Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тэрмін здачы БелАЭС пераносіцца як мінімум на год, — экспэрт


Адтэрміноўка здачы ў эксплюатацыю атамнай электрастанцыі, якая ўзводзіцца блізу Астраўца на Гарадзеншчыне, можа скласьці год. Такая затрымка можа быць выкліканая патрабаваньнем беларускага боку паставіць новы корпус рэактара ўзамен таго які быў пашкоджаны 10 ліпеня.

Пра гэта на ўмовах ананімнасьці заявіў Інтэрфаксу неназваны адмысловец, якога прадстаўляюць як дасьведчанага экспэрта ў дадзенай галіне.

На думку спэцыяліста, дзяржкарпарацыі «Росатом», магчыма, давядзецца аддаць Беларусі корпус рэактара энэргаблёку № 2, які будуецца для Ленінградзкай АЭС-2:

«Праблема не ў рамонце, бо там быў дотык да зямлі, пашкоджаныя некалькі трубак. Гэта можна было аднавіць проста на пляцоўцы. Але цяпер давядзецца аддаваць рэактар з другога блёку ЛАЭС-2, ён у вялікай ступені гатоўнасьці», — лічыць суразмоўца агенцтва.

Беларуская АЭС узводзіцца паводле расейскага праекту «ВВЭР-1200», генпадрадчык будоўлі — «Атамбудэкспарт», структура «Росатома». Станцыя мае складацца з двух энэргаблёкаў магутнасьцю 1200 МВт кожны. Пуск першага энэргаблёку плянаваўся на 2018 год, другога — да 2020-га.

У ноч на 10 ліпеня адна з субпадрадных арганізацыяў перасоўвала корпус рэактара. У нейкі момант адбыўся груз перакасіла, і ён сутыкнуўся зь зямлёй. Першы намесьнік кіраўніка «Росатома» Аляксандар Лакшын запэўніў, што ніякіх сур’ёзных пашкоджаньняў не было, «проста сьцерлася заводзкая фарба».

Аднак пад ціскам грамадзкасьці Міністэрства энэргетыкі Беларусі накіравала расейскаму боку апавяшчэньне аб рашэньні замяніць корпус рэактара БелАЭС. У дадзеным выпадку, як лічыць экспэрт энэргетычнага рынку, пытаньне набывае ня столькі тэхнічнае, колькі палітычнае і іміджавае адценьне. З гэтай прычыны зрух здачы Беларускай АЭС у эксплюатацыю можа скласьці 10–12 месяцаў.

Корпус рэактара каштуе 700–800 млн рублёў. Такія выпадкі звычайна страхуюцца, але дадзены выпадак — наўрад ці страхавы, таму што прамая віна ў здарэньні ляжыць на генпадрадчыку («Атамбудэкспарт». — ІФ) і падрадчыку (ЗАТ «Сезам»). Адпаведна, гэта іхнія страты, сказаў экспэрт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG