Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч зрабіла першы ўнёсак за кватэру для сямʼі з 6 дзецьмі


Сьвятлана Алексіевіч зрабіла першы ўнёсак за кватэру для сям’і з 6 дзецьмі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:07:08 0:00

«Я лічу, што кожны з нас мог бы выратаваць аднаго-двух чалавек. І гэта была б вялікая справа», — у Менску нобэлеўская ляўрэатка сустрэлася са шматдзетнай сямʼёй Любові і Васіля Равенкаў. Пра гісторыю маладых бацькоў са Слоніма Сьвятлана Алексіевіч даведалася з публікацыі на Радыё Свабода.

«Я атрымала вялікую прэмію. Лічу сваім абавязкам зрабіць, як у Бібліі — „дзясятую частку аддай“, — сказала Сьвятлана Алексіевіч. — Адзінае, што я, па-першае, не люблю публічнасьці ў гэтай справе. А па-другое — гэта ж так шмат гора. Як пасьля спаць, калі табе будуць пісаць! Гэта невыносна».

Гэта далёка ня першы раз, калі Алексіевіч матэрыяльна дапамагае розным людзям. «Бяды многа, мяне гора чалавечае прыцісьне. Але калі я пабачыла камэнтары (пад публікацыяй. — РС), я зразумела, што гэта павінна быць публічна», — тлумачыць яна, чаму гэтым разам сваю дапамогу вырашыла не хаваць.

«Мы такога не чакалі ніколі. Такія камэнтары былі пад артыкулам. Ня думалі, што нам нехта дапаможа, што такі чалавек знойдзецца», — Любоў і Васіль прыехалі са Слоніма разам зь дзецьмі. Малодшаму трохі больш за два годзікі. Старэйшай — трынаццаць.

— Елізавета, Аляксандра, Кацярына, Даніл, Тацяна і малодшы Міхаіл, — называе Любоў імёны дзяцей.

— Якія імёны ў вас! Біблейскія, можна сказаць, — кажа Сьвятлана Алексіевіч.

Пра Равенкаў Радыё Свабода напісала 15 кастрычніка. Любоў распавядала пра сваё няпростае жыцьцё і пра тое, як з шасьцю дзецьмі яны дагэтуль жывуць на найманай кватэры. Каб зрабіць унёсак на ўласнае льготнае жытло, ім было трэба 3600 новых рублёў. Такіх грошай у сямʼі, дзе працуе адзін бацька, няма.

— Які ў вас заробак? — спыталася ў Васіля Сьвятлана.

— Чатыры з паловай — пяць мільёнаў, — адказвае мужчына, які працуе ў мясцовай гаспадарцы вэтэрынарам.

Любоў атрымлівае 280 дэнамінаваных рублёў дапамогі на малодшага сына, якому яшчэ няма трох.

— На ўсіх іншых пяць дзяцей разам яшчэ даюць 82 рублі, — дадае Васіль.

— Як жа цяпер пражыць на чатыры мільёны з шасьцю дзецьмі? — зьдзіўляецца Алексіевіч. — Гэта ж толькі адзеньня колькі, партфэляў!

Дом для шматдзетных семʼяў у Слоніме абяцаюць дабудаваць у студзені. Нібыта Равенкам маюць выдзеліць трохпакаёвую і двухпакаёвую кватэру. Такая магчымасьць была ў іх і летась, але тады грошай на ўнёсак яны не знайшлі. Не знайшлося іх і сёлета.

«Як гэта ў вас атрымалася так многа (дзяцей. — РС)? — пытаецца Сьвятлана. — Напэўна, гэта каханьне, інакш так многа не атрымліваецца».

Любе 31 год, Васілю — 27. Пра сваю сямʼю жанчына распавядае шчыра і падрабязна. Разам яны пяць гадоў.

«Былы муж ужываў алькагольныя напоі, — кажа яна — Я мучылася, мучыліся дзеці, я ў міліцыю зьвярталася. Я вырашыла, што лепш я адна буду зь пяцьцю дзецьмі, чым з такім мужам. Невыносна было».

У гэты пэрыяд сямʼю нават паставілі на ўлік — маўляў, у сацыяльна небясьпечным становішчы. Гэтае кляймо, кажа Люба, даводзілася здымаць зь сябе доўга, і падставаў, на яе думку, не было для яго ніякіх.

Калі пазнаёміліся з Васілём, у Любы ўжо было пяцёра дзяцей. Малодшаму Данілу — толькі сем месяцаў.

«Гэта падарунак лёсу быў мне. Сказаў: „Як пабачыў — усё. Цяпер у цябе ёсьць я, я стану для іх бацькам“, — кажа Люба. — Тата для іх аўтарытэт у сямʼі. Асабліва для Данілы. „Таго“ тату ён і ня ведае, той ім не цікавіцца. Я пакуль і не казала, што ён няродны».

Пасьля ўжо вырашылі, што трэба і супольнае дзіця, кажа Люба.

«На УЗІ са мной хадзіў, і ў паліклініку, і такі быў задаволены, калі на УЗІ сказалі „хлопчык“», — кажа яна.

«„Каханьне“, — усьміхаецца Раіса Генадзеўна, маці Васіля, якая прыяжджае з Ружанаў дапамагаць сынавай сямʼі. — Я юбілейная бабуля, у мяне ўжо дзесяць унукаў».

Любу і яе дзетак яна, кажа, прыняла адразу і цяпер дапамагае, чым можа, са сваёй пэнсіі, якую зарабіла даяркай.

«Божы дар, — кажа Люба. — І вось гэтая жанчына, якая нам цяпер дапаможа. Гэта анёлы-ратавальнікі».

За апошнія гады сямʼя Равенкаў зьмяніла некалькі найманых кватэраў. Цяпер некалькі месяцаў жывуць у прыватным доме. Тут сьціпла, чыста, ёсьць усё неабходнае, а для дзяцей завялі козаў. Старэйшыя дзяўчаткі ходзяць у школу. Кажуць, што вучацца добра, займаюцца танцамі, музыкай і маляваньнем. Малодшы Міхал з маці дома, пяцігадовы Даніла — у садочку.

«А як мясцовыя ўлады, што яны кажуць? Чаму не даюць грошай?» — пытаецца Алексіевіч.

«Яны кажуць: мы разумеем, але нічым ня можам дапамагчы, — адказвае Васіль. — Шукайце, пазычайце. Праблема ў тым, што ніхто ня хоча пазычаць, бо шасьцёра дзяцей. Дый людзі цяпер усе ў крэдытах, нават маленькую суму немагчыма пазычыць».

Мясцовыя ўлады, кажа Любоў, на першую публікацыю ніяк не адрэагавалі. Камэнтары пад артыкулам яна старалася не чытаць. У садочку сказалі, што такім артыкулам Равенкі «ганьбяць дзяцей».

«А чым я іх ганьблю, — са сьлязьмі ў голасе пытаецца Любоў. — Я што, пабіраюся? На ежу грошай ім прашу?!»

Пасьля публікацыі званок да іх быў толькі адзін — ад нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч. Хто яна такая, Любоў ня ведала.

«Пасьля стала глядзець пра яе ў інтэрнэце, якая яна мужная жанчына, што такога дабілася. Мне стала трохі сорамна, што я ня ведаю. Але я мала гляджу тэлевізар. Усё ў працы. Ня ведаю, што такія жанчыны ёсьць», — кажа яна.

«Я вам прынесла свае кнігі, — Сьвятлана Алексіевіч пры сустрэчы падарыла Равенкам два свае выданьні. — Пачытайце, што я пішу. Расьціце разумнымі, добрымі».

На разьвітаньне ўсе фатаграфуюцца разам на памяць.

«Мы нават не чакалі, што людзі адгукнуцца. Тым больш такога ўзроўню», — стрымана кажа Васіль.

«Я ўсё думала, як сябе паводзіць, — Любоў сапраўды перад сустрэчай вельмі хвалявалася. — А пабачыла — і нібыта свой чалавек, цяпер ужо частка сямʼі. Нездарма ёй далі імя Сьвятлана. Прынесла сьвятло ў наш дом».

Равенкі абяцаюць, што як толькі атрымаюць ключы, адразу пакажуць новую кватэру.

— А куды козаў падзенеце? — пытаемся мы.

— Ня ведаю, на балькон? — сьмяецца Люба. — Чужому аддаць, то не. Для дзяцей жа бралі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG