Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскі эколяг зьбірае подпісы за ўратаваньне адзінага ў Беларусі месца, дзе нерастуе балтыйскі ласось


Рэгіянальны каардынатар «Зялёнага дазору» Ігар Пастухоў бʼе трывогу: на нераставых ручаях і рэках у Астравецкім раёне знойдзена шмат сьмецьця.

«Адзінае захаванае месца нерасту ласасёвых рыб у Беларусі належыць да прыродных тэрыторыяў пад асаблівай аховай. Але чыстыя і запаведныя некалі мясьціны сёньня ператвараюцца ў сьметнік. Актывісты падрыхтавалі зварот да мясцовых уладаў, у Астравецкае лясьніцтва і санстанцыю з патрабаваньнем разабрацца з праблемай сьметнікаў у заказьніках», — паведамляе партал «Зялёны дазор».

Балтыйскі ласось нерастуе ў беларускіх рачулках Тартак, Сенканка, Кемеліна, Дудка, Петраполь. З 2015 г. гэтыя тэрыторыі абвешчаныя заказьнікамі.

«Рака Сенканка яшчэ 20 гадоў таму лічылася самой ласасёвай рэчкай у рэгіёне. Вёска Кулішкі знаходзіцца на беразе ракі і расьцягнулася амаль на 3 кілямэтры. Але цяпер у рацэ замест ласосяў „нерастуе“ сьмецьце, скінутае ў раку мясцовымі жыхарамі. З фэрмы вёскі Сыманэлі ў раку пэрыядычна выліваюцца брудныя воды ўжо многія гады, а побач з маляўнічай і старажытнай запрудай, якая ўтварае сажалку, у бурлівым патоку плавае труп сабакі. У каньёне Сьвіранскага ручая, турыстычным маршруце выхаднога дня, як і тысячы гадоў таму, па-ранейшаму бʼюць крыштальныя крыніцы, але сёньня від на гэты цуд схаваны за чарговай вясковай звалкай. Побач знаходзяцца вёскі Плехаці і Вялікія Сьвіраны. Валянтэры „Зялёнага дазору“ назіралі, як па Сьвіранскім ручаі, які ўпадае ў прыгажуню раку Вілію, разам з восеньскім лісьцем міма балцкага кургана спрабуе сплысьці ў раку Вілію... лядоўня», — кажа Ігар Пастухоў.

Ігар Пастухоў зьвяртае ўвагу, што ня толькі нераставыя ручаі занядбаныя і ператвораныя ў звалкі: у такім стане і навакольле, і сама панская сядзіба ў вёсцы Трокенікі. Сядзібны комплекс мастака жывапісца Богуша-Шышкі сёньня ўяўляе сабой вартае жалю відовішча.

Актывіст з сумам канстатуе, што найпрыгажэйшы рэгіён губляе сваё хараство:

«На жаль, дзіўны па прыроднай прыгажосьці Астравецкі раён вяне і чэзьне. Як пэрліна, якая тоне ў гнаі. Вазьміце, да прыкладу, нашумелую гісторыю са сьмецьцем у ляндшафтным заказьніку Сарачанскія Азёры, якая яшчэ ня скончылася. Або гісторыя са сьпілаванымі астравецкімі дубамі, якую шырока асьвятлялі ў мэдыях. Такое ўражаньне, што ў Астравецкім раёне негалосна абвясьцілі вайну прыродзе на ўсіх франтах! Але як жа можна рэалізаваць дзяржаўную праграму па захаваньні нерасцілішчаў ласасёвых рыб, разьвіцьці турызму ў такім змрочным фармаце!»

Актывіст Ігар Пастухоў спадзяецца, што зварот, пад якім ужо падпісаліся 45 чалавек, дапаможа прыбраць звалкі і ліквідаваць парушэньні прыродаахоўнага заканадаўства.

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG