньнямі ў правах, што пагражала ягонаму здароўю і жыцьцю. Пасьля гэтага Бандарэнка знаходзіўся на асаблівым рэжыме адбываньня пакараньня.

«Як сталася, што апынуліся ў такім становішчы?»

«У самой пэнітэнцыярнай сыстэме пры адсутнасьці кантролю звонку, грамадзкасьці створаныя ўсялякія магчымасьці ціску на любога чалавека, любога нязгоднага, хто выяўляе хоць якую ініцыятыву, спрабуе бараніць свае правы. У маім выпадку быў зразумелы ціск, — як помста за тое, што рабіла „Плятформа“, — казаў вызвалены праваабаронца. — І з майго пападаньня ў Бабруйск, калі была распаўсюджаная інфармацыя і на мяне спрабавалі навесіць пэўныя крымінальныя статусы для таго, каб я ня мог нармальна існаваць ва ўмовах калёніі. Усё было загадзя пралічана, што я вымушаны буду знаходзіцца ў бясьпечным месцы».

Андрэй Бандарэнка адзначае: было зразумела, што супраць яго распачнуць крымінальную справу паводле 411-га артыкулу, як па злосным парушальніку рэжыму. І гэтую справу, кажа ён, распачнуць менавіта тады, калі яго перавядуць на турэмны рэжым.

«Мы да гэтага рыхтаваліся ад пачатку. Ведалі, што так будзе. Паспрабавалі пазьбегчы, але, вы ж бачыце, што не ўдалося. Шляхам фальшаваньня справу ўсё роўна распачалі, што ёсьць характэрным момантам для самой сыстэмы. Калі б не грамадзкасьць і не тая сытуацыя, у якой апынуўся Лукашэнка, яго патрэба ў дэманстрацыі павагі да правоў чалавека, то сёньня я б рыхтаваўся на «строгую зону».

Сьледчы, дзяржаўны абвінаваўца ды сьведкі-турэмнікі ня здолелі даказаць сыстэматычныя парушэньні Бандарэнкам рэжыму. У выніку ён быў апраўданы. Вырак стаўся нечаканым для тых, хто прыйшоў, каб падтрымаць Бандарэнку, і ён сам не спадзяваўся на апраўдальны прысуд.

Паводле былога вязьня Магілёўскай турмы № 4 першае, што ён зробіць, прыехаўшы дахаты, гэта папарыцца ў бацькавай лазьні.

Пакуль журналіст гутарыў з Андрэем, ягоны бацька нэрваваўся. Ён ня ўтойваў, што чакае правакацыяў, у выніку якіх сын зноў можа апынуцца за кратамі. Пра гэта Валер Рыгоравіч казаў праз тэлефон сваёй дачцэ Алене за пятнаццаць хвілінаў да вызваленьня Андрэя. Паводле Бандарэнкі-старэйшага сын яму званіў з турмы ўвечары 30 сакавіка. Казаў, што чакае вызваленьня, але пэўнага часу не паведаміў.

За гадзіну да вызваленьня Андрэя на стаянцы ля турмы зьявіўся пост ДАІ. Журналісты ўжо ведаюць, што пост выстаўляецца, калі вызваляюць палітычных альбо калі іх судзяць за калючым дротам. Тое было падчас суду над Мікалаем Дзядком. Ягоную справу паводле 411-га артыкулу разглядалі ў закрытым рэжыме ў гэтай жа турме. Тое ж назіралася, калі ў гэтай турме сядзеў Мікалай Статкевіч ды чакалі вызваленьня Артура Фінкевіча.

На той пляцоўцы праходжваліся хлопцы ў цывільным. Незадоўга да выхаду Бандарэнкі на волю да турмы пад’ехаў бусік з АМАПам. Падчас гутаркі з Андрэем інцыдэнтаў з супрацоўнікамі папраўчай установы і міліцыяй не было. Турэмнікі зь цікавасьцю назіралі за тым, як былы асуджаны расказвае пра свой нявольніцкі лёс.

Андрэя Бандарэнку ў 2014 годзе прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненьні да трох грамадзян і асудзілі на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Часткова Бандарэнка прызнаў віну, але сьцьвярджаў, што пакаралі яго ў выніку правакацыі. Паводле амністыі пакараньне яму было скарочанае на год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG