Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША крытыкуюць Трампа за адказ на заяву «Пуцін — забойца»


Дональд Трамп
Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп апынуўся пад агнём крытыкі з боку як рэспубліканцаў, так і дэмакратаў за камэнтары, якія ён даў у дачыненьні прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

У паказаным 5 лютага інтэрвію на тэлеканале Fox Біл ОʼРэйлі спытаў Дональда Трампа, ці ён паважае Пуціна. Трамп адказаў, што паважае, і «лепш ладзіць з Расеяй, чым не».

«Але ён забойца! Пуцін — забойца», — сказаў ОʼРэйлі.

«Ёсьць шмат забойцаў. У нас ёсьць шмат забойцаў. Што вы думаеце? Наша краіна настолькі нявінная?» — адказаў на гэтае сьцьвярджэньне Трамп.

Аднапартыец Трампа, лідэр рэспубліканцаў у Сэнаце ЗША Мітч Макконэл сказаў у інтэрвію CNN, што «няма ніякага падабенства ў тым, як паводзяць сябе расейцы і як гэта робяць Злучаныя Штаты».

«Ён былы агент КДБ, галаварэз, выбраны ня тым спосабам, які большасьць людзей лічаць годным даверу», — адзначыў Макконэл.

«Няма маральнай роўнасьці паміж Злучанымі Штатамі Амэрыкі, найбуйнейшай свабодалюбнай нацыяй у гісторыі сьвету, і крыважэрнымі галаварэзамі, якіх абараняе пуцінскае кумаўство», сказаў ABC Television сэнатар-рэспубліканец са штату Нэбраска Бэн Сасо, які часта крытыкаваў Трампа.

Былы амбасадар ЗША ў Расеі і дарадца прэзыдэнта Барака Абамы Майкл Макфол назваў камэнтары Трампа «агіднымі».

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у час перадвыбарчай кампаніі ня раз рабіў заявы, прыязныя да Расеі і ейнага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Ён, у прыватнасьці, дапускаў разгляд скарачэньня або скасаваньня санкцыяў у дачыненьні Расеі і нават прызнаньне прыналежнасьці да Расеі акупаванага ёю ўкраінскага Крыму.

У той жа час на гэтым тыдні ў ААН амбасадарка ЗША Нікі Гэйлі, якая прадстаўляе пазыцыю адміністрацыі Трампа, асудзіла Расею за актывізацыю баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны. Яна таксама паўтарыла пазыцыю ЗША аб тым, што санкцыі, уведзеныя праз анэксію Крыму, застануцца ў сіле да дэакупацыі паўвострава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG