Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вулькан ажывае нечакана, перакананы Аляксандар Сямёнаў, які перамог дэкрэт аб дармаедах зь лікам «3:0»


Аляксандар Сямёнаў

Гамяльчук Аляксандар Сямёнаў дамогся ад гарвыканкаму вызваленьня ад падатку на «дармаедзтва», фактычна выйграў справу ў судзе, атрымаў працу.

Раніцай 23 лютага нядаўні гомельскі «дармаед», а цяпер апраўданы паводле ўсіх артыкулаў 52-гадовы жыхар Гомелю Аляксандар Сямёнаў заступіў на дзяжурства аховы недабудаванага дома ў цэнтры гораду. Ад сёньняшняга дня ён працаўладкаваны, вартаўнік будаўнічага трэсту № 14. Гэты сьціплы і, на першы погляд, надзвычай спакойны мужчына стаўся першым грамадзянінам Беларусі, які праз суд імкнуся прызнаць неправамерным патрабаваньне дзяржавы на выплату паводле дэкрэту № 3 так званага «падатку на дармаедзтва». Аляксандар Сямёнаў пагадзіўся адказаць на пытаньні Свабоды.

«Быццам узялі грамадою першы акоп»

— Суд Цэнтральнага раёну Гомелю 21 лютага спыніў разгляд вашага пазову да раённай падатковай інспэкцыі, якая выпісала вам паведамленьне на выплату «дармаедзкага» збору. Заяўлена было, што справа непадведамная раённаму суду. Канстытуцыйны суд мусіць разьбірацца, ці адпавядае дэкрэт № 3 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Дый канфлікт нібыта вычарпаны — гарвыканкам вызваліў вас ад выплаты гэтага падатку. Зь якімі пачуцьцямі пакідалі судовую залю — перамогу адчувалі?

— Адчуваньня перамогі не было. Была нейкая кропля радасьці: быццам узялі грамадою першы акоп, але абарона дэкрэту, кажучы вайсковым тэрмінам, глыбока эшалёнаваная. Перамогу яшчэ трэба здабыць. Пасьля гэтага суду ў мяне ціск так скокнуў, што я толкам не падзякаваў усім, хто прыйшоў мяне падтрымаць, хто ня змог трапіць у невялікую судовую залю і скандаваў на вуліцы каля будынку суду: «Не» — дэкрэту № 3, Лукашэнка — сыходзь!»

— Дык падзякуйце!

— Дзякуй усім добрым мужным людзям, якія падтрымлівалі мяне ў судзе 14-га і 21 лютага. Журналістам дзякуй — я нават не чакаў, што іх будзе так шмат. Пэўна, адзін, без падтрымкі, я б скіс. Салідарнасьць — вялікая сіла, і нам трэба трымацца разам.

Каля суду Цэнтральнага раёну
Каля суду Цэнтральнага раёну

Асноўная задача ня выканана — дэкрэт не адменены

— Мяне вызвалілі ад «дармаедзкага» падатку, але асноўная задача ня выканана — дэкрэт не адменены. Сацыяльная напружанасьць у грамадзтве будзе ўзрастаць да тае пары, пакуль яго не адменяць. Паглядзіце, падаткавікі, выконваючы дэкрэт, разаслалі па краіне звыш 400 тысяч паведамленьняў на выплату збору на фінансаваньне дзяржаўных падаткаў. І толькі прыкладна дзесятая частка заплаціла гэты збор. Невялікую колькасьць людзей улады самі вызвалі ад гэтага «дармаедзкага» падатку. Увесь астатні «вулькан», ён жа тлее, ён не патух.

Нядзельны «Марш недармаедаў» паказаў, што «вулькан» ажывае нечакана, бо існуе рэальнае беспрацоўе, безграшоўе, няпоўная занятасьць людзей на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Гэта ўсё складнікі сацыяльнай напружанасьці.

— Вы ўдзельнічалі ў гэтым маршы?

— Я асабіста — не. Калі з маім прадстаўніком Леанідам Судаленкам з прафсаюзу РЭП мы размаўлялі на гэтую тэму пасьля першага пасяджэньня суду, то было вядома толькі, што гарвыканкам не дазволіў гэтага маршу. І дакладнага рашэньня наконт маршу яшчэ не было, будзе ён ці не. Я заняўся хатнімі справамі і неяк не засяродзіўся на ім. Шчыра кажу. Пасьля ўжо ў запісе паглядзеў. Людзей дасталі ўсе гэтыя паборы й прыніжэньні. Сапраўды, зь дзіркаю ў кішэні ніхто жыць ня хоча.

Гомель, плошча Паўстаньня, 19 лютага
Гомель, плошча Паўстаньня, 19 лютага

— Як родныя перанесьлі вашы паходы ў інстанцыі ды судовую цяжбу?

— Крыху лепей за мяне. Я хоць і нядоўга судзіўся, але кіляграмы са тры вагі скінуў. Бязь фітнэсу, забегаў на дыстанцыі, без паходаў у лядовыя палацы. Уладную сыстэму так выбудавалі, што мудрэй спорту зьнясільвае. Я таму і пайшоў скардзіцца, судзіцца, бо сапраўды няма 360 рублёў заплаціць «дармаедзкі» збор. У жонкі прасіў 23 рублі на судовую пошліну. Пазычыла. Сямейнікі, вядома, узрадаваліся, што выдалася нейкая перадышка. А тут яшчэ й праца вартаўніком выпала — быццам у лятарэю выйграў.

— Вы, відаць, будзеце ў ліку самых адукаваных вартаўнікоў — ажно зь дзьвюма вышэйшымі адукацыямі. Раней вы казалі, што на ўлік у цэнтры занятасьці не станавіліся, бо нічога людзкага там ня выстаіш. І як гэтая вартаўнічая пасада вам выпала?

— Падчас першага судовага пасяджэньня прадстаўнікі падатковай інспэкцыі запытваліся, ці рэгістраваўся я ў цэнтры занятасьці як беспрацоўны. Я адказаў, што не хадзіў туды, бо ня бачыў сэнсу. У канцы мінулага тыдня ўсё ж схадзіў на біржу і — дзіва дзіўнае! — прапанавалі вартаўніком у будаўнічую арганізацыю. Раней і такіх вакансіяў не было, а тут як на заказ. І накіраваньне адразу далі, і ў трэсьце прынялі бязь лішніх слоў. Тыдня не прайшло, і я ўжо на працы. Думаю, нейкую ролю адыграў мой суд супраць «дармаедзкага» падатку. Хоць магу й памыляцца.

Жыцьцё з чыстага аркуша

— Да пэнсіі вам яшчэ дзесяць гадоў зь лішнім, калі, вядома, да таго часу пэнсійны ўзрост не падвысяць. Вы інжынэр-электрык па першай адукацыі, спэцыяліст па маркетынгу і мэнэджмэнту на рынку тавараў і паслуг адпаведна іншаму дыплёму. Зьбіраецеся ўжо прысьвяціць сябе вартаўнічай справе ці ўсё ж скарыстацца да пэнсіі хоць адным з дыплёмаў?

— Сёньня ўранку нібыта пачаў жыцьцё з чыстага аркуша. Можна сказаць, заступіў у каравул. Службу ў арміі прыгадаў, прысвоенае ў запасе афіцэрскае званьне. Хоць і старшы лейтэнант, але, выглядае, хлопчык малады. Як у адным шлягеры. Пакуль буду вартаваць давераны мне недабудаваны шматпавярховік зь ягонымі матэрыяламі й тэхнікай. Заадно і пра жыцьцё-быцьцё паразважаю. Я ж разумею, што зараблю тут толькі мінімум, вызначаны ў дзяржаве. Можа, крыху болей. Але ўсё адно гэта не заробак для галавы сям’і, тым больш што і жонка ў дзіцячым садку зарабляе не нашмат больш мінімуму.

Дэкрэт не адужаны, і праз нейкія дзевяць ці дзесяць месяцаў зноў паўстане пытаньне, для мяне ў тым ліку, «дармаедзкага» збору — ужо за 2016 год.

Несправядлівасьць згуртавала людзей

Гомельскі палітык Уладзімер Кацора камэнтуе справу Аляксандра Сямёнава.

Уладзімер Кацора
Уладзімер Кацора

«Дэкрэтам № 3 дзяржава паспрабавала «паставіць на месца» тых людзей, якія ад яе адарваліся, бо ня бачылі для сябе пэрспэктывы на радзіме. На вуліцу за чвэрць стагодзьдзя багата народу выкінулі — з «Гомсельмашу», «Ратону», «Крышталю», радыёзаводу ды шмат адкуль яшчэ. Яны рынуліся ва ўсе канцы шукаць сабе хлеб надзённы, у Расею ў першую чаргу. Цяпер дзяржава на іх кажа: «Ага, дармаеды, хадзіце сюды, заплаціце 360 рублёў».

Зь іншага боку, лічыць палітык, дзяржава імкнецца прымусіць тых, хто яшчэ працуе, працаваць за грошы, якія яна можа плаціць.

«Усе гэта абурыла людзей, — кажа Кацора. — Родная дзяржава, давёўшы да гаротнага стану, нічога ім не прапанавала ды яшчэ нешта патрабуе. Несправядлівасьць згуртавала людзей, бо ў кожнага „дармаеда“ ёсьць родныя, сваякі, якія ведаюць, як і што адбывалася ў эканоміцы.

На „Марш недармаедаў“ і судовыя пасяджэньні на пазоў Сямёнава да дзяржавы людзі прыйшлі бараніць свае правы. Цяпер толькі лянівы не разумее, што масавыя акцыі найбольш эфэктыўныя падчас размовы з уладамі».

На думку суразмоўцы, чыноўнікі пачулі «голас народу». Неўзабаве будзе зроблены выгляд, што дэкрэту № 3 наагул не існуе. Адмяняць ня будуць, але забудуць. Такім станам задаволяцца абодва бакі. Пратэставыя настроі спадуць, прагназуе палітык.

Гомель, плошча Леніна, 19 лютага
Гомель, плошча Леніна, 19 лютага

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG