Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь сабралася павялічыць здабычу нафты. Навошта, калі яе няшмат?


Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі пастаўленая задача павелічэньня здабычы нафты, паведаміў БелТА начальнік упраўленьня геалёгіі Мінпрыроды Сяргей Мамчык.

«Беларусь забясьпечаная запасамі нафты на 35 гадоў», — перадае агенцтва ягоную заяву.

Паводле Мамчыка, дзеля росту здабычы нафты ў краіне будуць наладжаныя новыя работы ў геавыведцы і ўцягненьні ў прамысловасьць радовішчаў, у тым ліку тых, адкуль нафту здабываць цяжка. Паказьнік прыросту запасаў нафты даведзены да 600 тысяч тон на год, плян перавышаны на чвэрць у 2016 годзе.

Ды нафты ў Беларусі няшмат: апошнія чатыры гады здабыча нафты трымалася на ўзроўні каля 1,645 млн тон за год, пастаўкі ж расейскай нафты нават пасьля скарачэньняў на парадак большыя.

Экспэрт у нафтагазавай галіне інтэрнэт-выданьня belrynok.by Тацяна Манёнак тлумачыла Свабодзе: увесь аб’ём нафты, здабытай у краіне, Беларусь экспартуе згодна з пагадненьняў з расейскім бокам, а нафтавыя мыты ідуць у беларускі бюджэт. На яе думку, інвэстыцыі, што робяцца ў здабычу, значна меншыя за той эфэкт, што атрымлівае Беларусь ад экспарту ўласнай нафты.

Пры гэтым адкрыцьці новых радовішчаў, хай і невялікіх у параўнаньні з расейскімі пастаўкамі, — гэта заўжды добрая навіна: магчымасьці здабычы нафты ў Беларусі мусілі б зьніжацца, некалькі гадоў таму меркавалася, што аб’ёмы яе будуць усё больш падаць.

XS
SM
MD
LG