Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта было зроблена непрыгожа, нізка» — шэф-рэдактар «Рэгнума» Баранчык пра затрыманьне Алімкіна і Паўлаўца


Шэф-рэдактар парталу „Рэгнум“ Юры Баранчык

Супраць беларускіх аўтараў парталу «Рэгнум» Дзьмітрыя Алімкіна і Юрыя Паўлаўца заведзеныя крымінальныя справы па артыкуле 130 Крымінальнага кодэксу.

СК падазрае, што Дзьмітры Алімкін пісаў на «Рэгнум» пад псэўданімам Ала Бронь. Пад гэтым імем выйшаў артыкул, дзе Беларусь называлася «зварʼяцелай недадзяржавай», а беларускі акцэнт — «прыкметай нізкага паходжаньня». Паводле сайту belaruspartisan.org, «русафіл Юрый Паўлавец, вядомы сваім заходнерусізмам і барацьбой з «русафобіяй» . СК падазрае, што ён пісаў пад псэўданімамі Павел Юрынцаў і Мікалай Радаў. Артыкулы пад гэтымі псэўданімамі выходзілі таксама на рэсурсах «Лента.ру», «Eadaily».

«Мы, безумоўна, будзем іх падтрымліваць і абараняць, — заявіў Радыё Свабода шэф-рэдактар парталу „Рэгнум“ Юры Баранчык. — Нічога экстрэмісцкага я ня бачу. Гэта нармальны ўзровень палемікі ў Расеі. Чаму мясцовыя рабяты ўзбудзіліся гэтым, мне складана зразумець».

Нічога экстрэмісцкага я ня бачу. Гэта нармальны ўзровень палемікі ў Расеі.

У заяве Сьледчага камітэту гаворыцца, што «падчас праведзеных ператрусаў атрыманыя дадзеныя аб дачыненьні названых асобаў да супрацьпраўнай дзейнасьці і атрыманьні імі грашовых узнагарод за падрыхтоўку заказных публікацый ад грамадзяніна Беларусі, які стала жыве ў Маскве».

Выданьне Наша ніва выказала меркаваньне, што гэтым грамадзянінам можа быць Юры Баранчык, які зьяўляецца таксама кіраўніком парталу «Імпэрыя».

Даваць камэнтары наконт крымінальных справаў аўтараў «Рэгнума» Юры Баранчык пакуль адмаўляецца: «Мы ня хочам нейкім чынам падставіць нашых рабят, бо вы ведаеце, як працуе нашая сыстэма». Ён паведаміў, што праваахоўныя органы Беларусі да яго асабіста ці да парталу «Рэгнум» не зьвярталіся. Ён таксама ня ведае, ці пагражае яму нешта ў Беларусі, і ад плянаў наведваць краіну пакуль не адмаўляецца.

Пра затрыманьне Паўлаўца і Алімкіна ў Рэгнуме даведаліся зь беларускіх СМІ.

«Адразу магу сказаць, што ўсё гэта было зроблена непрыгожа, нізка, як гэта ў нас у рэспубліцы робіцца», — кажа Баранчык. Ён заяўляе, што рэсурсы кшталту «Рэгнуму» і «Імпэрыі» зьяўляюцца пляцоўкамі для палемікі. «Мы на Рэгнуме спакойна даем слова Дзерманту (Аляксей Дзермант — галоўны рэдактар сайту Imhoclub.by — РС.) і любым людзям, якія могуць трымаць сябе ў руках і аргумэнтавана нешта гаварыць. У нас Карач (Вольга Карач — кіраўніца кампаніі „Наш дом“ — РС.) рэгулярна дае камэнтары».

Усё гэта было зроблена непрыгожа, нізка, як гэта ў нас у рэспубліцы робіцца

У той жа час, кажа Юры Баранчык, Беларускі партызан і Imhoclub, да якіх яны зьвярталіся з прапановамі супрацоўніцтва, ім адмовілі.

«Мы зьвярталіся на на той жа Імхоклюб, якім кіруе Дзермант, Дзермант адмовіўся пускаць мяне на гэтую пляцоўку, каб я змог пісаць. А мы на Рэгнум яго запрашалі», — распавядае Юры Баранчык.

Таму, лічыць Юры Баранчык, «нашая ўлада беларуская, што апазыцыя, яны ў гэтым сэнсе «браты-блізьняты». «Апазыцыя імкнецца прыбраць нармальных экспэртаў са сваіх пляцовак, а ўлада спрабуе „закрыць“», — кажа ён.

«Калі б улады спрабавалі ўступіць з намі ў зьмястоўны дыялёг, але ж яны гэтага ня могуць. Павал Ізотавіч Якубовіч замест таго, каб уступіць у зьмястоўную дыскусію, апускаецца да нізот, скланяючы прозьвішча, у тым ліку маё. І гэта галоўны рэдактар дзяржаўнай газэты? Гэта ўзровень людзей, якія кіруюць нашай інфармацыйнай мэдыйнай плыньню? У нармальным грамадзтве такім людзям руку не падаюць, а ён у нас галоўны рэдактар газэты Адміністрацыі прэзыдэнта. Вось у чым праблем насамрэч, а ня ў тым, што людзі нешта напісалі», — лічыць Юры Баранчык.

Думаю, што праблемы ўзьніклі абсалютна на іншым узроўні паміж Беларусью і Расеяй, і вырашылі адыграцца на людзях, якія пра гэта «ні сном, ні духам».

Паводле ягонага меркаваньня, затрыманыя Дзьмітры Алімаў і Юры Паўлавец «не пісалі нічога страшнага».

«Думаю, што праблемы ўзьніклі абсалютна на іншым узроўні паміж Беларусью і Расеяй, і вырашылі адыграцца на людзях, якія пра гэта «ні сном, ні духам», — заяўляе шэф-рэдактар парталу «Рэгнум» Юры Баранчык.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG