Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мараторый на сьмяротнае пакараньне стаў для ўлады прадметам гандлю»


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў.

Глод: Знакавы міжнародны сэмінар «Адмена сьмяротнага пакараньня і грамадзкая думка», які арганізавалі Рада Эўропы і Міністэрства замежных спраў Беларусі, прайшоў 13 сьнежня ў Менску. Пасланцы Страсбуру даводзілі дзьве галоўныя тэзы. Першая — мы просім афіцыйны Менск пайсьці хоць бы на часовы мараторый на сьмяротнае пакараньне ў якасьці экспэрымэнту. Другая — гэтае пытаньне няправільна выносіць на рэфэрэндум. Менск са свайго боку таксама агучыў дзьве рэчы. Першая — у грамадзтве ўсё больш прыхільнікаў такога разьвіцьця падзей. Другая — у беларускім парлямэнце пасьля перапынку зноў зьявіцца працоўная група па гэтым пытаньні. Калі раней у яе ўваходзілі толькі чальцы Палаты прадстаўнікоў, то цяпер да іх далучацца і прадстаўнікі Савету Рэспублікі.

Ад канца 1960-х у Эўропе пачала фармавацца адзіная пазыцыя адносна таго, што сьмяротнае пакараньне больш не выконвае сваю функцыю ў грамадзтве, у якім шанаваць правы чалавека найважней. У 1982 годзе быў прыняты пратакол № 6 да Эўрапейскай канвэнцыі аб абароне асноўных свабодаў — першы юрыдычна абавязковы дакумэнт, які прадугледжваў адмену вышэйшай меры ў мірны час. 46 з 47 дзяржаў-сябраў Рады Эўропы падпісалі дакумэнт, не ратыфікавала яго толькі Расея. Тым ня меней Масква выконвае мараторый ад 1996 году, ад пачатку сяброўства ў гэтай арганізацыі.

На эўрапейскім кантынэнце застаецца адзіная краіна, дзе асуджаных за цяжкія злачынствы караюць сьмерцю.

Такім чынам, тэрыторыя краін-удзельніц Рады Эўропы — гэта de facto зона, вольная ад сьмяротнага пакараньня. На эўрапейскім кантынэнце застаецца адзіная краіна, дзе асуджаных за цяжкія злачынствы караюць сьмерцю, прычым з году ў год. Гэтая краіна — Беларусь.

Беларускія ўлады не бяз крыўды спасылаюцца на тое, што эўрапейскія чыноўнікі самі адштурхнулі ад сябе Беларусь — адпаведна, Менску няма ў чым сябе вінаваціць. Тым часам сярод прычынаў, якія робяць сяброўства ў Радзе Эўропы немагчымым для Беларусі, — і наяўнасьць сьмяротнага пакараньня. Як заявіў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў, паколькі магчымасьць вышэйшай меры пацьверджаная на рэфэрэндуме і прапісаная ў Канстытуцыі, ставіць пад сумнеў яе законнасьць не выпадае. Але ж на рэфэрэндуме 1996 году ў сьмяротнага пакараньня не было паўнавартаснай альтэрнатывы ў якасьці пажыцьцёвага зьняволеньня, зьвяртаюць увагу праваабаронцы. Як адзначыў дакладчык Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы па Беларусі італьянец Андрэа Рыгоні, мы можам у Італіі правесьці рэфэрэндум: «Ці згодныя вы не плаціць падаткі?». 99% адказалі б на ім, што згодныя. Таму рашэньне пра сьмяротнае пакараньне павінны прымаць беларускія парлямэнт, урад і прэзыдэнт.

Як адзначыў дырэктар па палітычных пытаньнях Рады Эўропы Аляксандар Гесэль, калі Беларусь прэтэндуе на тое, каб звацца цывілізаванай дзяржавай, статыстыка сьмяротных пакараньняў павінна быць зьведзеная да нуля:

«Мы верым, што ў бліжэйшым будучым Эўропа здолее стаць кантынэнтам, свабодным ад сьмяротных прысудаў. Але ключ да вырашэньня гэтай праблемы ляжыць менавіта тут, у Менску».

Нягледзячы на закрытасьць афіцыйных зьвестак па «сьмяротніках», праваабаронцы на падставе ўласных разьлікаў сьцьвярджаюць: ад пачатку 1990-х беларускія суды асудзілі на сьмерць блізу 400 чалавек, яшчэ паўтары сотні атрымалі пажыцьцёвае зьняволеньне. Пры гэтым Беларусь застаецца, зноў жа, адзінай краінай, у якой целы расстраляных не вяртаюць сваякам.

Гурневіч: Мараторый на сьмяротнае пакараньне быў бы сёньня вельмі карысным для ўладаў Беларусі. Інтэнсіўнасьць кантактаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам сёньня дазваляе пайсьці на такі крок, спаслаўшыся на экспэрымэнт, як і прапануе Рада Эўропы.

Кіраўніцтва краіны, матывуючы сваё нежаданьне ўводзіць мараторый, часта спасылалася на рэфэрэндум 20-гадовай даўніны, паводле якога, 80% беларусаў выказаліся за сьмяротнае пакараньне. Улада, нібыта, баіцца дапусьціць раскол у грамадзтве па гэтым пытаньні. Гэта вельмі сумнеўнае тлумачэньне. А калі колькасьць прыхільнікаў эўраінтэграцыі вырасьце да 51%, то Беларусь выйдзе з Мытнага зьвязу і іншых інтэграцыйных з Расеяй утварэньняў? Альбо калі большасьць будзе за сярэдні заробак 1000 даляраў?

Эфэкт ад яго наяўнасьці вельмі сумнеўны.

За сьмяротнае пакараньне большасьць насельніцтва выказваецца і ў некаторых краінах, дзе яго няма. Але там улады пралічваюць усе за і ўсе супраць, бо гэта вельмі сурʼёзнае пытаньне. І эфэкт ад яго наяўнасьці вельмі сумнеўны.

Для афіцыйнага Менску цяпер надышоў найлепшы час за ўсе гады існаваньня сьмяротнага пакараньня для яго адмены. На карысьць гэтага рашэньня і паляпшэньне адносінаў з Захадам, і рост прыхільнікаў мараторыя. То бок патлумачыць грамадзтву ўвядзеньне мараторыя было б нескладана. Намесьнік міністра замежных справаў Яўген Шастакоў на канфэрэнцыі ў Менску казаў пра павелічэньне праціўнікаў сьмяротнай кары. І гэта адбываецца без удзелу дзяржавы. А ўявіце, што было б, калі б дзяржава паставіла сабе за мэту давесьці да грамадзкай думкі аргумэнты за яе адмену.

Зьмена рыторыкі афіцыйнага Менску па гэтым пытаньні яскрава сьведчыць аб тым, што ўлады ня супраць увесьці мараторый. Паводле мяне, гэтае пытаньне стала прадметам гандлю. І калі кіраўніцтва краіны атрымае сурʼёзную прапанову ад Захаду, то мараторый будзе ўведзены. Сёньня ён вельмі карысны ўладам і цяпер, на маю думку, вядзецца гандаль пра форму і абʼёмы «кампэнсацыі».

Цыганкоў: Сёньня для афіцыйнага Менску пытаньне мараторыю на сьмяротнае пакараньне зьяўляецца безумоўна замежнапалітычным гандлем. У пэўны момант афіцыйны Менск нават не ўяўляў, наколькі эўрапейскія палітыкі сур’ёзна з пункту гледжаньня ідэалягічнага, сьветапогляднага ўспрымаюць гэтую праблему. Ня так даўно чарговы раз, калі ў Беларусі былі выкананыя тры сьмяротныя прысуды, фактычна ў адзін дзень, прадстаўніца Эўразьвязу зноў заявіла, што гэтае пытаньне зьяўляецца адным з ключавых для вызначэньня палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да афіцыйнага Менску. Беларускія ўлады гэта разумеюць і трымаюць гэтае пытаньне як козыр у рукаве на момант перамоваў.

У мяне такое ўражаньне, што надта шмат афіцыйны Менск не выгандлюе за гэтае пытаньне.

Але тут ёсьць адна пастка. Рэч у тым, што гэта для эўрапейцаў настолькі не гандлёвая рэч, што яны лічаць гэта апрыёрным крокам, які Менск павінен зрабіць, і далей дамаўляцца пра канкрэтныя крокі ў адказ. То бок у мяне такое ўражаньне, што надта шмат афіцыйны Менск не выгандлюе за гэтае пытаньне. Да таго ж, улады Беларусі могуць абстаўляць яго тым, што былі вынікі рэфэрэндуму, і, маўляў, без новага рэфэрэндуму вынікі былога немагчыма адмяніць. Таму не выключаю спэкуляцый, што калі ўлады пойдуць на нейкі рэфэрэндум, безумоўна там будуць і іншыя пытаньні, то адно з іх можа тычыцца і сьмяротнага пакараньня. Гэта калі казаць пра адмену.

Але мараторый на выкананьне — гэта той мінімум, які просяць, патрабуюць ад беларускіх уладаў эўрапейцы, можна ўвесьці ў любы момант. Рыгор Васілевіч, былы судзьдзя Канстытуцыйнага Суду Беларусі і былы генэральны пракурор, нядаўна заявіў, што гэтае рашэньне вось ужо насьпявае і хутка будзе прынятае. Я думаю, сапраўды да гэтага ідзе. Улады ў бліжэйшыя год-два могуць прыняць мараторый, калі адносіны з Эўразьвязам сапраўды будуць ісьці па станоўчай лініі, як ідуць цяпер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG