Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы надта лёгка сталі гатовыя сьпяваць гімн сьмерці»


Ці прывялі падзеі апошніх 2-3 гадоў (вайна на Данбасе, агрэсіўная палітыка Расеі) да радыкалізацыі настрояў у беларускім грамадзтве — ці стала больш узаемнай нянавісьці?

Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Ігар Ільяш, Уладзімер Глод.

Ільяш: Катастрофа расейскага самалёту Ту-154 над Чорным морам нечакана для многіх выклікала вялікую сварку ў беларускім сэгмэнце Фэйсбуку. Адны казалі: кім бы ні былі загінулыя, трэба ставіцца да іх са спачуваньнем. Іншыя падкрэсьлена адмовілася выказваць спачуваньні загінулым, тлумачачы гэта тым, што самалёт быў вайсковы і наагул смуткаваць па грамадзянах краіны-агрэсара ня трэба — маўляў, гэта ўсе справядліва. А некаторыя нават выказвалі радасьць з нагоды катастрофы расейскага вайсковага самалёту. «Гэтая нянавісьць і ёсьць нашая параза», — напісаў у сваім Фэйсбуку журналіст Алесь Пілецкі, падсумоўваючы ўсе гэтыя спрэчкі.

Скажу шчыра: бурлівая рэакцыя Фэйсбуку мяне трохі зьдзівіла. Гаворка ідзе вядома не пра тое, што людзі павінны былі адразу пачаць спачуваць загінулым. Спачуваньне — рэч вельмі асабістая, яе нельга выклікаць па загаду. Калі няма, то і няма — нічога ня зробіш. Прызнаюся, што я і сам ня вельмі расчуліўся, даведаўшыся пра тое, што адбылося.

Зразумела таксама, чаму стаўленьне да Расеі і яе расейскіх трагедыяў менавіта такое — Масква ў апошнія гады зрабіла ўсё, каб людзі не спачувалі расейскім нягодам. Не выклікае зьдзіўленьне і раздражненьне часткі грамадзтва з нагоды дзяржаўнага смутку ў Беларусі па загінулым у катастрофе Ту-154 — гэта недарэчна хаця б таму, што ў той жа Расеі адбываліся раней і больш значныя трагедыі, і сьцягі пры гэтым у Беларусі не прыспускалі. Але гатоўнасьць некаторых беларусаў не сьціпла маўчаць, а ўхваляць сьмерць — няхай сьмерць і ня вельмі прыемных людзей — уражвае.

Масква ў апошнія гады зрабіла ўсё, каб людзі не спачувалі расейскім нягодам

Вядома, справа не ў расейскім Ту-154. Мне наогул здаецца, што за апошнія гады, з пачатку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, беларускае грамадзтва (дакладней — актыўная яго частка) значна радыкалізавалася. Зразумела, мы з вамі ня маем нейкіх сацыялягічных дасьледаваньняў на гэты конт і разважаць можам толькі сыходзячы з уласных уражаньняў. Але ў мяне ўражаньні менавіта такія: беларусы, здаецца, надта лёгка сталі гатовыя сьпяваць гімн сьмерці — галоўнае, каб гэта была сьмерць чужога.

Прычым не заўсёды прынцыпова, хто гэта чужы — ніхто ж не зьвярнуў увагу на тое, што на борце Ту-154, напрыклад, была 18-гадовая танцорка, толькі скончыўшая балетную вучэльню. А яна нават маральнай адказнасьці за злачынства Крамля ня можа несьці — хаця б таму, што вайна ва Ўкраіне і Сырыі пачалася, калі яна была непаўнагадовай. Але сыходзячы зь лёгікі нянавісьці мы павінны, відаць, тут паціснуць плячыма — маўляў, лес сякуць, трэскі ляцяць — і зноў казаць пра справядлівасьць гэтых сьмярцей.

Калі такое мы бачым ва Ўкраіне ці ў Расеі, гэта выглядае цалкам натуральна — краіны вядуць вайну, яны рэгулярна атрымліваюць кроў і трупы. Зразумела, што там расьце нянавісьць — інакш і быць ня можа. Але Беларусь вайну не вядзе. Ці не надта лёгка мы апынуліся ў жорсткай сыстэме каштоўнасьцей «свой-чужы»?

Глод: Чаго толькі не начытаесься ў сацыяльных сетках. Хтосьці піша, што ўсё жыцьцё доктара Лізы было суцэльнай піяр-акцыяй. Піярам, хоць і трагічным, яно і скончылася. Хтосьці піша, што разьбіты самалёт — кара Госпада. Хтосьці заклікае пазбавіць расейскага грамадзянства тых, хто не смуткуе з нагоды авіякатастрофы. Хтосьці называе тое, што адбываецца ў сацыяльных сетках, грамадзянскай вайной. Людзі блякавалі адзін аднаго за «няправільны смутак», запаміналі лайкі знаёмых пад ідэалягічна чужымі пастамі.

Бяда не гуртуе нацыю, а, наадварот, усё больш разьядноўвае яе

Калі глядзець на Расею, то можна канстатаваць жахлівыя рэчы: рэакцыя грамадзянаў на трагедыю з самалётам зьмяшаная з нянавісьцю. Бяда не гуртуе нацыю, а, наадварот, усё больш разьядноўвае яе. І гэта не ўпершыню. Так было, калі некаторыя ў дзень забойства Барыса Нямцова пісалі ў тых жа сетках — «так яму і трэба». А ці можна забыць словы Жырыноўскага пра забойства журналістаў «Шарлі Эбдо»: «хай здыхаюць і гінуць, нам гэта выгадна..».?!

беларускае грамадзтва, калі не цалкам, то ў вялікай ступені радыкалізуецца, як і расейскае

Усе гэтыя дыспуты ў сацсетках прыводзяць толькі да крыўды і нянавісьці ўсіх супраць усіх. Да іншага яны, на мой погляд, і ня могуць прывесьці. Бо ў Расеі існуе жорсткі сурʼёзны грамадзянскі канфлікт. Краіна імкліва дзеліцца на два лягеры. Адзін віну за становішча ў Расеі ўскладае толькі на ўладу. Другі бачыць вінаватымі ва ўсіх бедах выключна ворагаў — зьнешніх і ўнутраных. І гэта вельмі сур’ёзная хвароба.

Чаму я спыняюся выключна на рэакцыі расейцаў і становішчы ў гэтай краіне? Бо насельніцтва Беларусі настолькі замбаванае расейскім тэлеканаламі, што фактычна ідэалягічна знаходзіцца ў тым жа становішчы. Хіба, можа, крыху ў меншай ступені. Таму тое, што я казаў пра Расею, амаль калькай кладзецца на Беларусь. І тут я згодны зь Ігарам Ільяшом — беларускае грамадзтва, калі не цалкам, то ў вялікай ступені радыкалізуецца, як і расейскае. Як і ўвесь сьвет, дарэчы. Бо цяпер сьвет як раз такі.

Дракахруст: Я б з чымсьці паспрачаўся б, а з чымсьці пагадзіўся б з таго, што казаў Ігар. Вайна ва Ўкраіне, безумоўна, паўплывала на беларускае грамадзтва. І сапраўды такіх спрэчак, пазыцыяў раней у Беларусі ў дыскусіях не выказвалася.

Цікавы паварот гэтай дыскусіі — што стала нагодай. Гаварылася, што радасьць з нагоды гібелі расейскага самалёта абумоўлена тым, як расейцы дзейнічаюць у Сырыі, ахвярамі Алепа. Але бамбёжкі Алепа, ўзяцьце гэтага гораду адбываліся ж не за дзень да катастрофы расейскага самалёта. І здавалася, калі людзі так пераймаліся гібельлю дзяцей Алепа, то чаму такой жа рэакцыі не было тады, калі яны гінулі?

Вы, Ігар, трапна заўважылі, што спрэчкі ідуць у Фэйсбуку. Але ў Беларусі ў Фэйсбуку — вельмі спэцыфічная аўдыторыя. Як вядома, большасьць беларусаў, якія карыстаюцца сацсеткамі, сядзяць у Вконтакте і нават у Одноклассниках. І вось у мяне ўзьнікае пытаньне: радыкалізацыя, пра якую вы казалі, яна ў грамадзтве ці ў аўдыторыі Фэйсбуку?

варта казаць пра радыкалізацыю нейкай часткі грамадзтва, адносна невялікай

Думаю, вы памятаеце пэўны час таму было абмеркаваньне ў Фэйсбуку «карты паляка». Дык чытаў у сваёй стужцы ў Фэйсбуку — усе вакол маюць гэтыя карты! Потым польская амбасада дала лічбу беларускіх уладальнікаў тых картаў — 72 тысячы, 1% ад дарослага насельніцтва. А ў Фэйсбуку — ды ва ўсіх вакол тыя карты ёсьць. Ну вось не ва ўсіх. Ці можа ва ўсіх ці ў многіх, хто карыстаецца менавіта Фэйсбукам.

Ці можна прывесьці іншы прыклад. Колькі беларусаў ваююць у Данбасе на абодвух баках? Некалькі сотняў, да тысячы, там і там. Гэта нямала, але на 9,5-мільённую краіну — гэта зусім няшмат. І таму, відаць, варта казаць пра радыкалізацыю нейкай часткі грамадзтва, адносна невялікай.

Хоць зь іншага боку, у прынцыпе сацыяльныя сеткі — гэта вельмі своеасаблівы сродак камунікацыі, неяк так атрымліваецца, што людзі там значна больш злыя, чым у рэальнасьці. І злых там больш, і ня надта злыя там дэманструюць большую злосьць, чым у рэале. Можам прыгадаць вельмі немілагучнае слоўца, якое ўзьнікла ці то ў Рунэце, ці то ў Байнэце — «бульбасрач». Але яно ўзьнікла даўно, не падчас апошніх дыскусіяў наконт расейскага самалёта. А слоўцы не ўзьнікаюць выпадкова.

Я мяркую, што гэта напал жарсьцяў менавіта ў сацыяльных сетках — гэта ўсё ж такі не зьява сёньняшняга дня. Магчыма, у гэтай сытуацыі проста выбухнула. Але гэтае напружаньне, прынамсі ў сацыяльных сетках, нарастала ўжо даволі даўно.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG