Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аўталаўкі» ананасаў ня возяць: цэны ў Івацэвіцкай аўтакраме параўноўваем зь менскім супэрмаркетам


Радыё Свабода пачала штомесячны маніторынг цэнаў у Беларусі на самыя неабходныя тавары. Першая публікацыя праекту «Не для нас ананас» зафіксавала цэны ў Менску на пачатак студзеня 2017 году.

У спажывецкі кошык уключаныя 7 прадуктаў харчаваньня, а таксама аўтамабільнае паліва, праезд у транспарце і квіток у кінатэатар.

У Менску цэны на харчы Свабода фіксавала ў супермаркеце «Суседзі».

24 студзеня карэспандэнты Свабоды наведалі вёскі Івацэвіцкага раёну, дзе ўжо няма крамаў, разам з аўтакрамай раённай спажывецкай каапэрацыі, вывучылі цэны і паслухалі вяскоўцаў.

Палешукі і літвіны

Івацэвіцкі раён на Берасьцейшчыне ўмоўна дзеліцца чыгункай на Целяханскую («палескую») і Косаўскую («літвінскую») зоны. І калі палескія вёскі тут досыць буйныя, то на Косаўшчыне шмат сёлаў, якія паміраюць. Свабода наведала паміраючыя вёскі і зьдзівіла сялян ананасам.

У некаторых вёсках Косаўшчыны жыве па некалькі дзясяткаў чалавек, а то і меней за дзясятак.

У такіх вёсках ужо гадамі няма крамы, а па прадукты тутэйшыя людзі ходзяць да аўталаўкі, якая прыяжджае тры разы на тыдзень. Журналісты Свабоды праехаліся па некалькіх вёсках за аўталаўкай ды пацікавіліся, што турбуе сялянаў.

Жыхарка Булы на ананас — «Вазон мо які?»

Аўталаўка ў вёсцы Була
Аўталаўка ў вёсцы Була

Вёска Була — на ўскрайку Івацэвіцкага раёну. За ёй ужо пачынаецца Гарадзенская вобласьць. У Буле каля 70 жыхароў. У некаторых дварах ёсьць машыны. Але да аўталаўкі, якая стаіць тут гадзіну каля закінутага будынку былой крамы, прыходзіць шмат пэнсіянэраў.

Бабулькі з Булы кажуць, што радуюцца аўталаўцы, але наракаюць журналістам, што ў цёмны час у вёсцы не гараць ліхтары:

«Пакінулі гэтае сяло, і ніхто на яго не глядзіць. І нібыта дэпутат у нас ёсьць, і мы за яго галасавалі... Цэлую зіму сядзім — на слупе сьвятла няма. І тэлефанавалі, і ў сельсавет, і электрыкам. Электрыкі пасылаюць у сельсавет, а ў сельсавеце кажуць — грошай няма. То што рабіць? Няхай прыйдуць, падключаць, ды мы заплацім. А то ўвечары на вуліцу... У прыбіральню пайсьці — і то невядома як», — жаліцца пэнсіянэрка.

Суразмоўцы кажуць, што бяруць у аўтакраме самае неабходнае. Традыцыйна — хлеб, батон, малако, яйкі ды каўбасу. Пытаемся, ці далікатэсы замаўляюць. Бабулькі жартуюць:

«То каўбаса ж — гэта далікатэс...»

Працягваем бабулям ананас і пытаемся ў іх, ці ведаюць, што гэта такое.

«Вазон мо які?.. Ня ведаю», — паціскае плячыма адна.

Другая кажа, што гэта ананас. Праўда, адказаць, калі апошні раз елі ананас, бабулькі ня могуць:

«А хто яго купляе, той ананас? Мы ўжо мо пяць гадоў у Івацэвічах не былі, няма на чым даехаць...» — ухіляюцца ад адказу суразмоўніцы.

Хадоркі: «Капейкі... Хоць лупу насі»

У вёсцы Хадоркі пад Косавам жыве каля 30 чалавек. Важная падзея для сялянаў — прыезд аўталаўкі тры разы на тыдзень. Карэспандэнты Свабоды засьпелі аўталаўку ў гэтай вёсцы, калі тут ужо сабраліся ў чаргу некалькі пэнсіянэраў.

Жыхары вёскі Хадоркі каля аўталаўкі
Жыхары вёскі Хадоркі каля аўталаўкі

«Няма каму ўжо тут купляць. Трыццаць чалавек. А ў 60-я было 360 чалавек, тут 25 хутароў было толькі», — кажа спадар сталага веку.

«Усе хаты во пустыя... Моладзь? Ой, што вы, я самая маладзейшая», — сьмяецца бабуля.

Жыхары Хадорак хваляць працаўнікоў аўталаўкі, кажуць, што тут можна набыць усё патрэбнае — хлеба, малака, алькаголю з пэнсіі. Але наракаюць старыя, што новыя беларускія манэты нязручныя для іх:

«Але гэтыя капейкі... Цёмныя... Калісьці саюзныя, то яны буйнейшыя былі, а гэта — сёньня сьляпому не пабачыш. Хоць ты з сабою люпу насі».

Расклад прыезду аўталаўкі ў Хадорках
Расклад прыезду аўталаўкі ў Хадорках

Крамы ў Хадорках, кажуць вяскоўцы, няма ўжо больш як 5 год, яе ўжо нават разабралі.

Прадавачка «аўталаўкі» кажа, што ўжо ведае і сваіх пакупнікоў, і іхнія патрэбы:

«У нас графік ёсьць, па паўгадзіны, па гадзіне ў вёсцы стаім. Бывае, што людзі нешта адмыслова ў нас замаўляюць. Збожжа прывозім, ды ўсё, што трэба. Запісваем у сшытак папярэдніх замоваў усе пажаданьні».

Дубітава: «Грошай мала, мы і гэтага не бяром»

Жыхарка Дубітава ідзе да аўталаўкі па хлеб для сябе і батон для суседкі
Жыхарка Дубітава ідзе да аўталаўкі па хлеб для сябе і батон для суседкі

У вёсцы Дубітава, паводле афіцыйных зьвестак, 32 жыхары. Як і ў Хадорках, у асноўным пэнсіянэры. Сяляне кажуць, што зімою жыхароў тут яшчэ меней, бо некаторых на зіму забіраюць дзеці ў гарады.

Уражвае мноства закінутых хат. Шмат якія пазарасталі кустоўем, вокны павыбіваныя. Спадарыня, якая ідзе да аўталаўкі, кажа, што лепей бы гэтыя хаты далі разьбіраць на дровы:

«Каб пааддавалі, то мы б забралі на дровы. Іначай жа і ня хочацца браць, іх жа толькі на дровы. Во гэтай гаспадар у Кобрыні — і не разьбірае, і не адмаўляецца», — кажа спадарыня.

Закінутыя хаты ў Дубітаве
Закінутыя хаты ў Дубітаве

Дубітаўскія пэнсіянэры сустракаюць карэспандэнтаў ня так весела, як у Хадорках. Многія з тых, хто прыйшоў да аўталаўкі — значна старэйшыя. Адна бабулька прыйшла, абапіраючыся на два кійкі. Распавядае, што нядаўна яе суседка таксама выбіралася да перасоўнай крамы, павалілася на сьлізкай дарозе ды зламала руку. То цяпер бабуля прыйшла па хлеб для сябе і па батон для суседкі.

У Дубітаве сяляне таксама задаволеныя аўталаўкай, толькі скардзяцца на малую пэнсію:

«Нам добра, вельмі добра, асабліва гэтая аўталаўка. Што б мы рабілі безь яе? Усё купляем, і хапае, прывыклі. Каб адно ў нас пэнсія была вялікая, а то грошай мала, мы і гэтага не бяром», — хваліць жыхарка Дубітава перасоўную краму.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG