Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імаверны амбасадар ЗША ў Маскве: Расея можа прапанаваць Украіне кампэнсацыю за Крым


Томас Грэм.
Томас Грэм.

Выданьне Politico паведамляе, што Дональд Трамп можа прызначыць амбасадарам ЗША ў Расеі дарадцу Генры Кісынджэра і дырэктара кансалтынгавай кампаніі былога дзяржаўнага сакратара Kissinger Associates Томаса Грэма (Thomas Graham).

У эксклюзіўным інтэрвію Міхаілу Гуткіну, супрацоўніку расейскай службы «Голасу Амэрыкі», Грэм адмовіўся камэнтаваць сваё магчымае прызначэньне. «Гэта ўсяго толькі чуткі, — сказаў ён. — Я не чытаю прэсу. Казалі, што Міта Ромні прызначаць дзяржаўным сакратаром, і мы ведаем, чым усё абярнулася».

Тое, што яго імя згадваецца ў якасьці кандыдата на амбасадара ЗША ў Маскве, ня дзіўна. Томас Грэм — дасьведчаны дыплямат і лічыцца адным з найбольш абазнаных амэрыканскіх экспэртаў па Расеі. Ён добра гаворыць па-расейску. Грэм працаваў у Радзе нацыянальнай бясьпекі і быў адмысловым памочнікам прэзыдэнта Джорджа Буша-малодшага ў пытаньнях палітыкі стасоўна Расеі. У 80-я — 90-я гады працаваў у амэрыканскай амбасадзе ў Маскве.

нам трэба сфармуляваць палітыку ў дачыненьні да Расеі, якая будзе прасоўваць нашы інтарэсы з улікам таго, зь якой Расеяй мы маем справу сёньня

Але, магчыма, яшчэ больш важна тое, што цяпер ён займае пасаду кіраўніка дырэктара кансалтынгавай фірмы Kissinger Associates і лічыцца ключавым дарадцам былога дзяржаўнага сакратара. Сам 93-гадовы Генры Кісынджэр, нягледзячы на сталы ўзрост, вядзе вельмі актыўнае палітычнае жыцьцё: на працягу многіх гадоў ён сустракаецца з Уладзімерам Пуціным, рэгулярна бывае ў Пэкіне і сустракаецца з кітайскімі лідэрамі, пасьля перамогі на выбарах Дональда Трампа некалькі разоў сустракаўся зь ім. У прэсе ў канцы мінулага году зьявіліся дадзеныя аб тым, што Кісынджэр можа выступіць у ролі пасярэдніка паміж Трампам і Пуціным.

Томас Грэм адмовіўся камэнтаваць гэтыя паведамленьні

І Грэм, і Кісынджэр ёсьць прадстаўнікамі школы «рэалістаў» у амэрыканскай замежнай палітыцы, і, падобна, іхныя думкі ў пэўнай ступені супадаюць з поглядамі Дональда Трампа. Асабліва што да амэрыканска-расейскіх дачыненьняў.

«Думаю, у гэтым выпадку я магу гаварыць ад асобы доктара Кісынджэра, — сказаў Грэм у інтэрвію Голасу Амэрыкі. — Ён хацеў бы бачыць паляпшэньне амэрыканска-расейскіх дачыненьняў і многія гаы працаваў над гэтым, пачынаючы з таго моманту, калі Ўладзімер Пуцін стаў прэзыдэнтам РФ. Апошнімі некалькімі гадамі, калі двухбаковыя стасункі рэзка пагоршыліся, ён спрабаваў дамагчыся іх нармалізацыі, усталяваньня каналаў сувязі і дыялёгу для абмеркаваньня таго, як кожны з бакоў бачыць свае нацыянальныя інтарэсы, праблемы, якія стаяць перад сьветам, і выклікі, зь якімі нашы краіны сутыкаюцца. На аснове такога дыялёгу можна прыйсьці да паразуменьня, як будаваць двухбаковыя дачыненьні. Пры гэтым дэталі застаюцца адкрытымі для абмеркаваньня».

«Ініцыятыва Бойста»

Паводле нямецкага выданьня Bild, Кісынджэр ужо прапанаваў Трампу плян вырашэньня ўкраінскай праблемы. І гэты плян заснаваны на так званай «ініцыятыве Бойста». Бойста — гэта востраў у Фінляндыі, дзе ў жніўні 2014 году амэрыканскія і расейскія экспэрты правялі нефармальныя кансультацыі для ўзгадненьня палажэньняў недзяржаўнай дыпляматычнай ініцыятывы дзеля спыненьня расейска-ўкраінскага канфлікту. Сутнасьць прапановаў палягала ў замацаваньні нэўтральнага статусу Ўкраіны, дэмілітарызацыі паўднёвага ўсходу краіны і далейшага абмеркаваньня юрыдычных пытаньняў, зьвязаных са статусам Крыму. Пазьней частка гэтых рэкамэндацыяў легла ў аснову менскіх пагадненьняў. Томас Грэм быў ключавым удзельнікам «групы Бойста» з амэрыканскага боку.

«Ініцыятыва Бойста першапачаткова была жорстка скрытыкаваная як у ЗША, так і ў Расеі, — прыгадвае экспэрт. — Пазьней многія элемэнты гэтай ініцыятывы ляглі ў аснову менскіх пагадненьняў. Я не хачу ставіць гэта ў заслугу ўдзельнікам групы Бойста; урэшце, мадальнасьць замірэньня і вырашэньня падобных канфліктаў прыдумалі ня мы. Аднак я бачу долю іроніі ў тым, што тыя ж людзі, якія крытыкавалі ініцыятыву Бойста, цяпер кажуць: „Калі б толькі мы змаглі дамагчыся выкананьня менскіх пагадненьняў, гэты крызыс можна было б вырашыць“!

„Ініцыятыва Бойста“ прадугледзела магчымыя шляхі выхаду з крызысу, і сёньня шмат хто засяроджаны на выкананьні менскіх пагадненьняў, якія хай і не вынікалі з гэтай ініцыятывы непасрэдна, але разьвіваліся паралельна ёй».

Сёньня Грэм лічыць, што выкананьне менскіх пагадненьняў у спалучэньні з адменай санкцыяў, уведзеных супраць Расеі адміністрацыяй Барака Абамы, можа прывесьці да вырашэньня крызысу.

«Убачыць Расею як яна ёсьць»

«Думаю, відавочна, што Расея мае свае доўгатэрміновыя інтарэсы ва Ўкраіне — для гэтага ёсьць гістарычныя, культурныя і чалавечыя прычыны, — кажа Томас Грэм. — Аднак прызнаньне наяўнасьці гэтых інтарэсаў не азначае прызнаньня за Расеяй сфэры ўплыву. Я мяркую, што гэтыя настроі павінны быць улічаныя пры карэктаваньні амэрыканскай замежнай палітыкі. ЗША таксама маюць свае інтарэсы ва Ўкраіне, і, такім чынам, мае быць знойдзены балянс паміж захаваньнем мінімальных інтарэсаў РФ і ЗША. У гэтым рэальная мэта дыялёгу».

«Аднак пытаньне варта ставіць шырэй, — працягвае экспэрт. — Існуюць сурʼёзныя рознагалосьсі ў цэлым шэрагу праблемаў, якія маюць патрэбу ў абмеркаваньні. Гэта найперш пытаньні ўсясьветнага парадку — на працягу апошніх 60-70-і гадоў, а ў некаторых выпадках і 300-400 гадоў, мы абапіраліся на эўрапейскія прынцыпы сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці, легітымнага ўжываньня сілы, права на самавызначэньне. На мой погляд, і ў Вашынгтоне, і ў Маскве згодныя з гэтымі асноватворнымі прынцыпамі. Праблема палягае ў іх інтэрпрэтацыі і зь іх ужываньнем у актуальнай сытуацыі».

Расея будзе вельмі энэргічна абараняць уласныя інтарэсы і ня пойдзе на саступкі

«Гэта праблемы агульнага кшталту, але ёсьць і канкрэтныя пытаньні, у якіх у нас існуюць рознагалосьсі, у тым ліку што да Ўкраіны, Сырыі; нашыя інтарэсы могуць не супадаць у Арктыцы, Паўднёвай Азіі, — адзначае Грэм. — Таму новай амэрыканскай адміністрацыі неабходна ўсталяваць каналы сувязі і правесьці на адпаведным узроўні сурʼёзныя дыскусіі пра тое, як мы разумеем сытуацыю, якая склалася ў сьвеце, і якімі мы бачым дачыненьні паміж ЗША і Расеяй».

«На аснове дасягнутага паразуменьня нам трэба сфармуляваць палітыку стасоўна Расеі, якая будзе прасоўваць нашы інтарэсы з улікам таго, зь якой Расеяй мы маем справу сёньня — а ня зь нейкім ідэалізаваным вобразам Расеі, які мы спадзяваліся ўбачыць 25 гадоў таму пасьля распаду Савецкага Саюзу, і ўжо, вядома, ня з тым дэманічным вобразам Расеі, які малюе сёньня вялікая частка заходніх СМІ, — рэзюмуе Грэм. — Гэта вельмі прагматычны падыход, заснаваны на цьвярозым разуменьні нашых нацыянальных інтарэсаў, а таксама разуменьні таго, што Расея будзе вельмі энэргічна абараняць уласныя інтарэсы і ня пойдзе на саступкі, якія, зь яе гледзішча, паставяць пад пагрозу дасягненьне яе мэтаў у сьвеце».

NATO, санкцыі, Крым

Міхаіл Гуткін: ці лічыце вы, што часткай рашэньня праблемы павінен стаць мараторыюм на пашырэньне NATO і адмова Ўкраіны ад сяброўства ў Паўночнаатлянтычным альянсе?

Томас Грэм: Я ня бачу прычынаў для пашырэньня NATO ў цяперашняй сытуацыі. Ўнутры NATO дастаткова праблемаў, якія маюць патрэбу ў вырашэньні. Расея ў пэўным сэнсе ўяўляе пагрозу для NATO, але зь ня меншай пагрозай альянс сутыкаецца і на сваіх паўднёвых межах.

Датычна канкрэтна Ўкраіны: улічваючы інтарэсы Расеі і адчувальнасьць Масквы ў гэтым пытаньні, я ня бачу, якія мэты будуць дасягнутыя наданьнем Украіне сяброўства ў NATO. Гэта не павысіць бясьпекі альянсу і не дапаможа аднавіць дачыненьні з Расеяй. Я мяркую, што часткай выхаду з крызісу можа стаць пазаблёкавы статус Украіны. Кіеву неабходна самавыключыцца з геапалітычнай барацьбы, што дазволіць Украіне засяродзіцца на вырашэньні надзённых унутраных праблемаў.

Я думаю, што пытаньне ўступленьня Украіны ў NATO варта — са згоды Кіева — зьняць з парадку дня.

МГ: Пры якіх умовах варта пачаць здымаць санкцыі, уведзеныя супраць Расеі?

Санкцыі трэба аслабляць наўзамен на канкрэтныя дзеяньні

ТГ: Па-першае, варта прызнаць, што санкцыі трацяць падтрымку ў Эўропе. Па-другое, трэба прызнаць, што санкцыі не прывялі да вырашэньня ўкраінскага крызісу. Таму я думаю, што варта пачаць думаць аб зьняцьці санкцыяў, перш за ўсё ў імя захаваньня трансатлянтычнага адзінства. Я мяркую, горшае, што можа адбыцца, — гэта публічны раскол паміж Брусэлем і Вашынгтонам у гэтым пытаньні.

Да таго ж мы не дасягнем рашэньня, калі будзем настойваць, што санкцыі могуць быць зьнятыя толькі пасьля выкананьня менскіх пагадненьняў у поўным абʼёме. Гэта проста немагчыма праз настроі ў Маскве і праблемы ў Кіеве. Але я таксама ня веру ў тое, што трэба проста ўзяць і аслабіць санкцыі. Санкцыі трэба аслабляць наўзамен на канкрэтныя дзеяньні. Таму я б разабраў менскія пагадненьні на часткі і прапанаваў Маскве іх паэтапнае выкананьне наўзамен на зьняцьце пэўных санкцыяў. Такі падыход: крок за крокам — паслабленьне санкцыяў наўзамен на пэўныя дзеяньні Масквы — здольны прывесьці да вырашэньня крызісу.

Думаю, на гэтым этапе Масква знойдзе такі падыход прывабным. Такі падыход таксама будзе сыгналам Кіеву, што Ўкраіна ня можа больш выкарыстоўваць стагнацыю ў якасьці хітрыкаў для таго, каб не прымаць унутрыпалітычныя рашэньні, неабходныя для гарантаваньня бясьпекі і эканамічнага разьвіцьця краіны.

МГ: Ці падтрымліваеце Вы дэ-факта прызнаньне анэксіі Крыму? Ці могуць ЗША ставіцца да Крыму, як у свой час да рэспублік Прыбалтыкі: ЗША ніколі не прызнавалі прыбалтыйскія рэспублікі часткай Савецкага Саюзу, але гэта не перашкаджала Вашынгтону ўзаемадзейнічаць з Крамлём там, дзе гэта было магчыма?

Я б параіў Маскве крэатыўна падысьці да вырашэньня крымскага пытаньня, і ЗША могуць аказаць спрыяньне ў гэтым

ТГ: Цяпер не «халодная вайна», і нам ня варта зацягваць вырашэньне гэтага пытаньня на 50 гадоў. Думаю, крымскае пытаньне павінна быць вырашана як мага хутчэй. Неабходна знайсьці рашэньне, прымальнае для Кіева, Масквы, Вашынгтону і эўрапейскіх сталіцаў. Мяркую, Масква зацікаўленая ў легітымацыі свайго кантролю над Крымам. Проста казаць — «Крым наш і мы гэтае пытаньне не абмяркоўваем» — на гэтым этапе ўяўляецца неадэкватнай рэакцыяй, асабліва калі Расея хоча аднавіць сувязі з Эўропай і разьвіваць эканоміку Крыму. Існыя санкцыі абмяжоўваюць здольнасьць заходніх кампаніяў інвэставаць у крымскую эканоміку і ўзаемадзейнічаць зь дзейнымі ўладамі Крыму.

Я б параіў Маскве крэатыўна падысьці да вырашэньня крымскага пытаньня, і ЗША могуць паспрыяць гэтаму. Гаворка можа ісьці аб выплаце кампэнсацыяў украінскаму боку або аб правядзеньні паўторнага рэфэрэндуму, улічваючы сумневы ў легітымнасьці першага рэфэрэндуму аб далучэньні да Расеі. Гаворка можа ісьці аб эксплюатацыі афшорных рэсурсаў або іншых рашэньнях, якія не абавязкова зьменяць фактычную сытуацыю на паўвысьпе, але дазволяць улічыць пажаданьні насельніцтва Крыму бяз шкоды эканамічным інтарэсам і бясьпецы Ўкраіны. Я ня ведаю, як гэтае рашэньне павінна выглядаць у дэталях, але мы не павінны адкладаць яго ў доўгую скрыню. Можа быць, гэта не першачарговая задача ў амэрыканска-расейскіх дачыненьнях, але, я мяркую, цягам наступных 5-10 гадоў і яна можа быць вырашаная.

Цалкам гутарку чытайце тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG