Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баявая нічыя: будаўнічыя работы ля Курапатаў прыпыненыя на тыдзень, лягер застаецца, — вынікі перамоваў у гарвыканкаме


На прыём да старшыні Менскага гарвыканкаму Андрэя Шорца запісаныя чатыры актывісты абароны Курапатаў.

Янукевіч: Шорац разумее, што тэма будоўлі каля Курапатаў выйшла на нацыянальны ўзровень

12.23 Павал Севярынец сказаў, што пратэстоўцы ня згодныя здымаць свой лягер ля Курапатаў, пакуль не разабраная будаўнічая пляцоўка.

Севярынец: «Лягер абаронцаў ля Курапатаў здымуць, толькі калі будзе рашэньне аб скасаваньні будаўніцтва»

12.15 Марат Гаравы, удзельнік сустрэчы ў гарвыканкаме:

«Няма даверу ўладам наконт усяго, што тычыцца Курапатаў. Там дзесяцігодзьдзямі ідуць інтэрвэнцыі — МКАД, пасёлак „Сонечны“, „Бульбаш-хол“, цяпер бізнэс-цэнтар.

Я ўжо не кажу пра ідэю, што павінна быць ахоўная зона 300 мэтраў. Мы зьвярнулі ўвагу, што наша ўлада — пераемнікі мінулай улады, і калі яны хочуць, каб іх паважалі, то яны павінны прыслухацца да народу. Мы зачапілі іх тым, што там ляжаць ня толькі нашы, але і іхныя продкі. Хто пачынае гуляць з Курапатамі ў гульні, таму ня будзе добрага. Наступная размова павінна быць шчырай».


12.10 Павал Севярынец паведаміў, што кіраўніцва гораду і раёну настойваюць на тым, што ўсё там законна, яны прасілі зьняць лягер абаронцаў.

«Настойваюць, што там няма костак у гэтай зямлі, што горад павінен разбудоўвацца. Думаю, што вынік такі: баявая нічыя і пэрспэктыва дамовіцца ёсьць, лягер застаецца», — сказаў Севярынец пра сустрэчу ў гарвыканкаме.

Патрэбны шырокі круглы стол з удзелам усёй грамадзкасьці, заявіў Павал Севярынец.

Севярынец заклікаў да мітынгу ў пятніцу а 18-ай гадзіне ля будпляцоўкі.

12.00 Аляксей Янукевіч распавёў пра вынікі перамоваў у Менскім гарвыканкаме. Канчатковага рашэньня няма:

"Было шмат аргумэнтаў з боку ўладаў, было імкненьне «забалтаць» тэму, увесьці ў нейкія дробязі. Мы настойваем, што Курапаты -- гэта нацыянальная каштоўнасьць.

На сёньняшні момант канчатковага рашэньня няма. Я лічу, добра, што Менгавыканкам гатовы да дыялёгу. Пакуль будаўнічыя работы прыпыненыя. Як мінімум цягам тыдня. Але гэта нельга лічыць канчатковай перамогай».

Янукевіч перакананы, што пратэсты маюць свой плён, улады вымушаныя прыслухоўвацца да людзей.

10.05 Пакуль сустрэча не пачалася, Павал Севярынец патэлефанаваў і сказаў, што чатыры абаронцы Курапатаў, унесеныя ў сьпіс для сустрэчы са старшынём гарвыканкаму, чакаюць ля кабінэту і будуць патрабаваць, каб прапусьцілі жыхароў, журналістаў і іншых людзей, якія знаходзяцца ў фае.

У першым шэрагу, зьлева направа - Марат Гаравы, Павал Севярынец, Юрась Беленькі
У першым шэрагу, зьлева направа - Марат Гаравы, Павал Севярынец, Юрась Беленькі

9.50 Прапускаюць чатырох абаронцаў, якія запісаныя ў сьпісе, астатнія застаюцца ў холе. Абаронцу Курапатаў Яна Кравапуска, старшыню Таварыства аховы помнікаў Антона Астаповіча і блогера Антона Матольку таксама не пусьцілі.

9:40 Падтрымаць перамовы зь менскімі ўладамі прыйшлі каля 20 чалавек. Апэратыўнікі ў цывільным вядуць відэаздымкі. Людзі паводзяць сябе спакойна. У холе ўсіх на відэа здымае міліцыянт.

Перамовы абаронцаў Курапатаў са старшынём Менгарвыканкаму Андрэем Шорцам прызначаныя на 10 гадзін 1 сакавіка.

Абаронцаў лягера, якія дзявяты дзень нясуць вахту ля будаўнічай пляцоўкі, прадстаўляюць сустаршыня БХД Павал Севярынец, кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, гісторык і публіцыст Марат Гаравы і жыхар аднаго з суседніх да Курапатаў дамоў Юры Сьцепанішчаў.

Янукевіч: «Патрабуем ад Шорца неадкладна спыніць будаўніцтва каля Курапатаў»

«Нейкіх асаблівых чаканьняў няма. Хіба што адзінае — даведацца ясную пазыцыю Менгарвыканкаму наконт сытуацыі, якая сёньня існуе вакол гэтага незаконнага будаўніцтва», — лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч пра свае чаканьні ад сустрэчы.

Абаронцы Курапатаў пра тое, што сказалі б Андрэю Шорцу:

***

Пратэсты на будаўнічай пляцоўцы ля Курапатаў трываюць ужо другі тыдзень. Актывісты і мясцовыя жыхары пратэстуюць супраць пабудовы офіснага цэнтру на пляцоўцы, якая лічылася ахоўнай зонай Курапатаў. У выніку пратэстаў будаўніцтва замарожанае зь мінулай пятніцы, частка тэхнікі выведзеная.

Забудоўнік лічыць, што будаваць на тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу законна, бо яна «ўжо не ахоўная тэрыторыя», але абаронцы Курапатаў з гэтым нязгодныя. Адміністрацыя Савецкага раёну Менску тлумачыць, што зямельны ўчастак плошчай 0,32 га быў выдзелены пад будаўніцтва ў выніку аўкцыёну, які прайшоў 26 чэрвеня 2013 году.

Паводле апошняй вэрсіі межаў зонаў аховы Курапатаў, зацьверджанай у 2014 годзе, будоўля-2017 не трапляе ні ў ахоўную зону, ні ў зону рэгуляванай забудовы.

Глядзець камэнтары (11)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG