Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Распальваньне нянавісьці», — актывіст анархісцкага руху Касінераў пра прапагандысцкі фільм на БТ


Вячаслаў Касінераў
Вячаслаў Касінераў

Карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся па камэнтар аб прапагандысцкім фільме, які быў паказаны на БТ 6 сакавіка, да вядомага актывіста анархісцкага руху, фігуранта былой справы «графіцістаў» Вячаслава Касінерава.

— Зноў пайшло тое, з чым мы раней, некалькі гадоў таму, сустракаліся пастаянна: калі пад кожную акцыю, пад кожную спробу масавага пратэсту на БТ выходзілі такія фільмы. Цяпер пад пратэсты дармаедаў, раней тое самае было пра Плошчу, пра Курапаты і гэтак далей. Вельмі хутка ўсё аднавілася, як толькі пратэсты сталі пашырацца, як толькі ўзьніклі нейкія сацыяльныя нязручнасьці для ўладаў. Мы гэта зазналі і на прыкладзе справы супраць антыфашыстаў, якіх цяпер судзяць у Менску, — пра іх таксама было ўжо некалькі такіх ролікаў. Мне здаецца, мяркуючы па тым, што паказалі ў гэтым роліку пра Мікалая Статкевіча, — і гэта самае непрыемнае — зноў ідзе шчыльная супраца дзяржаўных журналістаў зь сілавымі структурамі. Бо там гучыць інфармацыя, якая відавочна пастаўленая зь нейкіх МУС ці КДБ, і агучваецца яна яўна на загад гэтых структураў. Значыць, зноў можна казаць, што ідзе моцная спайка спэцслужбаў і прапаганды, а гэта ж вельмі небясьпечна. Мы на судах назіраем тое самае: на працэсе над антыфашыстамі ГУБАЗ (галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю МУС) проста дапамагае суду. ГУБАЗ, а ня суд, выклікае сьведак для непасрэднага ўдзелу ў гэтым працэсе. І тут, у гэтым фільме, відаць, што журналісты ідуць на повадзе ў тых, хто мусіць займацца зусім іншымі справамі. Выходзіць, па факце яны не журналісты, бо рэалізуюць нейкія рэпрэсіўныя моманты. Дарэчы, таму сябе і не называюць. Як вынік — трашчыць гэтая хвалёная лібэралізацыя, у Берасьці анархістаў ужо на суткі саджаюць толькі за тое, што выйшлі на вуліцу з плякатам, які ўсімі мітынгоўцамі быў ухвалены, што чыноўнікі — галоўныя дармаеды. Мясцовыя ўлады напалоханыя, ня ведаюць, што рабіць зь людзьмі, якія могуць самаарганізавацца.

— Вы маглі б пракамэнтаваць зьмест фільму?

— Бачыў фільм, але скажу, што камэнтаваць яго цяжка, бо гэта нейкае цемрашальства і трызьненьне. Паглядзіце камэнтары да гэтага фільму — 90% пагаджаюцца, што гэта трызьненьне. Проста за тое, што людзі паднялі істотныя для грамадзтва праблемы, іх называюць нацыстамі і невядома яшчэ кім. Мяне ўразіла канцэнтрацыя нянавісьці, якая вылілася зь дзяржаўнага тэлеканалу праз гэты фільм. Паказваць нейкіх расстраляных, ці замучаных дзяцей, ці забойствы, вогнішчы — наколькі гэта этычна і ўвогуле наколькі адпавядае закону? Хіба гэта не распальваньне варожасьці? Зразумела, што зноў хочуць запалохаць беларусаў украінскім Майданам, але хіба адпавядаюць маралі такія паралелі, такія неадэкватныя камэнтары, якія там прагучалі? Уражаньне, што ў кагосьці ўжо зьявілася адчуваньне, нібыта зямля пад нагамі гарыць і неяк тэрмінова трэба запалохаць грамадзтва. Але самае жахлівае, што можа быць і што мы ўжо калісьці праходзілі: сацыяльнае напружаньне ў нейкі момант могуць паспрабаваць зьняць праз жудасныя падзеі. Бо зноў загучала пра тратыл, пра выбухоўку — а гэта званочкі для грамадзтва вельмі трывожныя. Можна меркаваць, што ўлады зноў вырашаць падрыхтаваць нейкую правакацыю, і людзям трэба гэта ведаць ды быць падрыхтаванымі.

— Скажыце, а чаму актывісты анархісцкага руху, якія бралі ўдзел у Маршы недармаедаў у Берасьці, былі ў масках? Гэта прынцыпова?

— Вы ж бачыце, што такія непадкантрольныя ўладам самаарганізаваныя рухі найбольш турбуюць улады, тыя ж анархісты заўсёды падпадалі пад найбольшыя рэпрэсіі. То бок гэта элемэнтарная спроба нейкай уласнай бясьпекі.

Актывістаў нават затрымліваюць не падчас акцый, а пасьля ці напярэдадні, паводле нейкіх сьпісаў. Значыць, у КДБ і МУС ёсьць адмысловая распрацоўка на такіх людзей, што проста недзе былі раней «засьвечаныя». Таму гэтыя людзі спрабуюць гарантаваць сабе хоць мінімальную бясьпеку, бо ніхто ж ня ведае, які заўтра будзе віток рэпрэсій, пасьля мірнага маршу пратэсту. Мажліва, гэта будзе копія 2010 году ці яшчэ пазьнейшага часу. Думаю, вельмі палохае ўладу тое, што на вулічныя пратэсты выходзяць людзі, якія нават пры адсутнасьці лідэраў могуць самаарганізавацца і данесьці папулярныя лёзунгі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG