Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 аштрафаваных за ўшанаваньне паўстанцаў Каліноўскага. І гэта яшчэ не канец


Сябры руху «За свабоду» ў Якушоўцы
Сябры руху «За свабоду» ў Якушоўцы

Чарговыя прозьвішчы актывістаў, асуджаных за ўдзел ва ўшанаваньні на Дзяды паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Сьвіслачы: старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч пакараны штрафам на 525 рублёў (25 базавых велічынь), каардынатар руху ў Берасьцейскай вобласьці Юры Казакевіч аштрафаваны на 210 рублёў (10 базавых) і актывіст руху Вадзім Бабін аштрафаваны на 63 рублі (3 базавыя велічыні).

Юры Губарэвіч атрымаў рашэньне Сьвіслацкага раённага суду ў канцы мінулага тыдня. Кажа, позвы яму не даслалі, праўда, тэлефанавалі са Сьвіслацкага суду, але паколькі сувязь была вельмі дрэннай, то сутнасьці тэлефанаваньня ён не зразумеў і папрасіў даслаць позву.

Юры Губарэвіч
Юры Губарэвіч

— Міліцыянты развозілі позвы ў Менску, але мяне ў гэты час у горадзе не было, і таму позвы я фармальна не атрымаў і з такім рашэньнем суду ня згодны. Яшчэ адзін значны момант: рашэньне суду падпісана 30 сьнежня, а тэрмін разгляду адміністрацыйнай справы скончыўся 29 сьнежня. У гэтым я бачу працэсуальнае парушэньне.

Губарэвіч лічыць суды за ўшанаваньне паўстанцаў Каліноўскага на Дзяды дэманстратыўным цынічным перасьледам людзей, якія шануюць нацыянальную гісторыю.

— Відавочна, што рашэньне аб тым, каб судзіць людзей, якія прыехалі ў Сьвіслач ушанаваць памяць нацыянальных герояў, не прымалася адразу. Міліцыянты, якія прысутнічалі падчас акцыі, былі дасланыя толькі дзеля фіксацыі ўдзельнікаў; яны толькі здымалі ўсіх на камэры, ніхто нікога не папярэджваў пра тое, што нехта парушае заканадаўства; усе былі апранутыя ў цывільнае. Улады ад пачатку ня вызначыліся, што рабіць, але потым яны прынялі рашэньне — папаўняць бюджэт. Ім гэта, вядома, цяпер больш важна, чым міжнародны імідж, правы чалавека і г.д.

Каардынатар руху «За свабоду» ў Берасьцейскай вобласьці Юры Казакевіч расказаў Свабодзе, што ў Сьвіслацкі суд яго запрасілі праз SMS, потым тэлефанавала дзяўчына з канцылярыі гэтага суду і пацікавілася, ці ён атрымаў паведамленьне. У Сьвіслач Казакевіч не паехаў, а пазьней праз пошту атрымаў рашэньне суду.

Юры Казакевіч
Юры Казакевіч

— Найбольш мяне зьдзівіла тое, што ў рашэньні суду было запісана, што я часткова прызнаў сваю віну. Гэта мяне вельмі абурыла, паколькі за два месяцы мне ніводзін прадстаўнік праваахоўных органаў не задаў нават пра гэта ніводнага пытаньня, я ні з кім не размаўляў: пратакол склалі без мяне, судзілі мяне ў маю адсутнасьць... А потым SMS — гэта неадэкватна, і тэлефанаваньне нейкай дзяўчыны — гэта можа зрабіць любая школьніца. Суд ня можа так дзейнічаць. Адкуль яны ўзялі, што я часткова прызнаў сваю віну? І ўрэшце далі штраф 10 базавых велічынь...

Паводле Казакевіча, суды над удзельнікамі ўшанаваньня памяці паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы выклікаюць у яго найбольшае абурэньне.

— Яшчэ зразумела, калі судзяць тых, хто выходзіць на Плошчу, але калі судзяць за тое, калі людзі прыходзяць у памінальныя дні на могілкі, кладуць там кветкі, запальваюць зьнічы, потым ідуць да помніка Каліноўскага, які пастаўлены самімі ж уладамі, і там таксама запальваюць зьнічы, прамаўляюць словы ў памяць пра сваіх продкаў; потым едуць, як звычайная экскурсія, на сядзібу Каліноўскіх і там фатаграфуюцца — за што тут судзяць людзей? Улады ясна паказваюць нашаму грамадзтву, што яны душаць любыя праявы цікавасьці людзей да сваёй гісторыі. І робяць яны гэта на карысьць так званага «русского мира», які таксама жадае, каб мы тут ня ведалі ні сваёй гісторыі, ні сваіх герояў, ні сваёй мовы. Мы з гэтым ніколі не пагодзімся.

Актывіст руху Вадзім Бабін зь Менску распавёў Свабодзе, што ў суд быў выкліканы 29 сьнежня а 9-й гадзіне раніцы і яму паведамілі, што ягоную справу будуць разглядаць таксама 29-га сьнежня. Бабін паспрабаваў дабрацца да Сьвіслачы, але ня змог нават набыць квіток на аўтобус. Патэлефанаваў у Сьвіслач і папярэдзіў, што ня здолее дабрацца, прапанаваў разгледзець справу без ягонага ўдзелу.

Вадзім Бабін
Вадзім Бабін

— Ды і так было зразумела, што асудзяць незалежна ад таго, прыеду я ці не. Вядома, грошай у казьне няма, дык такім чынам шукаюць. Сумна, што так адбываецца. Улады імкнуцца ўскладніць жыцьцё нацыянальна сьвядомым людзям, але не заўважаюць, што гэтым самым наносяць шкоду і сабе.

30 сьнежня ў Сьвіслачы былі прызначаныя працэсы над Алесем Макаевым і Аляксеем Янукевічам, але яны таксама на гэтых судах не прысутнічалі і рашэньняў пакуль не атрымалі.

Паводле маніторынгу гарадзенскіх праваабаронцаў, за ўшанаваньне паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы раней былі асуджаныя пятнаццаць актывістаў з розных гарадоў Беларусі. Цяпер да іх дадаліся сябры руху «За свабоду» Юры Губарэвіч, Юры Казакевіч і Вадзім Бабін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG