Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 25 гадоў таму выйшла першая перадача Польскага радыё на беларускай мове


Падзеі 15 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі, а таксама афіша на сёньня.

Дата дня

15 сьнежня 1991 году выйшла ў эфір першая перадача Польскага радыё на беларускай мове. Сама Беларуская служба Польскага радыё была заснаваная толькі празь месяц, 13 студзеня 1992 году. У першы пэрыяд дзейнасьці Беларуская служба Польскага радыё інфармавала слухачоў пра польска-беларускія ўзаемадачыненьні і пра сытуацыю нацыянальных меншасьцяў: беларускай у Польшчы і польскай у Беларусі. Пэўная частка эфіру адводзіцца таксама дасягненьням беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе.

Таксама ў гэты дзень

1595 — адбылася бітва войска Вялікага Княства Літоўскага з казацкімі загонамі Севярына Налівайкі на Буйніцкім полі каля Магілёва.

1862 — на тэрыторыі Беларусі пачалася эксплюатацыя першай чыгункі, якая зьвязала Горадню з Парэччам і была часткай Пецярбурска-Варшаўскай чыгункі.

1922 — у Менску заснаваная Беларуская дзяржаўная і ўнівэрсытэцкая бібліятэка.

1961 — у Ерусаліме Адольфу Эйхману зачыталі сьмяротны прысуд, прызнаўшы яго вайсковым злачынцам, вінаватым у злачынствах супраць габрэйскага народу і супраць чалавечнасьці.

1985 — у Беларусі нарадзіўся 10-мільённы жыхар.

1990 — Вярхоўны Савет Кіргізіі прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце.

2000 — ва Ўкраіне канчаткова спынілася праца Чарнобыльскай АЭС.

У гэты дзень нарадзіліся

1859 — Людвік Лазар Замэнгоф, стваральнік мовы эспэранта.

1908 — Апанас Кавалёў, кіраўнік ураду БССР у 1937–1939 гадах.

1921 — Сьцяпан Александровіч, беларускі літаратуразнаўца і краязнаўца. Надаваў прынцыповае значэньне мэтадалёгіі дасьледаваньняў, палемізаваў зь некаторымі расейскімі і польскімі аўтарамі за іхні антыгістарычны падыход да паняцьцяў «Русь», «рускі», «Літва», «літоўскі», за штучнае атаясамліваньне з расейскай («рускай») або літоўскай культурай здабыткаў уласна беларускай культуры, дасягнутых пад гэтымі назвамі ў розныя эпохі.

1934 — Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня, навуковец.

1937 — Герман Кірылаў, беларускі пісьменьнік, ляўрэат літаратурнай прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча за кнігу «Гарт», прысьвечаную гісторыі паваеннага беларускага моладзевага супраціву.

1940 — Браніслаў Плотнікаў, беларускі мовазнавец.

1967 — Алег Рыжанкоў, беларускі біятляніст, трэнэр.

У памяці

1862 — памёр Уладзіслаў Сыракомля, беларуска-польскі паэт, пісьменьнік, публіцыст, перакладчык.

1954 — памёр Язэп Драздовіч, беларускі мастак, археоляг, пісьменьнік, этнограф і фальклярыст.

Партрэт Язэпа Драздовіча
Партрэт Язэпа Драздовіча

1966 — памёр Уолт Дыснэй, амэрыканскі аніматар.

1993 — памёр Уладзімер Калесьнік, беларускі літаратар.

Што будзе

15 сьнежня спаўняецца 60 год з дня заснаваньня Нацыянальнага гістарычнага музэю Беларусі

Музэйныя супрацоўнікі прымеркавалі да юбілею адмысловую выставу. Яна пазнаёміць наведнікаў са старонкамі гісторыі музэю праз дакумэнты, фотаматэрыялы, унікальныя музэйныя прадметы. Пэўныя экспанаты ўжо сталі своеасаблівымі візытоўкамі музэю.

Імпрэзы

Творчы вечар Іны Снарскай

У Менску пройдзе творчы вечар паэткі і журналісткі Іны Снарскай, а таксама прэзэнтацыя дыска «Ад сэрца да сэрца — дарога». У сустрэчы возьме ўдзел выканаўца Тацяна Грыневіч-Матафонава.

Менск, кнігарня «Кніжная Шафа» (пр. Дзяржынскага, 9, уваход са двара).
Пачатак у 18:30.
Уваход вольны.

Канцэрт гурту «Крама»

Юбілейны 2016 год стаў для «Крамы» насычаным і запамінальным, апагеем яго стала сьвяткаваньне 25-годзьдзя ў клюбе Prime Hall. Гурт запрашае сваіх сяброў праводзіць гэты год утульным канцэртам, дзе ўпершыню прагучыць песьня «Стэфка праз 30 год».

Менск, бар Beer&Wine (вул. Кульман, 9).
Пачатак у 19:00.
Кошт квіткоў: 20–25 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG