Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карэспандэнтак Свабоды і Белсату Галіну Абакунчык і Кацярыну Бахвалаву будуць судзіць у Воршы


Галіна Абакунчык -- ляўрэатка прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці» за 2016 год.

Затрыманую пасьля «Маршу недармаедаў» у Воршы карэспандэнтку Свабоды Галіну Абакунчык будуць судзіць заўтра ў Аршанскім судзе. Ноч яна правядзе ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Пра гэта паведаміў Свабодзе дзяжурны Аршанскага РАУС.

Галіна Абакунчык была затрыманая сёньня а 14.20 па заканчэньні акцыі пратэсту ў Воршы міліцыянтамі ў цывільным і ў форме, якія не прадставіліся. Галіна вяла жывы рэпартаж з акцыі. Як распавялі сьведкі здарэньня, у пастарунак яе даставіў супрацоўнік у цывільным. Галіна запатрабавала, каб супрацоўнікі прадставіліся і патлумачылі прычыны затрыманьня. Гэтага яны не зрабілі. Пры гэтым у Галіны сілай, прыціснуўшы да сьцяны, забралі тэлефон, не далі зьвязацца з рэдакцыяй. Пасьля знаходжаньня ў пастарунку «Бабінічы» Галіну даставілі ў галоўны будынак РАУС для «высьвятленьня асобы». Допыт доўжыўся каля 6 гадзін. У Галіны было з сабою пасьведчаньне МЗС Беларусі аб акрэдытацыі і пашпарт.

У чым абвінавачваецца Галіна Абакунчык, у РАУС не змаглі патлумачыць.

А 22-й гадзіне Галіна патэлефанавала калегам ужо з ізалятару, сказала, што ёй дазволілі зрабіць званок у парадку выключэньня. Голас яе быў бадзёры, яна сказала, што яе заўтра будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

У адміністрацыі ІЧУ Воршы пацьвердзілі што Галіна Абакунчык у іх, але дэталі адміністратыўнай справы супраць яе не падалі.

Усяго ў Воршы сёньня былі затрыманыя 8 чалавек, зь іх два журналісты: Галіна Абакунчык і Кацярына Бахвалава, якая вяла жывы рэпартаж з акцыі ў Воршы для тэлеканалу Белсат.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG