Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Павінны выказацца Пазьняк, Лукашэнка і сьвятары», — Галіна Абакунчык, Наста Дашкевіч і Вольга Нікалайчык пра канфлікт у Курапатах


У новай перадачы «Толькі жанчыны» супрацьстаяньне ў Курапатах абмяркоўваюць грамадзкая актывістка Наста Дашкевіч, кінарэжысёр Вольга Нікалайчык, журналістка Свабоды Галіна Абакунчык і вядучая Ганна Соўсь.

Ганна ​Соўсь: У абарону Курапатаў гучаць многія галасы цяпер. Голасу якой асобы вам цяпер бракуе? Чый голас у абарону вы хацелі б пачуць?

Вольга Нікалайчык: Я бы хацела, каб сюды прыехаў Зянон Пазьняк.
Дашкевіч: Безумоўна, гэта можа быць голас Лукашэнкі, каб ён сказаў, што трэба спыніць будаўніцтва і зрабіць Нэкропаль.

Галіна Абакунчык: На жаль, нельга сказаць, што хацела б пачуць голас Васіль Быкава, бо яго ўжо зараз з намі няма. Хацела б пабачыць там прадстаўнікоў самых розных рэлігійных канфэсій, каб яны сабраліся і сказалі сваё слова пра гэтае ўрочышча.​

«Мы яшчэ не прайгралі гэтую вайну»

Ганна Соўсь: У панядзелак некаторы час было адчуваньне, што перамога магчымая, што будаўніцтва офіснага цэнтру атрымаецца спыніць, дзякуючы пасьлядоўнаму пратэсту грамадзкасьці. Цяпер сытуацыя зьмянілася. Будаўніцтва ў Курапатах дазволенае, і можна сказаць, узаконенае. Наколькі вялікія шанцы на посьпех гэтай акцыі цяпер і пры якіх умовах?


Вольга Нікалайчык: Зараз гэтая акцыя ня столькі супраць будаўніцтва, колькі за тое, каб мы змаглі прарвацца праз гэтую турму, праз гэтыя муры. Гэта, бадай, адзіны шанец у нас зараз, каб нас пачулі. Я не лічу, што мы прайгралі змаганьне за Курапаты. У нас яшчэ гарвыканкам у сераду, і я ня думаю, што настолькі ўсё безнадзейна. Усё ж у нас атрымалася падняць грамадзтва, актывістаў, падняць усіх нашых апазыцыйных палітыкаў. Мы яшчэ не прайгралі гэтую вайну. Тое, што мы тут знаходзімся, у любым выпадку — прарыў. Гэта шанец на тое, каб народ пачаў кантраляваць сытуацыю ў краіне, прынамсі на гэтай маленькай пляцоўцы ля Курапатаў. Тут мы адчуваем сябе пераможцамі.

«Ім не патрэбная зараз гарачая кропка»

Соўсь: Наста, ваш эмацыйны зварот у суботу многія пачулі. Як цяпер вы ацэньваеце, наколькі вялікія шанцы на посьпех гэтай акцыі, якія ўмовы для гэтага патрэбныя?

Наста Дашкевіч у Курапатах
Наста Дашкевіч у Курапатах

Наста Дашкевіч: 50 на 50. Але плюс у тым, што ўсё ў Божых руках. Шанцы ёсьць, безумоўна, і я ня вельмі скептычна стаўлюся да сытуацыі, якая склалася ўчора падчас паходу ў Адміністрацыю Першамайскага раёну. Курапаты — гэта ўсё ж моцна палітызаванае пытаньне. І чыноўнікі зьнізу, канешне, нічога не вырашаюць. Калі будзе загад зьверху, гэтыя чыноўнікі склікаюць трэцяе паседжаньне перагляду ахоўнай зоны і ўключаць туды пытаньне Курапатаў як праблемнае пытаньне. Калі трэба, будуць афармляць усе патрэбныя паперы і дакумэнты. Я таксама не заўсёды разумею ціск, што маўляў, абаронцы лягеру павінны пісаць паперы ва ўсе інстанцыі. Калі трэба гэта будзе чыноўнікам, паверце, яны ведаюць, як складаць гэтыя паперы, і яны складуць іх за нас. Гэта ня значыць, што гэтага ня трэба рабіць — трэба рабіць кожнаму тое, што можа.

Курапаты — гэта ўсё ж моцна палітызаванае пытаньне

Я лічу, што шанцы ёсьць, і трэба прыходзіць, сачыць за падзеямі, за навінамі, трэба сачыць за мабілізацыямі, якія адбываюцца. Сэнс у тым, каб накал жарсьцяў не спадаў. Калі толькі ўлада зразумее, што цікавасьць да гэтага пытаньня пачынае зьніжацца, калі яны ўбачаць, што людзей становіцца меней і яны стамляюцца, адыходзяць, замена ім не прыходзіць, тады, канешне, нашы шанцы будуць зьніжацца. Калі застанецца такая ж атмасфэра, такія ж людзі, якія заступаюцца, прыходзяць, начуюць дзясяткамі, раніцай зьбіраюцца на сходы, то я перакананая, што ўлада адступіць. Ім не патрэбная зараз гарачая кропка.

«Найважнейшая роля СМІ — паказаць гэтую гібрыдную вайну»

Соўсь: На мінулым тыдні Зьміцер Дашкевіч напісаў у Фэйсбуку: «Пакуль журналістка Радыё Свабода Галіна Абакунчык нас бароніць, мы баронім Курапаты». Як выглядае, роля СМІ надзвычай высокая ў гэтым канфлікце, абаронцы прасілі, каб прадстаўнікі розных СМІ па чарзе прыяжджалі ў Курапаты, каб тым увесь час былі журналісты. Што для вас як для журналісткі, якая ў самыя драматычныя часы працуе ў Курапатах, найбольш складана? І што найбольш цікава? Якая роля СМІ цяпер у Курапатах?

Галіна Абакунчык -- пераможца прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці»
Галіна Абакунчык -- пераможца прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці»

Галіна Абакунчык: Той выпадак, пра які ўзгадалі Зьміцер і вы, здарыўся на самым пачатку, калі а 8-й ранку каля ўрочышча знаходзілася не 30 чалавек абаронцаў, як зараз, а 3 чалавекі на чале са Зьмітром Дашкевічам. І вось гэтыя 3 чалавекі больш за 3 гадзіны трымалі гэтую будоўлю. Яна не працавала з той інтэнсіўнасьцю, зь якой пачалася гэтая будоўля, і гэтыя 3 гадзіны былі надзвычай паказальнымі. Абаронцы сталі насупраць бульдозэра і не давалі яму праехаць на будоўлю. Будаўнікі палілі, пілі каву, грэліся і ўсё стаяла.

Зьміцер сказаў, што гэта адбылося толькі таму, што стаяла журналістка, я стаяла там з відэакамэрай

Пазьней мне Зьміцер сказаў, што гэта адбылося толькі таму, што стаяла журналістка, я стаяла там з відэакамэрай. Гэта азначае толькі тое, што тыя людзі, якія прымянялі сілавыя мэтады да актывістаў, не хацелі, каб гэтыя брутальныя захады бачылі людзі, каб гэта было апублікавана і даступна шырокай грамадзкасьці. Я б ня стала перабольшваць ролю СМІ, бо калі б не абаронцы Курапатаў, то СМІ была б значна меншая роля там. Колькі б ні здымалі журналісты фота- і відэарэпартажоў каля будоўлі, калі б не актывісты, там ужо першы паверх гэтага будынку стаяў бы.

галоўная роля СМІ паказаць гэтага «ваўка ў авечай скуры»

Мне падаецца, у гэтай сытуацыя галоўная роля СМІ паказаць гэтага «ваўка ў авечай скуры». Калі кажуць, што будаўнікі напалі на актывістаў, яны іх там сілай расьцягнулі, бо гэта просты людзі, рабацягі, ім трэба заробак, а за паўгадзіны да таго на будаўнічую пляцоўку ў бытоўкі заходзіць тры асобы двухмэтровага росту ў чорным адзеньні, а выходзяць ужо ў спэцыяльнай новенькай будаўнічай вопратцы. Калі Сяргею Пальчэўcкаму кайданкі пачалі выпілоўваць ля машыны, то яго абступілі таксама людзі двухмэтровага росту ў чорным адзеньні, якія нікога не затрымлівалі, нікому не апраналі кайданкі, але працавалі локцямі і сваімі сьпінамі так, што ніякія журналісты туды падысьці не змаглі, каб пабачыць, што адбываецца. І калі да начальніка міліцыі, якога таксама ведаюць толькі зьнешне, бо ён таксама не прадстаўляўся і таксама быў у цывільным, зьвярталіся і казалі: «Забярыце вашых людзей. Што яны там робяць? Яны замінаюць працаваць журналістам». Ён адказваў: «А гэта не мае людзі, я ня ведаю, хто гэта».

У мяне быў шанец параўнаць за гэтыя 20 гадоў, як людзі ставяцца да ўлады

Найважнейшая роля СМІ — паказаць гэтую гібрыдную вайну і даць магчымасьць людзям паразважаць над заявай таго ж міністра Шуневіча, які сказаў, што супраць супрацоўнікаў міліцыі зараз распачалася інфармацыйная вайна. Хацелася б, каб людзі падумалі і пабачылі, хто распачынае, і ці вось такія дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі сапраўды зьяўляюцца гарантам міру і спакою ў краіне, як казаў міністар.

І самае цікавае для мяне ў гэтай сытуацыі — меркаваньне людзей, як мяняецца з часам грамадзкая думка. У мяне быў шанец параўнаць за гэтыя 20 гадоў, як людзі ставяцца да ўлады, ды сытуацыі ў краіне, да падзеяў. Быў такі пэрыяд, калі людзі казалі, што мы ня будзем гаварыць пра палітыку, калі гаворка пра яе заходзіла, то адмаўляліся. Наступны этап быў, калі людзі казалі, што я скажу, але ня ведаю, што будзе пасьля гэтага на маёй працы, ці мяне не прагоняць, ці мяне не пасадзяць. Зараз этап, калі людзі не кажуць пра тое, што зь імі будзе, не думаюць пра тое, ці гаварыць ім пра палітыку, яны гавораць наўпрост, адкрыта, зьвяртаюцца не агулам да нейкай абстрактнай улады, а канкрэтна да кіраўніка краіны, выказваюць свае прэтэнзіі. Не ў прыватным гэтым месцы, але агулам па эканамічнай і сацыяльна-палітычнай сытуацыі ў краіне.

«Да нас прыйдуць выступаць Кася Камоцкая, можа, і Паліна Рэспубліка»

Соўсь: У абароне Курапатаў 15 гадоў таму, калі пашыралі МКАД праз урочышча, бралі ўдзел многія дзяўчыны, разам з хлопцамі вытрымлівалі холад і ўціск. Ці шмат жанчын бяруць удзел у гэтай акцыі? Як вы лічыце, у чым перавагі жаночага ўдзелу ў абароне мэмарыялу Курапаты?

У жанчын разьвітае пачуцьцё адказнасьці за будучыню

Нікалайчык: Жанчыны — гэта неад’емная частка чалавецтва, і найлепшая, безумоўна. Што адбываецца? Салідарнасьць праз блінцы. Адна жанчына прынесла адмыслова блінцы з сырам і вяндлінаю, яна стаяла дзень ля пліты, яна не можа тут з намі быць, хатняя гаспадыня, але яна падскочыла і прынесла гэта ўсё, каб было што есьці. У яе былі такія вочы. І вось зараз стаяць перада мной некалькі жанчын, яны прынесьлі каву, гарбату, перакусіць. Сталыя жанчыны, маладыя жанчыны. Часам з намі начуюць дзяўчаты, каб было весялей нам усім і пагаварыць, і дапамагчы. І я ўпэўненая, што да нас прыйдуць выступаць жанчыны, і Кася Камоцкая, і можа Паліна Рэспубліка, мы запрашаем усіх на нашу сцэну. Жанчын шмат... Без жанчын нельга ў сьвеце. І ўсе жанчыны, якія тут, прыгожыя, мужныя, яны не баяцца ні Лукашэнкі, ні гэтых чыноўнікаў, якія забыліся, што яны слугі народу.
Учора брыдка было назіраць, як ён прымушаў у Адміністрацыі Першамайскага раёну жанчын галасаваць, нібыта яны камісія, хоць дзьве з іх не былі ў камісіі! Яны прагаласавалі пад прымусам. Я ім кажу: «Што вы робіце? Гэта крымінальная адказнасьць, злачынства. Вы будзеце сядзець, а яны будуць гуляць у сваім бізнэс-цэнтры, забаўляцца і глуміцца на касьцях бязьвінна забітых людзей!» І бачыце, гэтыя жанчыны задумаліся, і нібыта пасьля была інфармацыя, што адна зь іх ледзьве не сышла з працы і не падала заяву пра звальненьне.

У жанчын разьвітае пачуцьцё адказнасьці за будучыню. Вельмі прыемна, што сярод нас на Курапатах іх шмат, і вельмі сумна, што ўчора гэты чалавек, намесьнік старшыні Адміністрацыі, які прыняў гэтае рашэньне пра працяг будоўлі, прымусіў гэтых жанчын і сьпіхне на іх адказнасьць, а сам будзе глуміцца над памяцьцю продкаў, бязьвінна забітых сталінскім НКУС.

А я, значна старэйшая за іх усіх, як рэжысёр бачу, што яны місіянэры, што яны — любімыя дзеці Бога

Я вельмі люблю мужчын, якія з намі тут на Курапатах. Тыя людзі, якія з намі тут — гэта людзі будучыні. Сяргей Пальчэўскі — у яго вочы сьвецяцца. Уладзь Яроменка, Дзіма Дашкевіч — гэтыя хлопцы самі ня ведаюць, якую яны місію выконваюць. Яны проста жывуць гэтым, яны любяць сваю радзіму, свой народ, сваіх дзяцей, хочуць, каб яны жылі, а не ляжалі разам з бацькамі ў Курапатах. А я, значна старэйшая за іх усіх, як рэжысёр бачу, што яны місіянэры, што яны — любімыя дзеці Бога і робяць нашу будучыню такой, якой яна мусіць быць — беларускай і чалавечай.

«Дзякую ўсім, хто прымушае есьці майго мужа»

Соўсь: Наста, як бы вы ацанілі той цяжар, які кладзецца на жанчын, якія і бароняць Курапаты, і падтрымліваюць абаронцаў-мужчын?

Жаночы ўдзел у Курапатах зьмяняе атмасфэру пратэсту

Дашкевіч: Жаночая работа вельмі часта нябачная. Праўда, яна неяк застаецца за сьпінамі, не заўсёды публічная. Жанчыны, удзельнічаючы ў абароне Курапатаў, ня толькі прысутнічаюць там, ня толькі прыносяць ежу, але і чакаюць іх дома, перажываюць за іх, сушаць вопратку тых, хто там стаіць. Сотні, сотні жаночых сэрцаў зараз перажываюць за ўсю атмасфэру, якая там ёсьць. І я ведаю шматдзетных мам, якія цэлы дзень у сваіх клопатах, займаюцца дзеткамі, а ўначы, калі кладуць спаць дзяцей і пакідаюць іх з мужам, прыяжджаюць і прыносяць баршчы, як Ганна Харланчук, каб накарміць пратэстоўцаў. Жаночы ўдзел у Курапатах зьмяняе атмасфэру пратэсту. Калі прыходзяць людзі і бачаць адных мужчын, якія радыкальныя, спрачаюцца з будаўнікамі, перакрываюць дарогу — гэта адно. А іншае, калі прыходзяць людзі і бачаць там і мужчын, і жанчын, якім дапамагаюць, і жанчын, якія там клапоцяцца, і жанчын, якія ўпарадкавалі ўсю кухню. Жанчына мяняе атмасфэру ўнутры. Як ні круці, але калі яны прыходзяць і бачаць там той развал у побытавым пляне, канешне бяруцца за работу адразу!

Пакуль мужчыны ходзяць на дзяжурства, жанчыны парадкуюць кухню, прыбіраюць. Вы паглядзіце, як там усё ўпарадкавана, як там усё прыгожа ў гэтым намёце па ежы! Усё акуратна ляжыць па скрынях, усё падпісана. Я ня думаю, што мужчыны бяз іх бы так ставіліся. І яны ходзяць, бясконца прапаноўваюць есьці, глядзяць, ці не зьмерзьлі хлапцы, падносяць ім каву-гарбату, і часам нават прымушаюць. Я дзякую ўсім, хто прымушае есьці майго мужа. Гэта вялікі кавалак працы.

Шмат можа жаночае сэрца, шмат можа жаночае слова

Сапраўды шэраг дзяўчат застаецца начаваць. Гэта вельмі складана. Вы ж бачыце, якія там побытавыя ўмовы, як гэта няпроста, як там халодна. Прыяжджаюць, глядзяць, ці ёсьць паддоны, ці ўсё зручна. Вось учора мы арганізоўвалі большую колькасьць паддонаў, каб людзям не было халодна, брудна. Таму жанчыны — гэта такая апора, на чым трымаецца мужнасьць мужчын. Каб мужчыне даць магчымасьць рэалізаваць сябе, каб даць яму магчымасьць абараняць тое, што ён хоча абараняць, мусіць быць такі тыл, каторы закрывае ўсе. Роля жанчын, канешне, вялізарная, і калі нехта вагаецца і думае, ці трэба туды прыходзіць, прыходзьце абавязкова. Можна прынесьці ежу, можна забраць вопратку, можна сесьці і паразмаўляць з хлапцамі, маральна іх падтрымаць. Шмат можа жаночае сэрца, шмат можа жаночае слова, таму прыходзьце абавязкова, не думайце што там страшна. Там цудоўная атмасфэра, і кожны там знойдзе сабе месца.

«Жанчыны вельмі мужныя, адважныя і сьмелыя, і не менш, чым мужчыны»

Соўсь: Я бачыла жывы эфір з Курапатаў якраз, калі была цісканіна, калі спрабавалі затрымаць людзі ў цывільным Пальчэўскага. Галіна, вы стаялі ў самым цэнтры падзеяў і магла быць рэальная небясьпека. Якая, з вашага погляду, роля жанчыны і небясьпека, якую можа сустрэць яна ў Курапатах?

Абаронца Курапатаў прыкаваў сябе да бампэра МАЗа будаўнікоў. Відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:07 0:00
гэты штамп не ўлічвае, што насамрэч жанчыны вельмі мужныя, адважныя і сьмелыя, і не менш, чым мужчыны

Абакунчык: Тут можа сустрэць тое самае што мужчына, што жанчына, што абаронцы, што журналісты. Але іншы раз ёсьць сапраўды такі момант, калі спрацоўваюць нейкія стэрэатыпы, кшталту таго, што жанчына — гэта слабы пол, яе трэба берагчы. Як правіла, гэта ўсё адбываецца на словах. Гэта яшчэ савецкі штамп, які рэдка калі працуе, але ўсё ж спрацоўвае. Дык вось у выпадку з Курапатамі... Ён, дарэчы, гэты штамп не ўлічвае, што насамрэч жанчыны вельмі мужныя, адважныя і сьмелыя, і не менш, чым мужчыны. Вось які выпадак здарыўся ў першы дзень абароны Курапатаў, калі зламалі палатку, калі хлопцаў сілаю выштурхалі за межы тэрыторыі, тады ж выносілі палатку разам са скамечаным бел-чырвона-белым сьцягам. Дык вось адна з грамадзкіх актывістак, Алена Таўстая, актывістка руху «Разам», проста адважна кінулася на гэтых будаўнікоў, бел-чырвона-белы сьцяг вырывала з рук, каб яго не мялі і не брудзілі, і каля гадзіны стаяла ў цэнтры гэтай будаўнічай пляцоўкі адна. І гэты бел-чырвона-белы сьцяг разьвіваўся на ветры. Гэта як сымбаль нескаронасьці, нязломнасьці. Ну а падняць дух — гэта немалая справа.

«Я ня веру ў чалавечнасьць Лукашэнкі»

Соўсь: У перадачы, прысьвечанай 25-годзьдзю Незалежнасьці, я запыталася майго калегу Сяргея Навумчыка: «Які крок Лукашэнкі для вас быў бы знакам, што ён пачаў мяняцца?». Былы дэпутат Вярхоўнага Савету адказаў: «Калі б Лукашэнка прыехаў у Курапаты і пакланіўся Крыжу Пакуты». «Сёньняшнія падзеі ля Курапатаў — індыкатар «зьменаў», так напісаў Сяргей у гэтыя дні ў фэйсбуку. Ваш прагноз, не будзем казаць пра паклон, але ці хаця б наведае Курапаты Аляксандар Лукашэнка і ці гэта нешта зьменіць для ўрочышча?

Нікалайчык: Я не ўпэўненая, што ён гэта зробіць. Ён можа зрабіць гэта толькі ў складзе якой замежнай дэлегацыі, каб паказаць, што ён гэтую дэлегацыю да прыкладу з Эўропы ці са Штатаў, прымае. Я ня веру ў чалавечнасьць Лукашэнкі. Яго можа нешта прымусіць спыніць будоўлю — наш пратэст альбо якіясьці іншыя варункі. Калі чалавек ні разу не прыехаў на Курапаты — для мяне гэта знак таго, што яго зусім не цікавіць ні Беларусь, ні памяць, ні беларускі народ, які ён ня слухае, ня чуе.

Соўсь: Сёньня газэта «Советская Белоруссия» крытыкавала мясцовыя ўлады за абыякавасьць да Курапатаў. У артыкуле, прысьвечаным кругламу сталу, праведзенаму ў рэдакцыі «СБ», адзначаецца, што ўрочышча Курапаты зьяўляецца месцам «амаральных палітычных рэпрэсіяў». «Советская Белоруссия» заклікае зрабіць Курапаты месцам, якое б аб’ядноўвала ўвесь беларускі народ. Што да стаўленьня ўладаў, што да стаўленьня кіраўніка Беларусі, ці зьменіцца яно, ці мяняецца?

Дашкевіч: Лукашэнка заўсёды казаў, што пакуль гэтае месца палітызаванае, ён яго не наведае. Ён некалькі разоў падкрэсьліў, што яму з усім трэба разьбірацца, і гэта кажа той чалавек, якія мае гістарычную адукацыю. Таму я лічу, што Курапаты заўсёды будуць палітызаваныя, і пакуль памяць пра пратэсты будзе, ён туды не прыедзе.

Абакунчык: Я б ня стала прагназаваць дзеяньні кіраўніка краіны, гэта справа вельмі няўдзячная, але калі б такі крок быў зь яго боку, гэта быў бы сымбаль прымірэньня з уласным народам. Натуральна чынавенства на ўсім узроўнях настолькі прывыкла вагацца разам з лініяй, як некалі казалі, партыі, то цяпер з лініяй кіраўніка краіны, што адпаведна гэты крок быў бы пачаткам нейкага сапраўды іншага стаўленьня да Курапатаў, чым ёсьць зараз.

Соўсь: Ці былі ў вашых сямʼях рэпрэсаваныя? Ці можа хтосьці з вашых родных ляжаць у Курапатах ці іншых падобных мясьцінах Беларусі?

Канфлікт нашчадкаў ахвяраў і катаў

Нікалайчык: У маёй сям’і рэпрэсаваных няма. У мяне дзед загінуў на тэрыторыі Эўропы, калі Сталін пагнаў Эўропу акупаваць. Рэпрэсаваных няма, але гэта нічога не мяняе для мяне ў жыцьці. Я люблю беларусаў і Беларусь, гэта для мяне родныя людзі, і калі я ўяўляю, як на сьмерць ішлі сем’ямі гэтыя ні ў чым не вінаватыя людзі і пыталіся, за што іх вядуць на расстрэл. Я глядзела сьпісы. Сем’ямі расстрэльвалі. А як можна па-іншаму ставіцца, калі тваё сэрца заўжды на Курапатах? Я рабіла фільм «Голас Курапатаў» некалькі месяцаў, вечарам пад сьнегам стаяла там, здымала, і ў мяне шчыміла сэрца, я пакінула там частку сябе, я ўвесь час, калі туды прыходжу, я чую гэты боль, ён гудзіць у мяне ў вушах.

Соўсь: Вольга, ці вы будзеце рабіць фільм пра гэтую акцыю?

Нікалайчык: Матэрыялу вельмі шмат, акцыя яшчэ ня скончылася, на ўсё трэба крышачку глядзець здалёк і асэнсаваць. Калі я здолею паглядзець на гэтую сытуацыю з будучыні, я безумоўна зраблю, бо тут столькі ўсяго, тут такая праўда жыцьця, драматургія, і сьмех, і сьлёзы, і боль, і зьбіцьцё, і самаахвярнасьць. Памяць і самаахвярнасьць — гэта дзьве асноўныя рэчы, якія сёньня выратуюць Беларусь, і тут яны ёсьць.

Мой дзед распавядаў мне пра Галадамор

Дашкевіч: Так, у маёй сям’і былі рэпрэсаваныя. Мая сям’я на палову паходзіць з Украіны, на палову з Беларусі, з Магілёўскай вобласьці. Мой дзед распавядаў мне пра Галадамор, ён бачыў дзіцёнкам, як паміралі апухлыя людзі ад голаду. Мой прадзед па бацькавай лініі быў раскулачаны, сям’я яго была раскіданая, але засталіся жывыя, апроч майго дзеда, які з гароты проста сышоў у лясы і потым прыйшоў з запаленьнем лёгкіх і памёр у прабабулі на руках.

Соўсь: Часта гавораць, што вакол Курапатаў заўсёды адбываецца канфлікт нашчадкаў ахвяраў і катаў. Галіна, як з вашай сям’ёй?

Абакунчык: Так, безумоўна. Маім родным удалося выжыць, яны былі высланыя ў Сыбір, некалькі сем’яў маіх родных, братоў і сясьцёр маіх бацькоў. Яшчэ ў канцы 70-х гадоў адтуль прыходзілі прыгожыя лісты на прыгожай беларускай тарашкевіцы, з вельмі самабытнымі і прыгожымі беларускімі словамі, з чаго мы, дзеці, пацяшаліся, бо мы ня ведалі беларускай мовы, а яны ведалі яшчэ яе ў Сыбіры. Але на жаль, з таго часу нашыя сувязі абарваліся.

Найгоршы варыянт мы бачылі на Майдане


Соўсь: Вольга, Наста, Галіна, які найгоршы варыянт разьвіцьця падзеяў і які найлепшы рэальны варыянт. Чаго максымальна можна дамагчыся? А што проста пакуль немагчыма?

Нікалайчык: Найгоршы варыянт мы бачылі на Майдане, а найлепшы варыянт, калі спыніцца будоўля і міжнародны мэмарыял-магільнік Курапаты бязьвінна забітых ахвяраў сталінізму будзе прызнаны ўладамі, і дзяржава нарэшце зьверне на яго ўвагу і пачне яго бараніць.

найгоршы варыянт — гэта рэпрэсіі

Дашкевіч: Максымальна чаго можна дамагчыся з такім інфармацыйным розгаласам — гэта спыніць будаўніцтва, захаваць ахоўную зону, якая была. У пэрспэктыве прызнаньне ўладамі Курапатаў, стварэньне мэмарыялу, але без перашкоды народнаму мэмарыялу, які ўжо ёсьць. І найгоршы варыянт — гэта рэпрэсіі ў дачыненьні да тых людзей, якія там стаяць, калі разгоняць гэтую акцыю, завядуць крымінальную справу, а будаўніцтва працягнецца тут і ў іншых кавалачках Курапатаў, як яны хочуць зрабіць.

Абакунчык: Я цалкам згодная з папярэднімі выказваньнямі. Трэба стварыць у гэтым месцы нацыянальны Нэкропаль, месца для пакаяньня і нацыянальнага паяднаньня для таго, каб нацыя магла ісьці наперад.

Глядзець камэнтары (11)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG