Вашынгтон і Масква не вядуць падрыхтоўкі сустрэчы Дональда Трампа і Ўладзімера Пуціна, піша выданьне Wall Street Journal са спасылкай на неназванага высокапастаўленага прадстаўніка адміністрацыі ЗША.
Ён абверг словы намесьніка міністра замежных спраў Расеі Сяргея Рабкова, які напярэдадні заявіў у Дзярждуме, што практычная падрыхтоўка да сустрэчы ўжо запушчаная, хоць пакуль няма дакладных зьвестак пра месца і час яе правядзеньня.
Раней тэлеканал NBC выпусьціў рэпартаж, прысьвечаны падрыхтоўцы Пуціна да сустрэчы з Трампам. У ім гаворыцца, што цяперашнія дарадцы расейскага прэзыдэнта, а таксама нейкія «вэтэраны дыпляматычнай службы» рыхтуюць рэкамэндацыі для Пуціна ў стасунках з амэрыканскім калегам і складаюць «псыхалягічны партрэт» прэзыдэнта ЗША.
У канцы студзеня прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў паведаміў журналістам, што сустрэча кіраўнікоў Расеі і ЗША можа адбыцца да саміту краін G20, прызначанага на 7-8 ліпеня.
Тэлефонная размова Дональда Трампа з Уладзімірам Пуціным адбылася 28 студзеня. У Белым доме яго назвалі «істотным крокам да паляпшэньня стасункаў паміж Злучанымі Штатамі і Расеяй, якія маюць патрэбу ў выпраўленьні». У Крамлі паведамілі, што Трамп і Пуцін дамовіліся аб пачатку падрыхтоўкі іх асабістай сустрэчы.