Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджан ня хоча прадаваць Беларусі нафту, — СМІ


Беларусь прапаноўвае Азэрбайджану надта нізкую цану за нафту, таму далей супрацоўніцтва двух краін у гэтым напрамку ажыцьцяўляцца ня будзе.

Пра гэта паведамляе азэрбайджанскае выданьне echo.az са спасылкай на кіраўніка Цэнтру нафтавых дасьледаваньняў Ільхама Шабана.

Паводле экспэрту, у 2016 годзе Азэрбайджан прадаў Беларусі адну партыю нафты аб’ёмам 500 тысяч тон.

«На пачатку бягучага году пастаўкі азэрбайджанскага „чорнага золата“ спыніліся. Як паведамляюць беларускія СМІ, урад іх краіны плянаваў купляць азэрбайджанскую нафту ўсяго за 30 даляраў за барэль. Гэта значыць — па тым жа кошце, як Беларусь імпартуе расейскую нафту. Азэрбайджан жа рэалізуе нафту па камэрцыйным кошце, дакладней, рынкавым кошце», — сказаў Шабан.

«Нашу краіну не зацікавілі цэнавыя ўмовы Беларусі, таму Азэрбайджан вымушаны быў адмовіць» — дадаў ён.

Інфармацыя пра пастаўкі азэрбайджанскай нафты ў Беларусь зьявілася ў кастрычніку 2016 году. Паведамлялася, што нафту Беларусі прадала кампанія Socar Trading — даччынае прадпрыемства Дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азэрбайджану (SOCAR) і фактычны манапаліст у справе паставак прыроднага рэсурсу з гэтай краіны.

Сума зьдзелкі дагэтуль невядомая. Экспэрты зьвярталі ўвагу на важнасьць палітычнага складніка ў гэтай зьдзелцы і ставілі пад пытаньне яе рэнтабэльнасьць з улікам складанай лягістыкі.

16 лютага стала вядома, што Беларусь упершыню закупіла іранскую нафту. Паведамлялася, што Беларусь набыла 80 тысяч тон нафты ў Нацыянальнай іранскай кампаніі NIOC (адна з найбуйнейшых нафтавых кампаніяў у сьвеце, цалкам у дзяржаўнай уласнасьці).

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG