Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тылерсан: ЗША гатовыя працаваць з Расеяй, калі гэта ў інтарэсах Амэрыкі


Сяргей Лаўроў і Рэкс Тылерсан
Сяргей Лаўроў і Рэкс Тылерсан

У Боне на першай сустрэчы з кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым новы дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан выказаў гатоўнасьць Вашынгтону працаваць з Масквой, калі гэта будзе адпавядаць інтарэсам Амэрыкі.

​Ён таксама заклікаў Расею выконваць Менскія пагадненьні аб мірным урэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.

Перад пачаткам гутаркі Лаўроў заявіў, што Расея ня ўмешваецца ва ўнутраныя справы іншых краінаў.

Гэта — першы кантакт Расеі з адміністрацыяй прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на такім высокім узроўні.

Раней у чацьвер у Боне кіраўнік МЗС Нямеччыны Зыгмар Габрыель ў ходзе гутаркі зь Сяргеем Лаўровым заклікаў Расею выкарыстаць увесь свой уплыў, каб дамагчыся ад сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны адводу цяжкай тэхнікі ад лініі судакрананьня бакоў канфлікту — паводле дамоўленасьці ў рамках трохбаковай кантактнай групы. Пра гэта паведамілі дыпляматычныя крыніцы ў Нямеччыне.

Тымчасам міністар абароны ЗША Джэймс Мэтыс заявіў, што Расея павінна жыць паводле міжнароднага права, «як мы гэтага чакаем ад любой сталай краіны на плянэце». Міністар адзначыў, што цяпер няма магчымасьці працаваць з Расеяй на вайсковым узроўні. Ён выступіў на прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі пасьля завяршэньня сустрэчы міністраў абароны НАТО.

Мэтыс адмовіўся камэнтаваць сёньняшнія выказваньні міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу, які заявіў, што Пэнтагон не павінен імкнуцца да дыялёгу з «пазыцыі сілы», у адказ на заўвагі Мэтыса, які заявіў пра неабходнасьць прадэманстраваць жорсткасьць у адносінах з Расеяй.

«У мяне наогул няма неабходнасьці адгукацца на расейскія заявы», — сказаў Мэтыс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG