Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі ў Дзень Волі рэжым дазволіць сабе рэпрэсіі, ён вымусіць вярнуцца да пытаньня санкцыяў», — Някляеў у Сэйме Польшчы


Уладзімер Някляеў, архіўнае фота

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці прыехалі зь візытам у Варшаву: 22 сакавіка яны сустрэліся з намесьнікам міністра замежных спраў Польшчы Марэкам Зюлкоўскім, а 23-га правялі дыскусію ў Сэйме Польшчы, перадае БелаПАН.

У складзе дэлегацыі — адзін зь лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Ўладзімер Някляеў, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, адна зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, адказны сакратар аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» (зачынены ўладамі ў 2003 годзе) Алесь Бяляцкі, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Някляеў у Сэйме заявіў:

«Усе грамадзяне Беларусі, якія трапілі пад рэпрэсіі рэжыму за ўдзел у пратэстных акцыях, — палітвязьні. Яны рэпрэсаваныя за выказваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі, за свае перакананьні. І неабходна — гэта проста абавязак заходняй дэмакратыі — усё зрабіць для таго, каб палітвязьняў у Беларусі, эўрапейскай краіне, не было. Ня толькі сёньня — ніколі».

Някляеў падкрэсьліў, што ён выступае за беларуска-эўрапейскі дыялёг, але і за «маналёг беларускага народу, за яго права свабодна выказваць сваю волю», а калі таго маналёгу не дазволяць, то ён не выключае вяртаньня санкцыяў супраць афіцыйнага Менску:

«У прыватнасьці, я не за тое, каб вяртаць санкцыі. Але калі ў Дзень Волі, у дзень нашага нацыянальнага сьвята, рэжым дазволіць сабе рэпрэсіі ў дачыненьні да яго ўдзельнікаў, ён проста вымусіць вярнуцца да пытаньня санкцыяў».

Акрамя таго, па словах Някляева, у сваіх выступах ён казаў, што трэба працягваць падтрымку незалежных СМІ.

Сын затрыманага ў Менску палітыка Вячаслава Сіўчыка кажа, што ў Сэйме першая намесьніца старшыні руху «За свабоду» Галіна Скараход расказвала пра хвалю рэпрэсіяў у Беларусі з абнаўленьнямі ў рэальным часе:

22 сакавіка МЗС Польшчы выступіў з заявай, у якой выказаў заклапочанасьць арыштамі актывістаў і журналістаў у Беларусі і нагадаў, што санкцыі былі прыпыненыя ўзамен на пазытыўныя сыгналы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG