Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіцячы верш пра Пуціна ў Крамлёўскім палацы: жарт альбо 1930-я гады?


10-гадовае дзіця расказвае верш пра Пуціна
10-гадовае дзіця расказвае верш пра Пуціна

Двухгадзінны сьвяточны канцэрт у маскоўскім Крамлёўскім палацы 23 лютага, паказаны ў той жа дзень на Першым канале расейскага тэлебачаньня, пачаўся з урачыстай прамовы прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і скончыўся магутным хорам ваенных і дзяцей з арганізацыі «Юнармія» ва ўніформе і чырвоных бэрэтах.

«Расея! Армія! Расея!» — скандавалі яны разам, а гледачы стоячы пляскалі. Гэтае сьвята, паведамляецца на сайце тэлеканалу, «захавала свой першапачатковы патрыятычны настрой, які зрабіўся асновай яднаньня грамадзянаў рознага ўзростаў і сацыяльнага статусу». Аднак у сацсетках ўрачыстае мерапрыемства з удзелам прэзыдэнта Расеі і юнармейцаў падверглася жорсткай крытыцы: карыстальнікі прыгадалі і сталінскі культ асобы, і брэжнеўскіае кіраваньне, і Паўночную Карэю, а створаную менш за год таму «Юнармію» увогуле ахрысьцілі «Пуцін-югендам».

Як высьветліла Радыё Свабода, чыноўнікі Мінабароны, якія мелі непасрэднае дачыненьне да падрыхтоўкі канцэрту, атрымалі сурʼёзную прачуханку за тое, што наладзілі на тэлебачаньні «трыццатыя гады».

— Дажартаваліся блазны гарохавыя, дайшло нарэшце, таму што сурʼёзны рэзананс пайшоў, — кажа інфармаваны суразмоўца ў ваенным ведамстве Расеі. — Навошта было дзяцей у гэты карнавал ўцягваць? Зладзілі на Першым канале трыццатыя гады.

Цяпер усе ўдзельнікі падрыхтоўкі канцэрту запэўніваюць, што ніякага «другога дна» ў жарту не было, а прозьвішча яго аўтара хаваюць як чарговую ваенную таямніцу — нібыта сцэнар для мерапрыемства з удзелам прэзыдэнта Пуціна, міністра абароны Шайгу і дзясяткаў высокапастаўленых ваенных, паказаны ў прамым эфіры на галоўным тэлеканале Расеі, пісаў «нікому не вядомы чалавек». Экспэрты адзначаюць, што гэта адбываецца ўпершыню, калі, відавочна жадаючы дагадзіць Пуціну, ідэалягічна правераныя «байцы» дапусьцілі гэткі сурʼёзны пралік, аднак чым старэйшым будзе рабіцца Пуцін, тым больш вакол яго будзе лісьлівасьці.

«Да будь я и негром преклонных годов и то, без унынья и лени, я русский бы выучил только за то, что им разговаривал Ленин» — верш «Нашаму юнацтву» Уладзімір Маякоўскі напісаў у 1927 годзе. У вуснах дзесяцігадовага хлопчыка ва ўніформе «юнармейца» і чырвоным бэрэце, які стаяў на сцэне Крамлёўскага палацу, знакамітыя радкі гучалі інакш: «А я, будь хоть дедом преклонных годов, реально, по жизни, по сути, немецкий бы выучил только за то, что им разговаривал Путин!» «Мы выбираем „Юнармию“ с детства, а кола — это такое чистящее средство», — бойка дэклямавалі дзеці.

Начальнік Галоўнага штабу Ўсерасійскага ваенна-патрыятычнага руху «Юнармія», алімпійскі чэмпіён па бабслэі Дзьмітрый Трунянкоў сказаў Радыё Свабода, што гэта было першае маштабнае мерапрыемства, у якім удзельнічалі «юнармейцы». Ён сам прысутнічаў на канцэрце і лічыць, што ўсё прайшло вельмі добра.

Галоўны «юнармеец» сьцьвярджае, што ня ведае, як доўга ішла падрыхтоўка да канцэрту, колькі дзяцей у ім было задзейнічана, як іх адбіралі і хто пісаў і ўзгадняў сцэнар. Афіцыйны запыт Радыё Свабода ў «Юнармію» застаўся без адказу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG