Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч пра рэпрэсіі: Самы самагубчы варыянт, які ўлада магла выкарыстаць


Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч называе рэпрэсіі ўлады напярэдадні Дня Волі «самагубчым варыянтам», і лічыць, што трэба «накопліваць энэргію пратэсту».

Ганна Соўсь: Амаль сем гадоў таму пасьля жорсткіх рэпрэсій пасьля выбараў 2010 году вы напісалі адкрыты ліст кіраўніку Беларусі, дзе зьвярталіся да яго як выбарніца і як пісьменьніца. Цытую: «У гісторыі застаюцца не героі „зачыстак“, а тыя, хто мудры і велікадушны. Я ніколі не была вашай прыхільніцай, але і ў рэвалюцыі таксама ня веру. Нават баюся хаосу натоўпу. Я — за эвалюцыйны шлях. І нашы людзі баяцца рэвалюцыі. Але жыць па-старому ўжо ніхто ня хоча». Што бы вы цяпер маглі сказалі ці хацелі бы сказаць Аляксандру Лукашэнку?

Гэта проста гаворыць пра бездапаможнасьць улады, больш ні пра што

Сьвятлана Алексіевіч: Я магу сказаць, што гэта самы самагубчы варыянт, які ўлада магла выкарыстаць. Гэта настолькі нечакана і настолькі самагубча, што я ніколі ня думала, што наша ўлада не мадэрнізуецца, што яна не мяняецца і не адчувае час, таму што людзі хочуць пераменаў, а замест пераменаў — арышты. Гэта проста гаворыць пра бездапаможнасьць улады, больш ні пра што. А ўладзе падаецца, што яна паказвае сілу і народ запалохвае. Нават калі людзі заўтра ня выйдуць фармальна на вуліцу, але ў галовах яны гэта як бы зрабілі. Ужо ў галовах у іх адбылося расчараваньне ўладаю,бо прэзыдэнт прыпыняе дэкрэт, а потым, як бы правакуючы народ, кажа: «Я нічога не прыпыняў». Улада хоча сказаць, што яна непахісная. Гэта немагчыма. Жыцьцё патрабуе і ад улады, і ад апазыцыі, і ад усіх быць больш плястычнай, прыстасоўвацца да часу, мяняцца разам з часам. А гэтая непахіснасьць вельмі небясьпечная, яна прывядзе да выбуху, якога па вялікімі рахунку ніхто напэўна не жадае. Бо выбух — гэта заўсёды кроў.

Я заўсёды кажу, што я магу сама пайсьці на Плошчу, але наўрад ці я каго-небудзь здольная паслаць на Плошчу

Мая асьцярога, што нашая ўлада ніколі ня сыдзе без крыві. І гэтая наіўнасьць нашага вельмі мілага Сярэдзіча, які вярнуўся такі акрылены ад прэзыдэнта і сказаў, што ён хоча безбалесна перадаць уладу, сабраць «круглы стол». Мне патэлефанавалі журналісты з Польшчы, пыталіся, як я стаўлюся, ці буду ўдзельніцай «круглага стала». Я кажу: «Круглы стол», па-мойму, у нас зьбірае толькі Ёсіф Сярэдзіч. Нічога падобнага ні я, ні народ ад прэзыдэнта ня чуем». Гэтая такая наіўнасьць, а ўлада стаіць непахісна... Але быць непахіснай — ня значыць быць той уладай, якая цяпер патрэбная.

Соўсь: У Празе падчас вашай сустрэчы з чытачамі ў чэскім нацыянальным тэатры вы назвалі рамантыкам Міколу Статкевіча. Цяпер ён бярэ на сябе ўсю адказнасьць за Дзень Волі, ён заклікае людзей не баяцца выходзіць на плошчу. Што б вы яму сказалі сёньня, калі ён ізноў гатовы ахвяраваць сабой?

Мая асьцярога, што нашая ўлада ніколі ня сыдзе без крыві

Алексіевіч: Я б сказала, што вялікі палітык павінен быць цьвярозым чалавекам, абсалютна дакладна разумець, калі людзі пачынаюць прачынацца, пачынаюць фармавацца як грамадзяне... Гэта я бачыла па тварах людзей, якія выходзілі на вуліцы ў вялікіх і малых нашых гарадах. Гэта і крызіс, і ў той жа час прыніжэньне. Што значыць дармаеды? Гэта для беларуса проста прыніжальнае слова. Пагатоў калі гэта ніякае не дармаедзтва, гэта цяжкасьць нашага жыцьця, гэта бязвыхаднасьць нашага жыцьця. Я думаю, што яго чакае вялікае расчараваньне.

Дэманстрацыя магла бы быць такой, каб улада хаця бы даведалася, што адбываецца з народам, ува што народ ня верыць, у чым расчараваўся

Я заўсёды кажу, што я магу сама пайсьці на Плошчу, але наўрад ці я каго-небудзь здольная паслаць на Плошчу, бо гэтых хлопчыкаў і дзяўчат выкінуць з унівэрсытэтаў, яны ізноў апынуцца ў іншых краінах, і зноў бедныя іхныя маці, якія іх з апошняга вучаць... Учора я ў краме сустрэла дзьвюх дзяўчатак. Бачачы, што яны купляюць толькі батон і салодкую ваду, я падышла да іх. Аказалася, што ў адной маці працуе прыбіральшчыцай, у другой тата мае таксама нейкую самую простую працу. Я ім прапанавала грошы, і яны ніяк не пагадзіліся іх у мяне ўзяць. Я пабачыла гэтую годнасьць і пабачыла, як цяжка сёньня беларусам вучыць сваіх дзяцей. Гэта было вельмі бачна. Я падумала, ці магла я гэтых дзяўчат паклікаць на Плошчу? Не, не магла. Бо я — Алексіевіч, мяне пачне ратаваць увесь сьвет, я так спадзяюся. А хто будзе ратаваць гэтых дзяўчат? Іх выкінуць з унівэрсытэту... Ужо некага з БДУ выкінулі. Ужо зьбіваюць людзей, дзьверы ламаюць...

А хто рэвалюцыяў не баіцца? Усе мы баімся рэвалюцыяў, таму што рэвалюцыі, як мы зразумелі, нічога не вырашаюць

Іншая рэч, што дэманстрацыя магла б быць мірнай. Дэманстрацыя магла б быць такой, каб улада хаця б даведалася, што адбываецца з народам, ува што народ ня верыць, у чым расчараваўся. А так яна ізноў сілай заганяе, запалохвае, і ізноў так і ня будзе ведаць, што насамрэч адбываецца ў грамадзтве. Гэта такі тупіковы шлях улады і тупіковы шлях для нас, бо мы ня можам выказацца, мы ня можам зрабіць прадстаўніцтва, якое ўжо ёсьць у народзе. Якія новыя цудоўныя абліччы зьявіліся, як цудоўна гаварылі гэтыя людзі. Мы проста ня ведаем патэнцыялаў свайго грамадзтва, ды ўлада і ня хоча ведаць. Яна тасуе адзін і той жа набор людзей як патранташ, і ўсё, больш нічога. Для мяне гэта проста трагічныя падзеі.

Соўсь: Калі я глядзела відэатрансьляцыі з «маршаў недармаедаў» па ўсёй Беларусі, мяне не пакідала ўражаньне, што гэтыя людзі, немаладыя пераважна, якія маюць цяжкае жыцьцё, у большасьці савецкія яшчэ па духу. Ці гэта вашыя героі, вашыя «чырвоныя людзі» альбо ўжо іншыя людзі?

Гэта старая форма, што вуліца ўсё вырашыць. Вуліца мае як плюсы мае, так і мінусы

Алексіевіч: Там было вельмі шмат ужо саракагадовых людзей. Я бы сказала, што менавіта іх я найбольш запомніла. Запомніла адну жанчыну-прадпрымальніцу, якая цудоўна гаварыла. Цудоўны твар і тыпаж моцнай, цікавай жанчыны. Там маладыя хлопцы гаварылі. Я больш запомніла людзей, якія склаліся ўжо ў новых умовах. Людзі складваюцца ня толькі з таго, што адбываецца ў нас у Беларусі. Ёсьць інтэрнэт, людзі езьдзяць па сьвеце, уяўляюць, што адбываецца ў сьвеце. Гэты былі новыя людзі, новыя твары... Мы спрачаемся з маёй сяброўкай цяпер, яна вельмі баіцца рэвалюцыі, вельмі баіцца Майдану. А хто рэвалюцыяў не баіцца? Усе мы баімся рэвалюцыяў, бо рэвалюцыі, як мы зразумелі, нічога не вырашаюць. Яны адкідваць наадварот грамадзтва назад.

Соўсь: Скажыце, калі ласка, што для вас асабіста значыць Дзень Волі? Што вы будзеце 25 сакавіка рабіць, пра што думаць?

Арышты — гэта не перамены

Алексіевіч: Баюся, што такая колькасьць людзей арыштаваная, што мы не даведаемся, што насамрэч думае грамадзтва і што адбываецца ў грамадзтве, таму што многія людзі ня выйдуць, канечне, на Плошчу. Генэтычны страх усё ж ёсьць у нашага народу, і так хутка ён не выветрыцца, але людзі ўсё больш набіраюць энэргію пратэсту. Мне падаецца, што апазыцыі трэба крыху пачакаць, трэба працаваць зь людзьмі. Гэта старая форма, што вуліца ўсё вырашыць. Вуліца мае як плюсы мае, так і мінусы. Мне не хацелася б расчароўваць маладых людзей, якія цяпер недзе ў інтэрнатах і дзе толькі магчыма рыхтуюцца да заўтрашняга дня. Але ўсё ж я шмат бачыла, шмат чытала, шмат адбылося ў нашай гісторыі... І калі б я была вялікім палітыкам, я ўсё ж не сьпяшалася бы. Трэба гэтую энэргію пратэсту накопліваць, яна ўжо пачала зьбірацца, але трэба яшчэ яе накопліваць, тым больш што ўлада губляе самакантроль і самае галоўнае — што нічога ня можа прапанаваць на гэты пратэст. Яна ніякіх пераменаў нам ня можа прапанаваць. Арышты — гэта не перамены.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG