Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варонежцаў: «Будаўніцтва АЭС трэба спыняць. Хай застанецца помнік авантурнаму рашэньню»


Юры Варонежцаў
Юры Варонежцаў

Ці сапраўды беларускія ўлады нічога ня ведалі пра інцыдэнт на будоўлі Беларускай АЭС у Астраўцы? Ці можа актыўнасьць грамадзтва зрабіць працэс будаўніцтва АЭС больш празрыстым і адкрытым? Ці магчыма на гэтым этапе ўвогуле спыніць пабудову АЭС? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Інтэрвію тыдня» адказвае фізык, кандыдат тэхнічных навук, былы дэпутат Вярхоўнага Савету СССР Юры Варонежцаў. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Ці не здаецца вам, што цягам інцыдэнту падчас будаўніцтва АЭС беларускія афіцыйныя структуры паводзілі сабе даволі дзіўна? Яны заявілі, што нічога ня ведалі і што дасылаюць запыты расейскаму падрадчыку, каб той патлумачыў, што адбылося. Ці верыце вы ў такую вэрсію?

Варонежцаў: Сытуацыя больш чым дзіўная. На нашай тэрыторыі будуецца не кароўнік, а надта небясьпечны аб’ект з надта небясьпечнай тэхналёгіяй. Таму ўлады павінны ведаць усе падрабязнасьці таго, што адбываецца там. І калі яны нечага ня ведаюць — то навошта нам такія ўлады?

Цыганкоў: Беларускія ж афіцыйныя структуры так ці іначай прысутнічаюць на розных этапах здачы розных частак аб’екта, яны прымаюць працу падрадчыка. Ці верыце вы, што яны маглі нічога ня ведаць?

Я ня веру, што прадстаўнікі беларускіх афіцыйных структураў ня ведалі, што там адбылося.

Варонежцаў: Не, я ў гэта ня веру. Як вы слушна сказалі, ёсьць пэўны альгарытм здачы кожнага этапу будаўніцтва такога аб’екта. Такі кантроль ажыцьцяўляецца практычна штодзённа. Я ня веру, што прадстаўнікі беларускіх афіцыйных структураў ня ведалі, што там адбылося.

Але самае страшнае, што мы ўсе ня ведаем, што там адбылося. Ці сапраўды корпус рэактара ўпаў, ці калі яго перасоўвалі, то нешта закранулі. І для мяне гэта натуральнае дэжавю, нібыта я пераехаў на машыне часу на чвэрць стагодзьдзя назад, калі мы расьсьледавалі прычыны чарнобыльскай катастрофы. Тады адбывалася тое самае, але тады гэта была таталітарная дзяржава, СССР — а цяпер уладамі дэкляруецца дэмакратычная дзяржава Беларусь.

Цыганкоў: А што можа ў такой сытуацыі зрабіць неабыякавая грамадзкасьць? Ці існуюць законы і інструкцыі, якія б дазвалялі грамадзтву больш актыўна сачыць за пабудовай станцыі?

Варонежцаў: На вялікі жаль, большасьць нашых грамадзян забыліся на тое, што яны грамадзяне, што яны маюць правы, за якія трэба змагацца. У любога грамадзяніна існуе права патрабаваць поўнай інфармацыі пра тое, што адбываецца на тэрыторыі краіны. Яно замацаванае ў Канстытуцыі. Дзяржаўныя органы, службовыя асобы абавязаныя прадставіць грамадзяніну Беларусі магчымасьць знаёміцца з матэрыяламі, якія закранаюць ягоныя правы і законныя інтарэсы. У дадзеным выпадку нашыя правы і законныя інтарэсы вельмі моцна закранаюцца пабудовай АЭС, таму кожны грамадзянін мае права мець гэтую інфармацыю. Тут ня трэба ніякіх асаблівых законаў, бо вышэй за Канстытуцыю ў нас нічога няма.

Цыганкоў: Беларускае грамадзтва ў свой час падзялілася на дзьве часткі паводле пытаньня будоўлі АЭС. Адны казалі, што АЭС у прынцыпе патрэбная, але расейскі праект не выклікае даверу, іншыя — што АЭС не патрэбная ўвогуле. Якая ваша пазыцыя?

6 гадоў таму мы пісалі, што гэтая энэргія ня будзе запатрабаваная нікім. Тады нас ніхто не паслухаўся, але цяпер гэта прызнаў нават беларускі ўрад.

Варонежцаў: Натуральна, я супраць любой АЭС. Гэта глупства — будаваць АЭС у краіне, дзе запас генэрацыйных магчымасьцяў у паўтара раза перавышае бягучае спажываньне. Калі наша грамадзкая камісія рабіла сваё заключэньне 6 гадоў таму, мы пісалі, што гэтая энэргія ня будзе запатрабаваная нікім. Тады нас ніхто не паслухаўся, але цяпер гэта прызнаў нават беларускі ўрад. То бок пабудова АЭС — гэта чыста палітычнае рашэньне, нават начальнік краіны сказаў пра гэта.

Што тычыцца расейскага праекту, то гэта яшчэ больш пераконвае мяне і маіх прыхільнікаў у тым, што гэтая станцыя Беларусі не патрэбная. Нам навязалі рэактар з нулявой рэфэрэнтнасьцю. Гэты рэактар ВВЭР-1200 («водо-водяной энергетический реактор 1200») нідзе ані хвіліны не працаваў. Мала таго, яго будуе расейская валгадонская фірма (Волгодонский филиал АО «АЭМ-технологии» «Атоммаш»), якая апошнія 30 гадоў не будавала атамныя рэактары. Наш — гэта першы. Пра якую бясьпеку тут можна казаць? Калі 10 рэактараў адпрацуюць па 5 гадоў без інцыдэнтаў — тады можна будзе казаць пра нейкую адносную бясьпеку.

Цыганкоў: Але цяпер, калі ўжо зроблена больш за палову працы — ці рэалістычна патрабаваць спыніць будоўлю АЭС увогуле?

Варонежцаў: Ёсьць прыклады, калі спынялі будоўлю АЭС. У СССР пасьля Чарнобыля гэтак было некалькі разоў. Нядаўна Расея адмовілася ад калінінградзкага праекту, калі будоўля ўжо пачалася. Ёсьць такія прыклады і ў ЗША, і ў Эўропе. Я лічу, што нічога страшнага. Наадварот, было б карысна з пункту гледжаньня бясьпекі і эканомікі спыніць гэтую будоўлю. І будзе проста помнік авантурнаму рашэньню.

Цыганкоў: Расейскі падрадчык заяўляе, што нічога страшнага ня здарылася. Проста сьцерлася фарба. Яны заяўляюць, што на месцы працуе камісія МАГАТЭ. Цікавая роля гэтай арганізацыі. З аднаго боку, яны зацікаўленыя ў пабудове АЭС, зь іншага — гэта міжнародная адказная структура, якая сочыць за бясьпекай. Ці можна казаць, што ўмяшаньне МАГАТЭ можа гарантаваць якасную і бясьпечную пабудову АЭС?

Ніякіх гарантыяў бясьпекі кантроль МАГАТЭ даць нам ня можа.

Варонежцаў: Кантроль з боку любой міжнароднай арганізацыі — гэта добра. Але асабіста я не давяраю МАГАТЭ, бо пчолы ня будуць супраць мёду, бо гэтая структура заснаваная і будзе існаваць да таго часу, пакуль будзе існаваць атамная энэргетыка. Я думаю, што нейкія рамкі для будаўнікоў будуць усё ж пастаўленыя. Але ніякіх гарантыяў бясьпекі кантроль МАГАТЭ даць нам ня можа, ніхто ня можа даць такія гарантыі.

Цыганкоў: Зараз такая сытуацыя, што падрадчыкам і беларускім уладам было б палітычна выгадна дапусьціць туды, на месца будоўлі, журналістаў, каб яны пабачылі і пераканалі грамадзкасьць, што нічога страшнага не адбылося. Але гэтага няма, журналісты туды імкнуцца, але іх не пускаюць. Чаму? Можа, у беларускіх уладаў проста нейкая інэрцыя, умоўны рэфлекс — не пускаць журналістаў?

Варонежцаў: Так, гэта нешта ірацыянальнае. Бо ў інтарэсах уладаў было б паказаць усё грамадзкасьці, зрабіць працэс будоўлі адкрытым. Чаму гэта не адбываецца? Вы ж кантактуеце зь цяперашнімі чыноўнікамі. Што зь іх возьмеш!

Цыганкоў: Пакуль супраць АЭС пратэставала пераважна толькі Літва. Цяпер, калі паступаюць зьвесткі пра такія інцыдэнты — ці магчыма, што ўсё больш эўрапейскіх краінаў будзе больш крытычна ставіцца да АЭС?

Варонежцаў: Так, вы маеце рацыю. На жаль, на гэтую будоўлю Эўропа зьвяртала вельмі мала ўвагі. Думаю, трэба больш уважліва сачыць за тым, што пад бокам Эўразьвязу будуецца такі небясьпечны аб’ект. Тым больш што амаль усе эўрапейскія краіны цяпер адмаўляюцца ад атамнай энэргетыкі, ніхто, акрамя фінаў, не будуе новыя АЭС. Я думаю, што пэўная рэакцыя зь іхняга боку будзе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG