Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шэсьце 25 сакавіка адбудзецца, ад імя Статкевіча распаўсюджваюць фэйкавае паведамленьне», — Някляеў


Уладзімер Някляеў

Адзін зь лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу (БНК) Уладзімер Някляеў, знаходзячыся ў Варшаве, назваў фэйкам і правакацыяй паведамленьні пра адмену акцыі 25 сакавіка, якія распаўсюджваюцца нібыта ад імя Міколы Статкевіча.

«У сацыяльных сетках і ў Viber распаўсюджваецца фэйкавы зварот ад імя Міколы Статкевіча: нібыта Беларускі нацыянальны кангрэс адмаўляецца ад правядзеньня акцыі. Гэта ня так. Мы не адмаўляемся. І пастараемся насуперак усяму правесьці гэтую акцыю годна. І так, як мы казалі, — мірнае шэсьце з патрабаваньнем рэформаў і пераменаў у нашай краіне. Гэтыя перамены ўжо насьпелі. І іх зацягваньне пагражае будучыні нашай краіны. Гэтаксама як пагражае будучыні нашай краіны тое, што цяпер чыніць Аляксандар Лукашэнка, у якога, па-мойму, проста нэрвовы зрыў, калі ня нешта больш сур’ёзнае. Рэжым не разумее, што адбывацца ў Беларусі і ў сьвеце. Ён занепакоены толькі адным — утрыманьнем улады. Трэба застацца ва ўладзе любой цаной. Вось такая задача пастаўленая перад чыноўнікамі», — заявіў Някляеў Свабодзе.

Палітык мяркуе да заўтра вярнуцца ў Беларусь і ўзяць удзел у шэсьці:

«Мяне больш чым турбуе сытуацыя, я проста баюся за тое, што можа адбыцца ў Беларусі ў выніку правакацыйных дзеяньняў спэцслужбаў і ўладаў». Таму я не зьбіраюся сядзець у такі час за мяжой. Вяртаюся ў Беларусі і зьбіраюся быць на акцыі 25 сакавіка.

Някляеў заклікаў беларусаў ня верыць правакацыям:

«Я заклікаю беларусаў ня верыць ніякім правакацыям. Не баяцца гэтых штучных жахаў. Апроч нас ніхто нашу краіну ня выратуе, ніхто ня будзе за яе змагацца. Нягледзячы ні на што, будзьце мужныя і выбірайце тыя рашэньні, ад якіх будзе залежыць і ваш лёс, і лёс Беларусі».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG