Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Азэрбайджанская нафта для Беларусі мае больш палітычнага сэнсу, чым эканамічнага»


Ці можа азэрбайджанская нафта стаць для Беларусі альтэрнатывай расейскай? Удзельнічаюць: Дзьмітры Гурневіч, Вячаслаў Ракіцкі, Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: 28 лістапада пачаўся афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Азэрбайджан. І беларускія, і азэрбайджанскія палітолягі мяркуюць, што асноўныя мэты візыту беларускага кіраўніка тры — узяць у Азэрбайджану чарговы крэдыт, каб пагасіць запазычанасьць перад Масквой за газ, а таксама дамовіцца пра пастаўкі ў Беларусь азэрбайджанскай нафты.

I трэцяе — гэта вайскова-палітычнае супрацоўніцтва. Беларусь у гэтай сфэры мае даволі сурʼёзныя пастаўкі — напрыклад, у 2010 годзе, калі Беларусь атрымлівала крэдыт ад Азэрбайджану, Менск абяцаў нарасьціць пастаўкі некаторых сыстэм узбраеньняў. Гэта краіна багатая і фактычна знаходзіцца ў стане вайны з Армэніяй. Сёньня Баку зацікаўлены ў атрыманьні новай беларускай рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Палянэз».

Падчас перамоваў у Баку кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падзякаваў прэзыдэнту Азэрбайджану Ільхаму Аліеву за нядаўнюю пастаўку нафты ў Беларусь. У кастрычніку на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод паступіла каля 85 тысяч тон нафты. Па моры яны прыбылі ў Адэсу, а адтуль цягнікамі ў Беларусь.

Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая супрацоўнічаць з Азэрбайджанам у нафтавай сфэры на доўгую пэрспэктыву. Тут дзьве мэты — эканамічная і палітычная, але я лічу, перш за ўсё, палітычная. Менск хоча паказаць і сабе, і Маскве, што ёсьць альтэрнатыва пастаўкам расейскай нафты. Сумна, што актывізацыя пошуку альтэрнатыўных крыніц наступае ў Беларусі заўсёды калі адбываецца эканамічны канфлікт з Масквой. Колькі шуму ў свой час было наконт пэрспэктываў супрацоўніцтва з Вэнэсуэлай, калі Аляксандар Лукашэнка абяцаў, што з Вэнэсуэлы нафта пойдзе альбо танкерамі альбо па сыстэме абмену нафты з Азэрбайджанам. Але нічога ня выйшла, і ўся тэма сышла ў нікуды.

Тое, што дасюль няма паступленьня іншай, нерасейскай нафты — гэта вялікая геапалітычная параза цяперашняга рэжыму.

І дагэтуль Беларусь застаецца адзінай краінай у рэгіёне, якая цалкам залежыць ад расейскай нафты. Паступова ўсе нашы суседзі ад гэтага адышлі, хто будзе спрачацца, што гэта залежнасьць і палітычная? Гэта расейскі нафтавы афшор, які толькі дзякуючы гэтым умовам і дае эканамічны прыбытак, дае значную частку папаўненьня ў беларускі бюджэт за кошт нафтаперапрацоўчых заводаў. Тое, што дасюль няма паступленьня іншай, нерасейскай нафты — гэта вялікая геапалітычная параза цяперашняга рэжыму.

Відавочна, што расейская нафта застанецца галоўнай. Ну а спроба ўжыць азэрбайджанскую нафту мае менш эканамічнага сэнсу, а больш палітычнага. Але за 25 год незалежнасьці так і не знайсьці альтэрнатыўных паставак — гэта вялікая ганьба для беларускай замежнай эканамічнай палітыкі.

Гурневіч: Найперш трэба нагадаць, што азэрбайджанская нафта павінна замяшчаць у Беларусі вэнэсуэльскую. Вэнэсуэльская, хаця і прадстаўлялася як нешта, што зробіць Беларусь больш незалежнай ад Расеі, ёю ня стала. Найперш праз выдаткі на транспарціроўку. Але сама ідэя паставак вэнэсуэльскай нафты ўзьнікла таксама не празь нейкі эканамічны разьлік, а выключна як палітычны праект. Расея тады шантажавала Беларусь пастаўкамі сыравіны. Ад гэтай практыкі Масква, як лічаць многія аналітыкі, ніколі не адмовілася і працягвае ёю карыстацца і цяпер.

Расейская «Новая газета» ўвогуле пісала, што Менск плаціць па 30-60 даляраў за дастаўку тоны нафты з Вэнэсуэлы, каб прыкрыць пастаўкі на беларускія НПЗ кантрабанднай расейскай сыравіны, якая каштуе на 200-250 даляраў таньней за сусьветны кошт. Таму яшчэ да канца няясна, ці мелася быць вэнэсуэльская нафта нейкай альтэрнатывай ці проста часткай пэўнай схемы.

Першая партыя азэрбайджанскай нафты для Мазырскага НПЗ склала 84,7 тыс. Што гэта такое для НПЗ? Мізер. На беларускіх НПЗ у месяц перарабляецца амаль 2 млн тон нафты. Сёлета Беларусь хацела купіць у Расеі 24 мільёны.

Як паведаміла крыніца сайту OilNews ва ўкраінскім офісе азэрбайджанскай кампаніі, якая гэтую нафту для беларускага НПЗ паставіла, «фармат перапрацоўкі пакуль знаходзіцца на ўзгадненьні». Дык увогуле пакуль незразумела, што гэта будзе за фармат. Давальніцкі ці нешта іншае.

Калі Лукашэнка дамовіцца з Расеяй і ранейшыя схемы ізноў запрацуюць, то ўсё вернецца на сваё месца.

Можна дапусьціць, што сэнс гэтых паставак з Азэрбайджану — спроба націснуць на Маскву, маўляў, мы можам і так. Але які з гэтага можа быць практычны вынік? Расейская нафта пакуль застаецца самай таннай. Пастаўкі гадамі адладжаныя.

Магчыма, што гэтая ідэя мела б сэнс, калі б падыход да яе быў комплексны. Калі б дзяржавы, якія ўдзельнічаюць у такім праекце, разьвівалі гэта гадамі, уцягвалі іншыя краіны. Было ў свой час аб’яднаньне Грузіі, Украіны, Азэрбайджану, Малдовы — ГУАМ. І Польшча разам з гэтымі краіны лабіравала новыя трубаправоды з Каўказу. Хто сёньня пра гэта памятае? Усё скончылася словамі.

Калі Лукашэнка дамовіцца з Расеяй і ранейшыя схемы ізноў запрацуюць, то ўсё вернецца на сваё месца.

Ракіцкі: Азэрбайджанская нафта, з майго гледзішча, стане альтэрнатывай расейскай, гэтак жа, як ёй стала нафта вэнэсуэльская. Гэта калі глядзець па вялікім рахунку. Натуральна, азэрбайджанская нафта для Беларусі можа абысьціся таньней за расейскую, калі ўзьнікне канфлікт з Расеяй. А Азэрбайджан — бліжэй, таму і транспарціроўка таньнейшая. Дый труба ўжо, здаецца, ёсьць — «Адэса — Броды», а можна праз Адэсу і цягнікамі вазіць. Але каб пацякла па ёй альтэрнатыўная нафта, перадусім патрэбная палітычная воля, а пасьля ўжо будуць разглядацца эканамічная мэтазгоднасьць і нават тэхналягічныя магчымасьці. А палітычная воля беларускага кіраўніцтва залежная ад палітычнай волі Крамля.

Беларусь будзе купляць у Азэрбайджане роўна столькі, колькі дазволіць Масква.

Беларусь будзе купляць у Азэрбайджане роўна столькі, колькі дазволіць Масква. Наколькі Маскве будзе выгадна. Ці якую квоту выгандлюе ў Пуціна Лукашэнка. Напэўна, ніколькі. Азэрбайджанская нафта можа быць хіба што адным з, мякка кажучы, слабаватых козыраў Лукашэнкі на перамовах пра цэны на энэрганосьбіты з Расеяй. Ці ў выпадку часовых спрэчак на гэты конт з Масквой часова з Азэрбайджану кампэнсаваць недаатрыманае з Расеі. Ці, як гэта ўжо было ў 2010 годзе, Аліеў пазычыць Лукашэнку сотню-другую мільёнаў даляраў, каб разьлічыцца за газ, нафту з Расеяй.

Увогуле — а ці толькі па нафту паехаў Лукашэнка да Аліева? Мо зброю там будзе прапаноўваць купляць, мо пазыкі прасіць? Сытуацыя эканамічная ў краіне склалася такая, што нават мільёнчык даляраў — дабро. Мы ж ведаем, што Лукашэнка і за моры-акіяны лётаў, каб прадаць хоць нейкі дзясятак трактароў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG