Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўніцтва ў Курапатах не ў ахоўнай зоне, вырашыла камісія. Пратэстоўцы склікаюць мітынг


Камісія разгляду вынікаў грамадзкіх слуханьняў сабралася сёньня ў адміністрацыі Першамайскага раёну і зацьвердзіла дэталёвы плян, у якім канфліктная пляцоўка, дзе нядаўна пачалося будаўніцтва бізнэс-цэнтру, застаецца па-за ахоўнай зонай.

Прадстаўнік «Менскграда» прадставіў плян, спыніўшыся на некаторых аб’ектах, якія знаходзяцца ў Першамайскім раёне, — установе аховы здароўя, паркоўках. Пра будаўніцтва бізнэс-цэнтру нічога не было сказана.

9 сябраў камісіі прагаласавалі за прыняцьце праекту дэталёвага плянаваньня мікрараёну Зялёны Луг, адзін — супраць, адзін — устрымаўся.

Людміла Швяцова, якая прагаласавала супраць, так патлумачыла сваю прынцыповую пазыцыю:

«Я жыхарка мікрараёну Зялёны Луг, і сама, так бы мовіць, „напрасілася“ ў гэтую камісію. Напісала заяву, і мяне ўключылі. І я заўсёды выступаю з асобнай думкай. Курапаты — гэта наш агульны боль. І гэта, канечне, „бязьмежжа“. Але ў нашым раёне яшчэ зьбіраюцца дарогу празь лесапарк пабудаваць. Калі яны яе дабудуюць, лесапарк будзе канкрэтна загублены. Таму я і ўвайшла ў камісію, каб неяк процістаяць».

Людміла Швяцова (у цэнтры)
Людміла Швяцова (у цэнтры)

Намесьнік старшыні Першамайскага райвыканкаму Васіль Касавец, пасьля таго як фактычна прымусіў камісію галасаваць, праігнараваўшы разгляд пытаньня пра будоўлю офіснага цэнтру на вуліцы Мірашнічэнкі, абвясьціў, што паседжаньне камісіі завершана. І пачаў выдвараць народ з кабінэту. Калі журналісты абступілі прадстаўніка «Белграда», чыноўнік рэзка спыніў усе інтэрвію:

«Запрасіце да сябе ў Менскграда і там падрабязна распавядайце, але толькі не ў мяне кабінэце. У сябе ў кабінэце толькі я гаспадар!»

Васіль Касавец
Васіль Касавец

На просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваць сытуацыю спадар Касавец адказаў:

«У вас няма ўзгадненьня зь Менгарвыканкамам, каб браць у мяне камэнтары».

На пярэчаньне журналістаў, што ёсьць Закон аб СМІ, чыноўнік заявіў, што для яго існуе толькі адзін закон — Закон аб дзяржаўнай службе.

«Вы губляеце час, ніякіх камэнтароў вы не атрымаеце», — завяршыў размову Васіль Касавец.

Апроч прадстаўнікоў камісіі, на паседжаньне прыйшлі каля 30 прадстаўнікоў грамадзкасьці, сярод якіх Аляксей Янукевіч, Юры Беленькі, Павал Севярынец, а таксама жыхары Першамайскага і Савецкага раёнаў. Грамадзкасьць настойвала, што ў 2013 і 2014 г. была парушаная працэдура вываду з ахоўнай зоны ўчастку каля Курапатаў, дзе пачалася будоўля офіснага цэнтру. Тысячы подпісаў, сабраныя супраць будоўлі, камісія разглядаць адмовілася.

Палітыкі Аляксей Янукевіч і Павал Севярынец заклікалі правесьці ў пятніцу а 18.00 агульнагарадзкі мітынг каля Курапатаў.

«Бізнэс-інтарэсы дамінуюць». Янукевіч і Севярынец заклікаюць на агульнагарадзкі мітынг

Ідэю правесьці 3 сакавіка ў 18.00 агульнагарадзкі мітынг агучылі падчас пасяджэньня камісіі па разглядзе вынікаў грамадзкіх слуханьняў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і сустаршыня БХД Павал Севярынец.

«Зьявілася ініцыятыва пасьля таго, як стала зразумела, што ўлады не гатовыя прымаць адэкватныя рашэньні. На прыкладзе Курапатаў мы ў гэтым зноў пераканаліся», — сказаў Янукевіч.

Ён дадаў, што на паседжаньні камісіі людзі моцна абураліся — і мясцовыя жыхары, і прадстаўнікі грамадзкасьці, актывісты, якія стала займаюцца Курапатамі.

«Улады адмовіліся слухаць людзей. Мы пераканаліся, што бізнэс-інтарэсы, інтарэсы чыноўнікаў і забудоўшчыкаў дамінуюць над інтарэсамі людзей», — дадаў лідэр БНФ.

7 галоўных падзеяў за 7 дзён абароны Курапатаў

Ці законная будоўля ў Курапатах? Чыноўнікі даказваюць, што так, архітэктар дэманструе, што не

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG