Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе


Беларуская АЭС у Астраўцы

Беларуская АЭС у Астраўцы

У навукова-дасьледчай працы № 93/03-1 «Правядзеньне комплексу працаў па пошуку магчымых пунктаў разьмяшчэньня АЭС (патэнцыйных пляцовак) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», завершанай у 1993 годзе і падпісанай дваццацьцю навукоўцамі, было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.

Вытрымкі з працы публікуе доктар тэхнічных навук, прафэсар Георгі Лепін на сайце Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ён сьцьвярджае, што мае арыгінал дасьледаваньня.

«Астравецкі пункт (44) перасякае сыстэма рэгіянальных разломаў (Ашмянскі і іншыя), што выяўляюць тэктанічную актыўнасьць да нашых дзён, — гаворыцца ў дасьледаваньні. — У непасрэднай блізкасьці ад месца меркаванага будаўніцтва зарэгістраваны эпіцэнтар землятрусу інтэнсіўнасьцю да 7 балаў».

Навукоўцы пішуць, што разьмяшчэньне АЭС недапушчальнае пры наяўнасьці на пляцоўцы тыктанічна актыўных у апошнія 2 млн год разломаў, а тым больш на месцах структурных вузлоў такіх разломаў (як у выпадку Астравецкай пляцоўкі). 7-бальны землятрус быў зафіксаваны ў 1908 годзе з эпіцэнтрам каля станцыі Гудагай.

Лепін сьцьвярджае, што такой кепскай ацэнкі, як Астравецкая пляцоўка, ня мела ніводная іншая. Маўляў, больш небясьпечную пляцоўку абраць было немагчыма. Прафэсар мяркуе, што будаўніцтва АЭС пад Астраўцом, ля межаў Літвы, было «палітычным рашэньнем», а людзей, якія яго прымалі, не турбавала бясьпека як свайго народу, так і суседзяў.

9-бальны землятрус прывёў у 2011 годзе да аварыі на японскай АЭС Фукусіма-1.

«Яшчэ працаваць не пачала, а ўжо развальваецца. Што ж будзе, як дадуць чаду?» — Астравеччына пра сваю АЭС

Тым часам на Астравецкай пляцоўцы 1-10 верасьня маюць праводзіцца стрэс-тэсты, у тым ліку на выпадак землятрусу. Але нават не плянуюцца тэсты на памылкі, зьвязаныя з чалавечым фактарам. Да таго з чалавечым фактарам на будаўніцтве было зьвязана некалькі інцыдэнтаў: уранілі корпус рэактару (цяпер яго нібыта хочуць замяніць), разваліўся адзін з будынкаў на пляцоўцы, загінуў прынамсі адзін будаўнік.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG