Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рашэньне аб скасаваньні дэпартацыі Жадана прымалася «на самым высокім узроўні»


Сяргей Жадан

Кампэтэнтныя органы Беларусі маюць права прапусьціць у сваю дзяржаву замежнікаў, якія знаходзяцца ў расейскім стоп-лісьце.

Усе звароты разглядаюцца ў індывідуальным парадку, запэўніў Свабоду начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун. У расейскім сьпісе непажаданых асобаў на ўезд у краіну шмат вышэйшых службовых асобаў Украіны: міністры ўнутраных спраў і абароны, кіраўніцтва СБУ, Вярхоўнай Рады, Кабінэту Міністраў, шэраг кіроўных асобаў адміністрацыі прэзыдэнта. Ці азначае гэта, што ўсяму кіраўніцтву Ўкраіны аўтаматычна забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі, бо ў Беларусі і Расеі агульная база неўязных?

Начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун на гэтае пытаньне адказаў так:

Начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун
Начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун

— Ёсьць пагадненьне аб узаемным прызнаньні рашэньняў пра адмову іншаземцам на ўезд у краіну, якое дзейнічае зь мінулага году. Але калі вы ўважліва прачытаеце пагадненьне, то там напісана: «Кампэтэнтныя органы ў межах унутраных працэдур могуць дазваляць уезд і знаходжаньне грамадзянам, якім накладзена адпаведнае абмежаваньне». То бок ня толькі МУС, але і іншыя кампэтэнтныя органы дазваляюць наведваньне Беларусі на падставе адпаведнага звароту альбо пад нейкае палітычнае мерапрыемства, на якім плянуецца ўдзел той ці іншай службовай асобы. Мэханізм такі ёсьць, і ён працуе. Рашэньне прымаецца на мэтавы зварот канкрэтнай асобы«, — запэўніў палкоўнік міліцыі Аляксей Бягун.

— А чаму так адбылося зь вядомым украінскім літаратарам Сяргеем Жаданом, якога спачатку ўпусьцілі ў краіну, а потым сярод ночы паднялі, завезьлі ў пастарунак, паставілі штамп у пашпарце і загадалі пакінуць Беларусь?

— Як чаму? Таму што ягоныя пэрсанальныя зьвесткі ўключаныя ў сьпіс.

— Як яго тады прапусьцілі ў краіну, і раней ён прыяжджаў неаднаразова?

— Таму што ў яго транскрыпцыя ў пашпарце і сьпісе розная, напісаньне прозьвішча адрозьніваецца на дзьве літары. А ў сыстэмах унутраных органаў больш пашыраныя зьвесткі, крыху іншыя ўлікі, якія прадугледжваюць больш пашыраны пошук, і органы МУС вызначылі, што пэрсанальныя зьвесткі ўнесеныя ў сьпіс. Таму яго і затрымалі.

— А чаму так жорстка зь ім абышліся?

—Таму што ў яго «афарбоўка» адпаведная.

— Хто потым прыняў рашэньне аб ануляваньні забароны? На якім узроўні?

— На самым высокім узроўні.

— А можна ўдакладніць: на ўзроўні міністра ці прэзыдэнта?

— На самым высокім узроўні.

Раней начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Аляксей Бягун тлумачыў, што кожны грамадзянін Украіны ці любой іншай дзяржавы можа зьвярнуцца на сайт МУС Беларусі з мэтавым запытам: напісаць электронны зварот, прыкласьці копіі дакумэнтаў, і цягам трох працоўных дзён ён атрымае адказ, ці ёсьць перашкоды для ягонага ўезду ў Беларусь.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG