Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чарнобыльскі шлях» запатрабуе спыніць будаўніцтва БелАЭС. Маршрут вызначаць пасьля акцыяў за адмену «дармаедзкага» дэкрэту


Чарнобыльскі шлях, архіўнае фота

Аргкамітэт па правядзеньні «Чарнобыльскага шляху», які мае прайсьці ў Менску 26 красавіка, вызначыў галоўны лёзунг сёлетняй акцыі: спыненьне будаўніцтва БелАЭС.

Як сказаў Свабодзе старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч, маршрут пакуль ня вызначаны, разглядаюцца некалькі варыянтаў.

Першы варыянт — традыцыйны маршрут ад кінатэатру «Кастрычнік» праз вуліцу Сурганава да Чарнобыльскай капліцы ля парку Дружбы народаў. Такі маршрут, кажа Янукевіч, мае найвялікшыя шанцы, што яго дазволяць улады.

«Гучалі адваротныя прапановы: правесьці акцыю каля Адміністрацыі прэзыдэнта ці Савету міністраў, — кажа Янукевіч. — Аргумэнты гучалі, што яны павінны бачыць, наколькі набалела гэтая праблема, наколькі яна важная і крытычная. Гучалі і кампрамісныя прапановы.

Аднак мы пагадзіліся з тым, што трэба спачатку паглядзець, які ёсьць сёньня пратэстны патэнцыял у беларускім грамадзтве, як пройдуць заплянаваныя акцыі 17 лютага і 15 сакавіка супраць дэкрэту № 3. З улікам досьведу гэтых акцыяў будзе прымацца канчатковае рашэньне пра фармат і маршрут Чарнобыльскага шляху».

Янукевіч кажа, што заклік спыніць будоўлю БелАЭС не азначае патрабаваньня адмовіцца ад ядзернай энэргетыкі ў прынцыпе. Гаворка вядзецца пра канкрэтную будоўлю пад Астраўцом. Адна частка аргумэнтаў супраць БелАЭС тычыцца таго, што сама пляцоўка неадпаведная і ненадзейная. Другая — што ўжо другі корпус рэактара быў пашкоджаны падчас транспартаваньня і таму непрыдатны да ўжываньня на АЭС. Партыя БНФ, у прыватнасьці, не давярае фактычна ня выпрабаваным расейскім тэхналёгіям, якія ўжываюцца на БелАЭС.

«Мы супраць таго, каб беларуская нацыя станавілася тэставай пляцоўкай для расейскіх навукоўцаў, якія не займаюць перадавыя месцы ў сьвеце, — называе Янукевіч адзін з аргумэнтаў супраць БелАЭС. — Акрамя таго, будаўніцтва АЭС па расейскай тэхналёгіі на расейскай сыравіне толькі павялічыць энэргетычную і палітычную залежнасьць Беларусі ад Крамля, а гэта не адпавядае інтарэсам Беларусі».

Але больш шырокая тэма — атамная энэргетыка ў Беларусі і патрэба ў АЭС — вымагае больш шырокага абмеркаваньня. Рабіць акцэнт на такім абмеркаваньні ў межах «Чарнобыльскага шляху», кажа Янукевіч, значыла б адцягнуць увагу грамадзкасьці і актывістаў ад усё больш і больш надзённай праблемы: будоўлі пад Астраўцом.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG