Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрадэпутат: Менск яшчэ ня вычарпаў цярплівасьці Брусэлю


Будынак Эўрапейскага парлямэнту ў Страсбуры

Богдан Здраеўскі, старшыня Дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў сувязях зь Беларусьсю, сказаў сёньня Свабодзе, што Эўразьвяз, нягледзячы на масавыя затрыманьні ў Беларусі на гэтым тыдні, усё яшчэ спадзяецца на працяг дыялёгу зь Менскам.

Эўрадэпутат адначасова даў зразумець, што падыход Брусэлю да Менску можа зьмяніцца ў залежнасьці ад рэакцыі ўладаў на плянаваныя маршы ў Дзень Волі.

Богдан Здраеўскі (нар. 1957) уваходзіць у дэпутацкую групу Эўрапейскай народнай партыі (Хрысьціянскіх дэмакратаў) у Эўрапарлямэнце, куды быў выбраны з Польшчы ад Грамадзянскай плятформы ў 2014 годзе. Раней быў дэпутатам у польскім Сэйме (цягам чатырох скліканьняў) і сэнатарам (адно скліканьне). У 2007-2014 гг. займаў пасаду міністра культуры і нацыянальнай спадчыны ва ўрадзе Грамадзянскай плятформы.

РС: Як вы напэўна ведаеце, у Беларусі на гэтым тыдні ўлады затрымалі некалькі сотняў актывістаў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Як вы гэта пракамэнтуеце?

Богдан Здраеўскі: Сыгналы, якія даходзяць да нас зь Беларусі — несумненна трывожныя. Гэтак іх успрымае ўся група людзей, якія былі ангажаваныя ў паляпшэньне каналаў камунікацыі зь Беларусьсю. Варта ведаць, што праца для паляпшэньня адносін і будаваньня каналаў камунікацыі трывала прыблізна год, каб даць беларускаму грамадзтву альтэрнатыву фінансавай падтрымкі і альтэрнатыву заканадаўчай падтрымкі.

Здаецца, што цяпер мы маем пераломны момант. Магчыма, што гэта ня так, але ўсё паказвае на тое, што справа рухаецца ў гэтым кірунку. Найбольшыя пратэсты заплянаваныя на 25 сакавіка, на беларускае сьвята, якое не прызнаецца ўладамі. Магчыма, на нейкім этапе наступіць спыненьне гэтага працэсу разнастайных рэпрэсій, і можна будзе вярнуцца да тых размоваў, якія — падкрэсьлю — былі ўжо вельмі прасунутыя і патрабавалі шматмесячнай працы як тут у Брусэлі, так і там у Менску.

РС: Вы маглі б сказаць нешта больш канкрэтнае пра гэтыя размовы?

Богдан Здраеўскі: Я магу сказаць, што ў апошнім часе мы мелі некалькі ўзаемных візытаў, але перш за ўсё былі размовы, якія вёў камісар Ган [Камісар ЭЗ у пытаньнях пашырэньня і эўрапейскай палітыкі суседзтва Ёганэс Ган — РС]. Былі спыненыя розныя санкцыі супраць Беларусі, Брусэль адступіў ад нечага накшталт блякады на гандаль беларускімі тэкстыльнымі матэрыяламі, былі ранейшыя размовы аб фітасанітарнай ахове, былі таксама ўзаемныя рашэньні наконт памякчэньня візавых правілаў, Беларусь дэкляравала некаторыя рэформы ў сфэры асьветы згодна з Балёнскай сыстэмай. Можна сказаць, што гэтых камунікацыйных каналаў, размоваў і дэклярацый магчымай падтрымкі было шмат. Беларусь вызваліла палітвязьняў, што з гледзішча Брусэлю было вельмі важным крокам. У Палаце прадстаўнікоў апынуліся два прадстаўнікі апазыцыі. Здавалася, што наступныя крокі, асабліва перад мясцовымі выбарамі, таксама будуць мець месца.

Але цяпер мы маем сацыяльны пратэст зьнізу, у даволі вялікім маштабе, як на беларускія ўмовы. Як здаецца, улады рэагуюць досыць неадэкватна на гэтыя пратэсты, калі мець на ўвазе іх характар і значэньне. У Беларусі, як вы згадалі, затрымана больш за 200 чалавек, і цяпер усе мы зь неспакоем чакаем, што будзе 25 сакавіка — як улады адрэагуюць на гэты пратэст.

Богдан Здраеўскі
Богдан Здраеўскі

РС: Калі Брусэль памяншаў і прыпыняў санкцыі супраць Беларусі, былі галасы, якія сьцьвярджалі, што гэта ня дасьць ніякіх вынікаў. Ці ёсьць сярод эўрадэпутатаў людзі, якія кажуць, што ў адносінах да Беларусі трэба вярнуцца да цьвярдзейшай палітыкі, не да дыялёгу, а да палітыкі санкцыяў?

Богдан Здраеўскі: Сёньня — няма. Сёньня хутчэй за ўсё пераважае неспакой, назіраньне за тым, што адбываецца. Але ўсе ўсьведамляюць сабе, што той высілак, які мы ўжо зрабілі, нельга так лёгка змарнаваць. Можна сказаць, што цярплівасьць Брусэлю сёньня паддалі цяжкому выпрабаваньню, але на гэты момант яна яшчэ не зьмяняецца. Трэба адзначыць, што такія адзіночныя інцыдэнты — я не кажу тут пра масавыя затрыманьні, а пра адзіночныя выпадкі — якія датычылі «Белсату» і брутальнага абыходжаньня з журналістамі гэтага тэлеканалу — гэта вельмі дрэнныя сыгналы, але нельга іх абагульняць і нельга бачыць у іх зачэпку, каб даць задні ход і пакінуць тыя каналы камунікацыі, якія былі ўжо збудаваныя. Аднак я не выключаю, што цяперашні скептыцызм, які таксама выступае сярод эўрадэпутатаў, можа зьмяніцца ў такую рэакцыю, пра якую вы згадалі.

РС: Ці ў бліжэйшым часе на нейкім форуме ў Брусэлі будзе абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі?

Богдан Здраеўскі: Гэтая сытуацыя будзе абмяркоўвацца спачатку ў дэпутацкай групе Эўрапейскай народнай партыі, хутчэй за ўсё ў часе бліжэйшага выязнога пасяджэньня на Мальце. Але я не выключаю, што абмеркаваньне можа адбыцца раней, у нейкай рабочай групе або ў Дэлегацыі ў сувязях зь Беларусьсю, калі гэтая субота 25 сакавіка стане драматычнай. Мне цяжка цяпер казаць, наколькі драматычнымі павінны быць падзеі гэтай суботы, каб у Брусэлі былі прынятыя больш сур’ёзныя рашэньні, але я магу сказаць, што на сёньняшні дзень ахвота супрацоўніцтва зь Беларусьсю моцна не пацярпела.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG