Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні засудзілі трох удзельнікаў акцыі ўшанаваньня паўстанцаў Каліноўскага


Гарадзенцы Сяргей Верамеенка, Віктар Сазонаў і Ўладзімер Хільмановіч
Гарадзенцы Сяргей Верамеенка, Віктар Сазонаў і Ўладзімер Хільмановіч

Сяргей Верамеенка аштрафаваны на 315 рублёў, Віктар Сазонаў — на 735 рублёў, Уладзімер Хільмановіч — на 840 рублёў. Усе зьвінавачаныя ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Разгляд адміністрацыйнай справы пачаўся з таго, што судзьдзя Ленінскага суду Горадні Дзьмітры Бубенчык адхіліў хадайніцтвы Хільмановіча, Сазонава і Верамеенкі аб тым, каб працэс вёўся на беларускай мове. Пры гэтым спаслаўся на тое, што ў краіне паводле Канстытуцыі дзьве дзяржаўныя мовы.

Паводле складзеных на Хільмановіча, Сазонава і Верамеенку пратаколаў усе трое абвінавачваліся ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве ў Сьвіслачы 30 кастрычніка.

Усе абвінавачаныя не адмаўлялі, што прысутнічалі ў гэты дзень у Сьвіслачы, што былі на могілках і ўскладалі кветкі, запальвалі зьнічкі, тое самае рабілі каля помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, езьдзілі ў Якушоўку і там фатаграфаваліся.

Усё гэта робіцца на працягу ўжо 20 гадоў — казаў суду кожны з абвінавачаных — і гэта традыцыя. Хільмановіч не адмаўляў, што трымаў у руках бел-чырвона-белы сьцяг.

Але ўсе яны задаваліся пытаньнем: у чым наша віна? Хільмановіч цытаваў з закону азначэньні паняцьцяў «мітынг» і «несанкцыянаванае шэсьце». І дзеяньні абвінавачаных не падпадалі пад тое, што напісана ў законе. Асабліва Хільмановіч завастрыў увагу на тым, што бел-чырвона-белы сьцяг заканадаўча не забаронены і што на тое, каб яго насіць з сабою, ня трэба прасіць дазволу ў райвыканкаме.

Да ўсяго, Уладзімер Хільмановіч зьвярнуў увагу суду на неахайнасьць усіх пратаколаў. Ён пералічыў недарэчнасьці і памылкі, якія дапусьцілі супрацоўнікі Сьвіслацкага РАУС пры іх складаньні.

Да прыкладу, няправільна быў пазначаны час, калі пачыналіся мерапрыемствы па ўшанаваньні памяці паўстанцаў. Хільмановіча і іншых чамусьці назвалі ў пратаколах сябрамі БНФ, хоць ні ён, ні яго сябры не ўваходзяць у гэтую арганізацыю.

Ён таксама канстатаваў, што «дзякуючы» дзеяньням супрацоўнікаў Сьвіслацкага РАУС быў асуджаны актывіст з Мастоў, якога наагул не было на мерапрыемстве.

Затым дапыталі сьведак — двух міліцыянтаў. Але акрамя таго, каб пацьвердзіць тое, што прызналі і Хільмановіч, і Сазонаў, і Верамеенка — сваю прысутнасьць у Сьвіслачы, яны больш нічога канкрэтнага не маглі сказаць. Праўда, абодва казалі, што прысутныя на мерапрыемстве ў Сьвіслачы трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі.

Да сьведак пасыпаліся пытаньні ад абвінавачаных: чаму ўсе міліцыянты былі ў цывільным? Чаму яны не рабілі заўвагаў, калі ведалі, што сабраныя парушаюць заканадаўства? Ці парушаў хто грамадзкі парадак, заклікаў да зьвяржэньня ўлады і г.д.? Адказаў зь іх боку не прагучала. Хіба што адзін зь іх спрабаваў кваліфікаваць тое, што людзі ішлі па ходніках са сьцягамі да помніка Каліноўскаму, як несанкцыянаванае шэсьце.

Усе трое абвінавачаных хадайнічалі перад судом, каб на працэс быў выкліканы або начальнік сьвіслацкай міліцыі, або ягоны намесьнік, якія аддавалі загады складаць пратаколы. Гэта дазволіла б высьветліць, на якой падставе нехта вырашыў, што было парушана заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

У задавальненьні хадайніцтва судзьдзя Дзьмітры Бубенчык адмовіў, не патлумачыўшы прычыны. Усіх трох суд прызнаў вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Сяргей Верамеенка аштрафаваны на 315 рублёў (15 базавых), Віктар Сазонаў — на 735 рублёў (35 базавых), і Ўладзімер Хільмановіч — на 840 рублёў (40 базавых велічынь).

Уладзімер Хільмановіч сказаў Свабодзе, што рашэньне суду яшчэ раз пацьвердзіла палітычны характар працэсу:

— Нават сьведчаньні міліцыянтаў пацьвердзілі, што ніякага адміністрацыйнага правапарушэньня мы не зьдзяйсьнялі. Суд не ўстанавіў факту мітынгу, шэсьця, за якія нас асудзілі. Нашы дзеяньні не падпадаюць пад гэта. Але затое выявіліся такія рэчы, як нізкі ня толькі прафэсійны ўзровень сьвіслацкіх міліцыянтаў — пратаколы з грубымі памылкамі, а і культурны ўзровень. Думаю, што буду пісаць скаргі, бо за такія рэчы трэба прыцягваць да адказнасьці.

Віктар Сазонаў, камэнтуючы прысуд, сказаў Свабодзе, што ён як праваабаронца даўно адсочвае сытуацыю са стаўленьнем праваахоўных органаў да патрыятычна настроеных актывістаў.

Паводле маіх высноваў, на Гарадзеншчыне існуе пэўная «моцная рука», якая скіроўвае праваахоўныя органы на барацьбу з актывістамі

— Паводле маіх высноваў, на Гарадзеншчыне існуе пэўная «моцная рука», якая скіроўвае праваахоўныя органы на барацьбу з актывістамі і асабліва на тое, каб душыць адраджэнскія нацыянальныя працэсы ў нашым рэгіёне. Нават праз прызму гэтае сьвіслацкае справы відаць, што гарадзенцаў было сёлета там найменей, але самы вялікі ціск чыніцца менавіта на іх. Амаль нікога не мінаюць, судзяць нават тых, хто там і ня быў. А вось, дарэчы, у Берасьці такі ж самы пратакол суд папросту накіраваў назад у Сьвіслач на дапрацоўку, бо ён нічога ня варты. Чаму так робіцца — на гэтыя пытаньні рана ці позна будуць адказы.

Сяргей Верамеенка сказаў Свабодзе, што ў рашэньні суду Ленінскага раёну Горадні няма нічога новага, бо яно палітычна матываванае.

— Нават пратаколы не напісаныя як мае быць, а папросту зьляпаныя нібыта малапісьменнымі людзьмі. У дачыненьні да мяне проста напісана: удзельнічаў у мітынгу, і кропка. Сьведкі кажуць, што я ўдзельнічаў у мітынгу, на той падставе, што знаходзіўся ў групе асобаў. Але я кожны дзень знаходжуся недзе ў групе асобаў: і на прыпынку, і ў краме...

І Хільмановіч, і Сазонаў, і Верамеенка выказалі намер абскарджваць рашэньні Ленінскага суду ў вышэйшых інстанцыях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG