Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На загад Лукашэнкі скароцяць дзяржапарат, але толькі на 20 %


Сямён Шапіра

Сямён Шапіра

У Менаблвыканкаме скароцяць 20% супрацоўнікаў, хаця Лукашэнка патрабаваў «хаця б палову». Гэта значыць, Сямён Шапіра выканае задачу толькі на 20-40%

Старшыня Менаблвыканкаму Сямён Шапіра паабяцаў у эфіры тэлеперадачы «Контуры» на АНТ скараціць колькасьць падначаленых на 20% — звольніць каля 100 чалавек у 493 супрацоўнікаў Менаблвыканкаму. Таксама будуць звольненыя каля 10% супрацоўнікаў райвыканкамаў.

Такія прапановы Шапіра адаслаў у Адміністрацыю Лукашэнкі для наступнага дакладу Лукашэнку. Хоць сам Лукашэнка казаў, што ставіў перад Шапірам іншую задачу:

«Я паставіў канкрэтную задачу перад Адміністрацыяй прэзыдэнта, і Сямён Барысавіч Шапіра мне паабяцаў вырашыць гэтую задачу — скараціць, хай у выніку экспэрымэнту, хаця б на першым этапе ў два разы дзяржапарат, а грошы ўсе пакінуць для гэтых дзяржаўных службоўцаў, — казаў Лукашэнка на V Усебеларускім народным сходзе. — І я паабяцаў, што мы знойдзем па-за бюджэтам грошы, каб іх падтрымаць. І што вы думаеце, гэта праблема вырашана сёньня? Я папрасіў, а сёньня я прыняў рашэньне. Таму, Андрэй Уладзіміравіч (зьвяртаецца да прэм’ер-міністра Кабякова. — РС) і Сямён Барысавіч (да Шапіры. — РС), пакладзіце мне з Косінцам (кіраўніком Адміністрацыі Лукашэнкі. — РС) на стол гэтыя прапановы па скарачэньні дзяржаўнага апарату. Я не хачу сказаць у паўтара-два разы — лепш у два разы. І паралельна — сыстэму мераў па няўхільным выкананьні прынятых рашэньняў».

Атрымліваецца, што скарачэньне дзяржапарату на 10-20% пры задачы ў 50% «хай у выніку экспэрымэнту, хаця б на першым этапе» — гэта выкананьне задачы на 20-40%.

Скарачэньне органаў дзяржаўнага кіраваньня, фармаваньне «кампактнага» ўраду і абнаўленьне сыстэмы кіраваньня эканомікай — адно з абяцаньняў праграмы разьвіцьця Беларусі на «пятую пяцігодку». З абяцаньняў мінулай праграмы на «чацьвертую пяцігодку» ніводнае не было выкананае.

XS
SM
MD
LG