Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: «Я ня маю ніякіх спраў з Расеяй»


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заяўляе, што ня мае ніякіх спраў і яму невядома пра якія-небудзь кантакты ягонай каманды з Масквой.

«Я ня маю нічога ў Расеі, няма ніякіх пазык у Расеі, няма ніякіх спраў з Расеяй. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін вельмі міла патэлефанаваў мне, каб павіншаваць зь перамогай на выбарах. Затым ён патэлефанаваў, каб павіншаваць з інаўгурацыяй, што было выдатна. Але гэта зрабілі многія лідэры, амаль усе лідэры ўсіх краінаў», — заявіў Дональд Трамп 16 лютага на прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне.

«Усе гэтыя расейскія рэчы — гэта хітрыкі. Але ў любым выпадку было б добра, калі б мы маглі жыць у згодзе з Расеяй», — адзначыў Трамп.

Але, кажа ён, гэта вельмі складана праз нэгатыўную пазыцыю амэрыканскага палітыкуму і СМІ. «Магчыма, Пуцін лічыць, што ён ня зможа дамовіцца са мной, таму што для мяне такая дамоўленасьць будзе палітычна непапулярнай», — сказаў Дональд Трамп.

Прэзыдэнт ЗША заявіў, што не даваў ніякіх указаньняў Майклу Фліну да інаўгурацыі абмяркоўваць з кім-небудзь санкцыі супраць Расеі. Флін, які займаў пасаду дарадцы прэзыдэнта ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, 13 лютага пайшоў у адстаўку праз тое, што дэзынфармаваў акружэньне Трампа пра сваю гутарку з амбасадарам Расеі Сяргеем Кісьляком, зь якім, як стала вядома СМІ, у сьнежні 2016 году абмяркоўваў санкцыі.

Флін быў адданым прыхільнікам Трампа падчас усёй выбарчай кампаніі 2016 году, але ягоныя сувязі з Расеяй выклікалі заклапочанасьць сярод іншых дарадцаў 45-га прэзыдэнта ЗША.

Страта дарадцы ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі неўзабаве пасьля ўступленьня на пасаду зьяўляецца ўскладненьнем для новага прэзыдэнта ЗША, які зрабіў нацыянальную бясьпеку сваім галоўным прыярытэтам.

Заходнія СМІ са спасылкай на чыноўнікаў Белага дома 15 лютага паведамілі, што новым дарадцам прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі можа стаць віцэ-адмірал у адстаўцы Робэрт Гарвард.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG