Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маккейн: расейскія кібэратакі — удар па амэрыканскай дэмакратыі


Джон Маккейн

Амэрыканскі сэнатар-рэспубліканец Джон Маккейн не выключае ўзмацненьня жорсткасьці санкцый супраць Расеі за кібэратаку падчас прэзыдэнцкай кампаніі ў ЗША.

«Думаю, што павінны быць ахопленыя і фінансавыя ўстановы, калі мы гаворым пра санкцыі. Мы можам зрабіць іх значна мацнейшымі, ад абмежаваньня ўезду да выяўленьня асобаў або канкрэтных арганізацыяў, замяшаных у хакерскіх акцыях. Мы мусілі б ужыць значна больш жорсткія захады, бо ўсё ж гэта ўдар па Злучаных Штатах Амэрыкі, удар па асновах нашай дэмакратыі. Калі зьнішчыць свабоду, выбары, то зьнішчыцца і дэмакратыя. Мы ў Кангрэсе прыкладзем шмат намаганьняў для ўзмацненьня санкцый», — сказаў Маккейн 30 сьнежня ў інтэрвію Ўкраінскай службе Радыё Свабода падчас візыту ў Кіеў.

Сэнатарка-дэмакратка Эмі Клобучар, якая таксама знаходзіцца ва Ўкраіне, адзначыла ў інтэрвію Радыё Свабода, што апошнія санкцыі супраць Расеі падтрымліваюць прадстаўнікі як Дэмакратычнай, так і Рэспубліканскай партыі.

«Мы былі ўжо ў Эстоніі і Літве, мы чулі пра кібэратакі ва Ўкраіне — усё гэта працягваецца ўжо гадамі. Такія самыя тэхналёгіі могуць быць выкарыстаныя падчас выбараў у Францыі або Нямеччыне. Думаю, гэтыя санкцыі — гэта важны першы крок. Калі б мы не зрабілі гэтага, гэта б недзе паўтарылася. Я спадзяюся, што новаабраны прэзыдэнт будзе разглядаць крок Абамы як інструмэнт, які можна выкарыстоўваць ня толькі супраць Расеі, але і супраць любога з-за мяжы, хто паспрабуе ўварвацца ў сэрца нашай дэмакратыі. Важна захоўваць гэтыя санкцыі, бо ёсьць падтрымка абедзьвюма партыямі ўвядзеньня іх за расейскую агрэсію, а таксама выразныя доказы з боку нашых выведных органаў», — сказала Клобучар.

29 сьнежня ЗША заявілі, што высылаюць з краіны 35 расейскіх дыпляматаў і ўводзяць новыя санкцыі за кібэратакі падчас прэзыдэнцкай кампаніі, за якімі, як перакананы Вашынгтон, стаіць Масква.

Расея адмаўляе абвінавачаньні і абяцае захады ў адказ на санкцыі ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG