Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка назваў найлепшых працаўнікоў праваленай «пяцігодкі»


Аляксандар Лукашэнка 2 сьнежня ў Палацы Незалежнасьці выдаў дзяржаўныя ўзнагароды 36 работнікам розных галінаў паводле вынікаў «пяцігодкі». Афіцыйны сайт кіраўніка Беларусі называе толькі 7 імёнаў, поўны сьпіс узнагароджаных пакуль афіцыйна не апублікаваны.

Узнагароды атрымалі:

Вячаслаў Бурскі, гендырэктар «БелОМА» (заводу Вавілава), — ордэн Айчыны ІІ ступені. Супраць названага заводу цягам «пяцігодкі» ЗША ўвялі і скасавалі санкцыі.

Анатоль Капскі, гендырэктар Барысаўскага заводу аўтатрактарнага электраабсталяваньня і ФК БАТЭ — ордэн Пашаны. Быў у ініцыятыўнай групе Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году.

Мікалай Радаман, старшыня агракамбінату «Сноў» — ордэн Айчыны ІІІ ступені. Быў даверанай асобай Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах-2015.

Мікалай Корбут, памочнік прэзыдэнта, — ордэн Айчыны ІІІ ступені. Касіў траву з Дэпард’ё і частаваў Сыгала.

Сямён Шапіра, старшыня Менаблвыканкаму, — ганаровае званьне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі». Скараціў дзяржапарат толькі на 10-20% пры задачы 50%.

Леанід Гуляка, Упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, — ганаровае званьне «Заслужаны дзяяча культуры». Крытыкаваў каталіцкую царкву за тое, што яна «займаецца палітыкай» і прыцягвае да службы замежных грамадзянаў.

Настасься Масквіна, салістка Опэрнага тэатру, — ганаровае званьне «Народная артыстка». Выконвала галоўную партыю ў «Вішнёвым садзе» на сцэне Вялікага тэатру Расеі.

Неназваныя прадстаўнікі сілавых структураў — ордэны «За службу Радзіме» ІІІ ступені.

Неназваныя работнікі вытворчай сфэры — ордэн Пашаны.

Неназваныя працаўнікі аграпрамысловага комплексу — узнагароды не называюцца.

Неназваныя лекары, прадстаўнікі РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі, Менскай абласной радзільні — узнагароды не называюцца.

Неназваныя спартоўцы і трэнэры — узнагароды не называюцца.

Узнагароды выдаваліся паводле вынікаў «чацьвёртай пяцігодкі» (2010-2015), у якой усе плянавыя паказьнікі былі праваленыя. Па завяршэньні яе Лукашэнка агучваў пляны на «пятую пяцігодку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG