Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады адступіліся ад парка Котаўка


Удзельнічаюць: Дзьмітры Гурневіч, Уладзімер Глод, Валер Каліноўскі.

Каліноўскі: Два апошнія дні былі жарсьці і процістаяньне ў Менску жыхароў, эколягаў зь Зелянбудам і камунальнымі службамі вакол зносу часткі дрэваў у парку Котаўка, што ў сельгаспасёлку, дзе ўлады дазволілі пабудаваць каталіцкі касьцёл.

Я жыву ў тым раёне шмат гадоў і назіраю бязьлітасную забудову гэтага зялёнага месца са старасьвецкім ладам жыцьця, у якім людзі жывуць пакаленьнямі. За апошнія гады там зруйнаваныя некалькі шэрагаў прыватных дамоў уздоўж вуліц Багдановіча і Бяды, у тым ліку новыя дарагія катэджы. Улады з забудоўшчыкамі высеклі невялікі батанічны сад каля плошчы Бангалёр, які належаў былому Інстытуту мэліярацыі і воднай гаспадаркі, высеклі частку рэкрэацыйнай зоны на вадасховішчы Цнянка, не ўзяўшы да ўвагі тысячы подпісаў пад пэтыцыяй пратэсту гараджан. Там заплянавалі тэнісны корт, вырылі катлаван, і праца спынілася.

Замест дамкоў зь зелянінай у нашым раёне паўстаюць гмахі, ужо збудавана больш за дзясятак дваццаціпавярховых дамоў, гэткія бэтонна-шкляныя горы, бачныя на даляглядзе з майго акна.

Гэтыя дамы ня маюць нават невялічкіх двароў, там няма дзе нават выйсьці пасядзець на лавачцы. Вокны ў вокны забудоўшчыкі будуюць гэтыя гмахі, не пакідаючы людзям кавалка свабоднай прасторы, выціскаючы з дарагой у нашым раёне зямлі ўсе магчымыя прыбыткі. А як далей жыць у гэтых каменных джунглях, гадаваць дзяцей, яны ня думаюць, ды і ўлады ім не перашкаджаюць у такой барбарскай забудове. Магчыма, высечка зялёнай зоны, простага лапіка зямлі з дрэвамі, гэтай Котаўкі, якую я ніколі не ўспрымаў як парк ці сквэр, бо зямля гэта была запушчаная, і перапоўніла цярпеньне мясцовых жыхароў.

Людзі ня супраць касьцёлу, яго можна пабудаваць у нашым раёне на тэрыторыі прамзон і запушчаных прадпрыемстваў. А невялікі лапік зялёнай зоны пакінуць у спакоі.

Канешне, улады адсочваюць настроі ў грамадзтве, тым больш цяпер нібыта лібэралізацыя, і ганяць гэтых жанчын АМАПам неяк не камільфо. І як выглядае, на гэты час Менгарвыканкам адступіўся ад лапіка зямлі, тым болей, што зямлі, якую можна было б аддаць пад касьцёл, у раёне хапае. Працы там прыпыненыя кіраўніком Менскай вэртыкалі Андрэем Шорацам. Жыхары сьвяткуюць перамогу. Людзі ня супраць касьцёлу, яго можна пабудаваць у нашым раёне на тэрыторыі прамзон і запушчаных прадпрыемстваў, напрыклад, у раёне вуліцы Олешава. А невялікі лапік зялёнай зоны пакінуць у спакоі. Можа так і адбудзецца, і рашэньне ўладаў будзе ня толькі прыпыненае, але і пераглянутае.

Пытаньне ў тым, ці гэта выпадковая слабіна ўладаў альбо ўсё ж яны і надалей будуць прыслухоўвацца да пратэстаў грамадзян, прынамсі, сацыяльных? Вашая думка, калегі?

Гурневіч: Вельмі эмацыйныя паводзіны жыхароў ваколіцы парку Котаўка ў сераду мяне трошкі зьдзівілі. Бо будаўніцтва там каталіцкага касьцёлу не азначае аўтаматычнага высячэньня ўсіх дрэваў і зьнішчэньня парку. Надзел, выдзелены парафіі, складае 10 працэнтаў ад плошчы парку. Сам будынак касьцёлу, як паведамляе сайт catholic.by, будзе займаць усяго 1,5 працэнта ад агульнай плошчы. То бок гаворка ідзе пра некалькі дрэваў, дзе будзе пабудаваны досыць невялікі касьцёл.

Валер Каліноўскі казаў, што гэта нават ня парк, а запушчаная зямля. Ведаючы падыход каталіцкага касьцёлу да эстэтыкі, я магу прагназаваць, што якраз гэтае будаўніцтва касьцёлу можа зрабіць з Котаўкі нармальны парк. Тым больш, што на месцы некалькіх вырубленых дрэваў і так меліся пасадзіць маладыя побач.

Цалкам магчыма, што ўлады рукамі незадаволеных вырубкай мясцовых жыхароў зрабілі тое, на што не хацелі ісьці самі — перашкодзіць у будаўніцтве касьцёлу.

Тым больш, што сьвятары і вернікі парафіі Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла і сьвятога Яўгена дэ Мазэно тлумачылі ў адмысловых абвестках, што «тэрыторыя касьцёлу будзе адкрыта для ўсіх жадаючых. Будзе месца і для дзіцячай пляцоўкі, і для зоны адпачынку. Дзякуючы будаўніцтву касьцёлу парк ня толькі захаваецца, але і стане адным з самых прыгожых і ўтульных месцаў Менску». Калі б гэта пісала нейкая дзяржаўная ўстанова, то ў мяне маглі б зьявіцца сумневы.

Каталіцкія вернікі ў Менску — гэта група, якую ўлады дыскрымінуюць. Каталіцкі касьцёл хоча будаваць у сталіцы касьцёлы, але атрымаць дазвол на гэта мяжуе з цудам. І вось цуд, нібыта, адбыўся. І што мы бачым? Аказваецца, цудаў не бывае.

Чаму ўлада адступіла? Па-першае, невядома чым гэта ўсё скончыцца, магчыма, гэта прамежкавы варыянт. Але ёсьць і іншая вэрсія. Цалкам магчыма, што ўлады рукамі незадаволеных вырубкай мясцовых жыхароў зрабілі тое, на што не хацелі ісьці самі — перашкодзіць у будаўніцтве касьцёлу. Мне падаецца, што варта жыхарам раёну і касьцёлу працягнуць грамадзкія слуханьні. Бо касьцёл у парку гэта не Бульбаш Хол у Курапатах.

Глод: Раней беларускія ўлады абсалютна не лічыліся з думкамі звычайных людзей. Вось адзначалася, што гэтае рашэньне прымае менскі выканаўчы камітэт. Я згадваю проста неверагодную колькасьць выпадкаў, калі тыя ж менскія ўлады доўгі час беспадстаўна забаранялі ладзіць акцыі апазыцыі альбо дазвалялі іх толькі ў Парку Дружбы народаў.

Даходзіла да абсурду — просяць дазвол пікетаваць ля амэрыканскай ці расейскай амбасады, а іх на плошчу Бангалёр, на сабачую пляцоўку! Гэта выклікала шмат пратэстаў, але ніякай станоўчай рэакцыі з боку ўладаў мы так і не дачакаліся. Але паглядзіце, апошнім часам сытуацыя ўсё ж мяняецца. Мікола Статкевіч заклікае прыходзіць на Плошчу Свабоды — людзі прыходзяць, акцыі праходзяць, каля ГУМу таксама. То бок пэўная лібэралізацыя адбываецца. Узьнікае пытаньне: чаму гэта адбываецца і наколькі гэта будзе доўга? Я згодны, што ўлады цудоўна ведаюць настрой людзей. А настрой зараз зусім не такі, які быў два гады таму. Зараз людзі злыя, грошай не хапае, паехаць адпачыць ня могуць, купіць тое, што прывыклі раней купляць, таксама ня могуць. І зараз ісьці супраць грамадзтва — можа невядома чым скончыцца. Нават тым, аб чым ня думалася ніколі раней. Таму вось гэтая сытуацыя і ўзьнікла, што ўлады пакуль адступаюць. Яны ня хочуць новага фактару выбуху і проста манэўруюць.

Наколькі гэта працягнецца? Ці тактыка ўладаў зьмянілася канчаткова, ці гэта толькі часовае адступленьне? Тут некалькі чыньнікаў. Першы такі: якое будзе далейшае эканамічнае становішча. Калі гэтых згаданых 500 даляраў у 2017-м годзе ня будзе, то, зразумела, настрой у людзей будзе яшчэ горшы. Таму ўлады будуць манэўраваць. Калі эканамічнае становішча будзе паляпшацца, і людзі будуць думаць пра тое, як патраціць грошы, а не пра тое, як іх здабыць, улады могуць павесьці сябе больш жорстка.

Фактар, які сур’ёзна можа паўплываць на паводзіны ўладаў — гэта тое, як будуць сябе весьці людзі, якія выходзяць змагацца за свае сацыяльныя правы.

Вось мы кажам пра палітычныя сілы, апазыцыю, што галоўная бяда ў тым, што яны ня могуць усе аб’яднацца і быць разам, бо заўжды знаходзяцца нейкія асабістыя інтарэсы, якія ставяцца вышэй за грамадзкія. Мне падаецца, што гэтую сытуацыю можна пераносіць і ў такія грамадзкія рэчы, калі паўстае пытаньне аб касьцёле, парку, аб тым, як людзям лепей жыць. Тут другі бок і другі фактар, які сур’ёзна можа паўплываць на паводзіны ўладаў — гэта тое, як будуць сябе весьці людзі, якія выходзяць змагацца за свае сацыяльныя правы.

Парк Котаўка — гэта адзін раён Менску. Але падобныя сытуацыі ўзьнікалі і раней, і ня толькі ў Сельгаспасёлку, а і ў Серабранцы, у Лошыцы, у Грушаўцы. Калі людзі, якія жывуць у розных раёнах Менску, а гэта вялікі горад, амаль 2 мільёны, будуць лякальна дзейнічаць, уладам будзе лягчэй. Калі будзе створаная нейкая супольнасьць, знойдуцца кантакты паміж прадстаўнікамі розных мікрараёнаў, і калі гэта набудзе агульны гарадзкі ўзровень, уладам будзе значна цяжэй. Паводзіны ўладаў будуць залежаць ад паводзінаў людзей.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG